Рашэньнем МЗС Беларусі карэспандэнты Беларускай службы Радыё Свабода Алесь Дашчынскі, Алег Грузьдзіловіч, Ўладзімер Грыдзін і Аляксандра Дынько пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС для журналістаў замежных СМІ, якая дазваляе ім працаваць на тэрыторыі Беларусі.
Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз патлумачыў Свабодзе, што рашэньне аб пазбаўленьні акрэдытацыі замежных журналістаў было прынятае на падставе прадстаўленьня Мiжведамаснай камiсii бясьпекі ў інфармацыйнай сфэры пры Савеце бясьпекі Рэспублікі Беларусь. Колькі ўсяго журналістаў страцілі акрэдытацыю ў выніку гэтага рашэньня, ён назваць адмовіўся.
Вядома таксама, што сёньня былі пазбаўленыя акрэдытацыі Аляксандар Грабёнкін і Сяргей Гапон з AFP, Васіль Фядосенка і Ўладзімер Косьцін з Reuters, Тацяна Мельнічук і Тацяна Януцэвіч з ВВС, Генадзь Шарыпкін зь Міжнароднага францускага радыё, Раман Васюковіч з «Настоящего времени», Ільля Кузняцоў, Сяргей Сяргееў, Міхаіл Фамін зь нямецкага тэлеканалу ARD, Сяргей Грыц, Юры Карманаў з Associated Press.
«З МЗС Беларусі патэлефанавалі, сказалі аб ануляваньні нашай з Тацянай Януцэвіч акрэдытацыі як карэспандэнтаў ВВС, запатрабавалі вярнуць картачкі аб акрэдытацыі сёньня ці ў панядзелак, сказалі, што яны ўжо не сапраўдныя. Прычыну рашэньня не назвалі», — сказала Свабодзе Тацяна Мельнічук.
Затрыманьні журналістаў на акцыях пратэсту
27 жніўня пасьля 18-й гадзіны на плошчы Свабоды затрымалі некалькі дзясяткаў журналістаў, сярод іх фатографа Радыё Свабода Ўладзімера Грыдзіна. Журналістаў пасадзілі ў мікрааўтобус і даставілі ў Кастрычніцкае РУУС «для праверкі дакумэнтаў».
На плошчы Незалежнасьці ў 19:30 зноў пачаліся затрыманьні. Сярод дзясяткаў затрыманых і журналісты Свабоды Алег Грузьдзіловіч, Андрэй Рабчык і Алесь Дашчынскі. Стрым Свабоды сілавікі спынілі ў жывым эфіры. Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе пра больш як 200 затрыманых 27 жніўня.
28 жніўня затрымалі беларуса Ільлю Кузняцова, а таксама грамадзян Расеі Сяргея Сяргеева і Міхаіла Фаміна (усе трое былі акрэдытаваныя ў МЗС Беларусі як журналісты тэлеканалу ARD) затрымалі ў Менску напярэдадні. Ноч журналісты правялі ў РУУС, іх адпусьцілі толькі раніцай. «Склалі пратакол паводле артыкулу 23.34 (актыўны ўдзел у масавай акцыі) і пазбавілі акрэдытацыі «ў мэтах гарантаваньня інфармацыйнай бяспекі краіны», — распавёў Tut.by Ільля Кузняцоў.