Аляксандар Лукашэнка заявіў, што NATO перакінула 18 амэрыканскіх самалётаў F-16 з-пад Бэрліну да мяжы зь Беларусьсю. Лукашэнка заявіў, што ў адказ на гэты манэўр ён прывёў войска ў баявую гатоўнасьць. Мы папрасілі вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна патлумачыць, у чым сэнс гэтай перадысьлякацыі авіяцыі NATO.
— Гэтыя самалёты перакінулі на аэрадромы ў Польшчы. Гэта дастаткова часта адбываецца ў межах плянавых вучэньняў, калі іх перакідаюць на перадавыя аэрадромы. Польскія аэрадромы лічацца перадавымі, скарачаецца падлётны час да патэнцыйнага праціўніка. Гэта ідзе дзяжурная адпрацоўка. І мы так робім, і расейцы. Калі ідуць вучэньні, практыкуюцца ў рэальных сытуацыях умацаваньня на пэўным кірунку.
Цяпер у Польшчы ўвесь час ідуць вучэньні, прынамсі, да нядаўняга часу яны ішлі на некалькіх палігонах.
Я не сказаў бы, што гэта нешта экстраардынарнае. Раней мы глядзелі на гэта даволі зычліва — плянавыя вучэньні дык плянавыя, і нашыя міністэрства абароны і МЗС казалі, што мы іх не баімся.
Але цяпер ёсьць каманда баяцца. Маўляў, Захад праяўляе сваю зьвярыную сутнасьць, і мы ня можам яму гэтага дазволіць. У прынцыпе гэта нармальная сытуацыя, калі для згуртаваньня ўнутры краіны замежнага ворага папярэджваюць, што мы яму нанясем сакрушальны ўдар.
— А наколькі часта адбываюцца такія перадысьлякацыі? Наколькі я разумею, 18 самалётаў — гэта даволі шмат.
— Бывае і больш. Гэта эскадрыльля. Адбываецца гэта даволі часта. Адпрацоўваюць апэрацыі супраць патэнцыйнай агрэсіі Расеі. На вучэньнях разгортваюць сухаземныя сілы, а авіяцыя іх прыкрывае з паветра. Здаецца, гэта адбываецца ледзь не штогод. Калі не зь Нямеччыны, дык з Італіі, з базы ў Авіяна.