Незалежныя прафсаюзы, якія ўваходзяць у Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, заявілі, што бяруць на сябе каардынацыю працы дзеля стварэньня агульнанацыянальнага страйкавага камітэту.
«На прадпрыемствах Беларусі ствараюцца страйкамы. Сытуацыя ў краіне патрабуе ад нас адзінства і каардынацыі дзеяньняў, каб дамагчыся выкананьня нашых патрабаваньняў адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня сумленных выбараў. Прапануем усім камітэтам узгадніць свае дзеяньні і быць гатовымі да ўзаемадапамогі і сумесных выступаў», — гаворыцца ў заяве незалежных прафсаюзаў.
Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, выкарыстоўваючы досьвед, веды і сілы незалежных прафсаюзаў, бярэ на сябе каардынацыю працы для стварэння агульнанацыянальнага страйкавага камітэту.
Заяву падпісалі:
- старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук,
- старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Максім Пазьнякоў,
- лідэр прафсаюзу Работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч,
- старшыня Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Аляксандар Бухвостаў,
- старшыня Свабоднага прафсаюзу беларускага Мікалай Шарах.