Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абарона — сьмерць рэвалюцыі


Марш Свабоды ў Горадні, 16 жніўня 2020 году
Марш Свабоды ў Горадні, 16 жніўня 2020 году

Думкі гісторыка Алеся Краўцэвіча.

Беларуская рэвалюцыя мае дзьве выразныя адметнасьці ў параўнаньні зь іншымі (потым гісторыкі напэўна знойдуць іх больш).

Па-першае, яна была прызначаная на канкрэтны месяц і дзень году — 9 жніўня 2020 году (зь меркаваньняў бясьпекі яе называлі «абарона свайго голасу на выбарах»). А ва ўсім сьвеце народныя рэвалюцыі пачыналіся нечакана. Той жа Ўладзімір Ленін напярэдадні краху царызму ў лютым 1917 году лічыў, што да рэвалюцыі ў Расеі, можа быць, дажывуць толькі ўнукі ягонага пакаленьня.

Па-другое, беларуская рэвалюцыя самая мірная ў сьвеце, не ў малой ступені таму, што яе ўзначалілі жанчыны. Пратэстоўцы ня б’юць вітрынаў, не рабуюць крамаў, не перакульваюць і не падпальваюць машынаў, не апаганьваюць помнікаш (параўнайце са Штатамі). Супраціў бандытам-апапаўцам аказваюць выключна ў рамках артыкулу 34 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь «Неабходная абарона» (як гісторык бачу тут ледзь не генэтычную памяць трох з паловай стагодзьдзяў дзеяньня Літоўскага Статуту).

У Расеі нас лічаць узорам цывілізаванай нацыі — «Беларусы пасьля пратэсту прыбіраюць за сабой паперкі!»

Але ёсьць і жалезныя няўмольныя заканамернасьці, якія абавязкова павінны быць датрыманыя.

Самая галоўная, зноў жа паводле Леніна (прашу прабачыць, сядзіць у галаве з савецкага унівэрсытэту) — абарона ёсьць сьмерць рэвалюцыі. (Дакладная цытата трохі іншая, але яна нам не пасуе: «Абарона ёсьць сьмерць узброенага паўстаньня»).

Марш Свабоды ў Горадні 16 жніўня 2020 году
Марш Свабоды ў Горадні 16 жніўня 2020 году

Таму вельмі цешыць і абнадзейвае дынаміка мірнага беларускага пратэсту. Контаррэвалюцыйны тэрор пратрымаўся няпоўныя тры дні. Яшчэ вечарам у панядзелак 10 жніўня амапавец у цэнтры Горадні абяцаў мне выпусьціць кішкі, а ўжо ў сераду 12-га пад вечар пайшлі першыя пратэставыя сыгналы ад рабочай клясы з буйных прадпрыемстваў. Адбыўся пералом. У пятніцу я ўжо бяз страху прамаўляў на мітынгу пад самым гарвыканкамам. У суботу пратэстоўцы ўжо былі перад тэлевізіяй і турмамі, у нядзелю — агульнанацыянальны Марш за свабоду, з панядзелка — агульнанацыянальны страйк.

Цешыць, што большасьць людзей разумее і адчувае — нельга спыняцца, неабходна ўвесь час нарошчваць ціск празь мірны пратэст з прыцягненьнем усё большых масаў людзей. Сёньня ў кожнага грамадзяніна ёсьць шанец без асаблівай небясьпекі далучыцца — проста прайсьці ў калёне ці пастаяць на мітынгу, каб потым з гонарам апавядаць дзецям і ўнукам, як змагаўся за свабоду.

Мы, беларускі народ, перамагаем. Нашы лёзунгі простыя і даступныя для разуменьня кожнаму: «Свабоду палітзьняволеным!», «Адстаўка Лукашэнкі!», «Новыя сумленныя выбары!»

Праект пераходнага пэрыяду з захаваньнем улады Лукашэнкі абсурдны. Дыктатар у неадэкваце і, як толькі пратэст супакоіцца, нікому мала ня будзе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG