Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністры замежных спраў ЭЗ папрасілі Эўракамісію выпрацаваць праект санкцый супраць Беларусі


ПАдчас відэасустрэчы 14 жніўня міністры замежных спраў Эўразьвязу вырашылі папрасіць Эўракамісію выпрацаваць праект санкцый супраць беларускіх уладаў у сувязі з падзеямі ў Беларусі падчас прэзыдэнцкай кампаніі і пасьля яе.

Пра гэта паведамляе карэспандэнт Свабоды ў Брусэлі са спасылкай на міністра замежных спраў Літвы Лінаса Лінкявічуса і іншыя крыніцы.

Лінкявічус, у прыватнасьці, сказаў:

«У нас было некалькі канкрэтных прапаноў. Як і многія іншыя, я таксама прапанаваў увесьці індывідуальныя санкцыі супраць тых, хто фальсыфікаваў выбары, і тых, хто ўжываў празьмерную сілу — супраць кіраўніцтва міністэрства ўнутраных справаў і кіраўніцтва АМАПу. Я б сказаў, большасьць падтрымала гэта, і Эўракамісія пачне тэхнічны працэс. Тады я таксама прапанаваў стварыць фонд для ахвяраў рэпрэсій. Гэтая прапанова атрымала шырокую падтрымку, у тым ліку Эўракамісіі. Таму я спадзяюся, што мы распрацуем падрабязнасьці і ўмовы. (…) Я таксама падтрымаў ініцыятыву пасяджэньне Рады ААН па правах чалавека ў Жэнэве. (…) Хутчэй за ўсё, будзе арганізавана нейкая місія, каб паехаць у Менск і шукаць дадатковую інфармацыю пра тое, што там адбываецца. І, безумоўна, вельмі важна наладзіць дыялёг у грамадзтве».

14 жніўня кіраўнікі МЗС краін ЭЗ сабраліся на пазачарговае пасяджэньне, каб абмеркаваць сваю рэакцыю на сытуацыю ў Беларусі.

Шосты дзень у Беларусі працягваюцца акцыі пратэстаў супраць вынікаў выбараў, пераможцам якіх Цэнтравыбаркам назваў Аляксандра Лукашэнку. У выніку пратэстаў сілавікі затрымалі каля 7000 чалавек, сотні людзей атрымалі сур'ёзныя пашкоджаньні, раны. Многія заяўляюць пра катаваньні супрацоўнікамі АМАПу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG