Брутальным дзеяньням, якія адбываюцца ў Беларусі, ня месца ў Эўропе XXI стагодзьдзя, заявіў міністар замежных спраў Нямеччыны Гайка Маас, паведамляе БелаПАН.
«Пры неабходнасьці мы прадоўжым узмацняць націск на ўлады, каб Беларусь прытрымлівалася сваіх міжнародных абавязаньняў», — сказаў кіраўнік нямецкай дыпляматыі на прэс-канфэрэнцыі аб выніках перамоў з нарвэскай калегай Іне Эрыксэн Сёрэйдэ 13 жніўня ў Бэрліне.
Ён нагадаў, што 14 жніўня кіраўнікі МЗС краін ЭЗ зьбяруцца на пазачарговае пасяджэньне, каб абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі.
«Цяпер ідуць інтэнсіўныя перамовы кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў дзяржаў-удзельніц на прадмет рэагаваньня на разьвіцьцё падзей там. Для мяне абсалютна відавочна, што брутальныя дзеяньні і шматлікія арышты дэманстрантаў і журналістаў у Эўропе XXI стагодзьдзя недапушчальныя», — заявіў Маас.
Паводле яго, неабходна запатрабаваць ад беларускіх уладаў выконваць правы чалавека, свабоду слова і свабоду думак. Акрамя таго, на сустрэчы міністраў трэба падняць пытаньне пра санкцыі, якое цяпер актыўна дыскутуецца.
«Спадзяюся, да заўтрашняга пасяджэння мы прыйдзем да адзінага рашэньня», — сказаў кіраўнік МЗС Нямеччыны.