Прэс-сакратарка МУС Беларусі Вольга Чамаданава заявіла Свабодзе, што колькасьць пратэстоўцаў мінулай ноччу была меншай, як і колькасьць гарадоў, дзе адбываліся пратэсты.
Дакладная інфармацыя пакуль апрацоўваецца і ўзгадняецца.
«Мы рыхтуем адпаведную інфармацыю, узгоднім яе з рознымі ведамствамі, праверка і зьверка займаюць некаторы час, у тым ліку нам трэба атрымаць інфармацыю з Міністэрства аховы здароўя аб параненых».
З нагоды затрыманьня журналістаў, паломкі сілавікамі іх фота і відэакамэр, канфіскацыі флэшкартак Чамаданава сказала, што яна ў курсе гэтай інфармацыі, асабіста сочыць за такімі паведамленьнямі.
«Я пра гэтую сытуацыю далажыла нашаму кіраўніку ведамства, ужо была яго рэакцыя. Я думаю, што гэта не застанецца па-за ўвагай».
На пытаньне пра кепскія ўмовы ўтрыманьня затрыманых у турмах яна сказала:
«Мы за гэтым сочым, іх утрымліваюць ня толькі ў ЦІП у Менску, але і ў іншых установах па ўсёй краіне, побыт і харчаваньне іх арганізаваныя ў адпаведнасьці зь дзейнымі нормамі».
Прэсавы сакратар Міністэрства здароўя Беларусі Юлія Барадун сказала Свабодзе, што на гэты момант інфармацыя аб параненых цягам пратэстаў яшчэ не сабраная: «Яшчэ ня ўсе вобласьці адзваніліся. Будзе пазьней»