Вераніка Цапкала пакуль ня мае кантакту са Сьвятланай Ціханоўскай і Марыяй Калесьнікавай, але плянуе працягнуць сумесную працу ў рамках абʼяднанага штабу.
Жонка былога кіраўніка ПТВ Валера Цапкалы цьвердзіць, што ў нядзелю вярнулася ў Менск, але з прычынаў бясьпекі мусіла зноў зьехаць. Яна разглядае зварот яе мужа да прэзыдэнта Расеі ў рэчышчы іншых яго зваротаў да кіраўнікоў 32 краін і тлумачыць камэнтар Лукашэнкі пра «авечак» нізкім узроўнем культуры кіраўніка дзяржавы.
Сьцісла
- Я ганаруся тым, што людзі выяўляюць сваю грамадзянскую пазыцыю і выходзяць на мірныя акцыі пратэсту. Гэта не забаронена законам.
- Сьвятлана правяла некалькі гадзінаў у ЦВК, пасьля чаго было прынятае рашэньне зьехаць. Гэта ня дзіўна, бо яе муж у закладніках.
- Апошнія 26 гадоў Лукашэнка абражае і прыніжае людзей. Мяне гэта не зьдзіўляе, бо вельмі нізкая культура ў кіраўніка дзяржавы. Ён нікога не паважае.
- Ніякага падтэксту, ніякага расейскага сьледу, рукі Крамля ці любой іншай краіны ў зваротах Валера Цапкалы няма. Ён ні зь кім не зьвязаны, акрамя як з нашымі людзьмі і нашым народам.
«Вельмі хачу вярнуцца ў Беларусь і падтрымаць нашых людзей у мірных пратэстах»
— Дзе вы цяпер знаходзіцеся?
— 9 жніўня я галасавала ў амбасадзе Беларусі ў Маскве. Я хацела правесьці час са сваімі дзецьмі, якіх даўно ня бачыла. У ноч на панядзелак я вярнулася ў Менск. Дзень правяла ў Менску, інтэрнэту не было, сувязь практычна адсутнічала. Апошнім часам адбываецца велізарная колькасьць затрыманьняў у тым ліку і сяброў штабоў, многія супрацоўнікі нашага штабу былі затрыманыя. Я пабыла ў Менску адзін дзень і атрымала інфармацыю з надзейных крыніцаў, што мяне плянуюць затрымаць. Таму ў ноч на панядзелак я пакінула Менск і зноў вярнулася ў Маскву.
— Ці вы плянуеце там заставацца, альбо паедзеце ў Польшчу да мужа?
— Ён ужо ня ў Польшчы. Я выехала часова, вельмі хачу вярнуцца ў Беларусь, хачу падтрымаць нашых людзей у мірных пратэстах. Я выехала пакуль часова, каб дапамагаць змагацца за нашыя правы з тэрыторыі суседняй дзяржавы. Зьвяртаю ўвагу, што да гэтага Расейская Фэдэрацыя ніякага дачыненьня ня мае. Я выехала ў Расею з мэтай бясьпекі.
— Ці вы гаварылі са Сьвятланай пра яе рашэньне зьехаць?
— Я зь ёй яшчэ не гаварыла. Я думаю, што на яе быў ціск, нейкае ўзьдзеяньне. Яна правяла некалькі гадзінаў у ЦВК, пасьля чаго было прынятае рашэньне зьехаць. Гэта ня дзіўна, бо яе муж у закладніках. Мяркую, што ціск аказваўся праз мужа ці праз дзяцей. Я перакананая, што была сурʼёзная прычына, як і ў маім выпадку. Я разумею, што калі я прыеду, магу быць арыштаваная.
«На прэзыдэнцкіх выбарах перамагла Сьвятлана»
— Ужо зьявілася першая ахвяра пратэстаў. Якая ваша рэакцыя? Якое ваша стаўленьне да супрацьстаяньня паміж мірнымі грамадзянамі і сілавікамі, якое адбываецца на вуліцах беларускіх гарадоў?
— Я лічу, што на прэзыдэнцкіх выбарах перамагла Сьвятлана. Мы гэта бачылі і па чэргах, і па выніках экзыт-полаў, і па тых пратаколах, якія выкладваюць у інтэрнэце неабыякавыя грамадзяне. Афіцыйна былі агучаныя зусім іншыя лічбы, я мяркую, што Лукашэнка пераблытаў. 80% — гэта была лічба падтрымкі Сьвятланы Ціханоўскай, а не яго. Людзі маюць права на мірныя пратэсты. Бяззбройныя людзі выходзяць на вуліцы, у іх запускаюць шумавыя гранаты, іх паліваюць вадой, бʼюць дубінкамі. Не ўяўляю, як можна настолькі не любіць свой народ, каб аддаваць такія злачынныя загады.
Я ганаруся тым, што людзі праяўляюць сваю грамадзянскую пазыцыю і выходзяць на мірныя акцыі пратэсту. Гэта не забаронена законам. Адбылася фальсыфікацыя выбараў, і людзі спрабуюць адстаяць свой голас. Страйкі, мірныя мітынгі — усё гэта дазволена ў рамках заканадаўства, калі людзі ня згодныя з тым пунктам гледжаньня, які агучыла дзейная ўлада.
Беларускі народ ня просіць нечага экстраардынарнага, беларускі народ просіць сумленных, адкрытых выбараў. Я сама некалькі разоў зьвярталася да праваахоўных органаў, прасіла іх не ўжываць сілу, не страляць, не выконваць злачынныя загады, бо мы — адзін народ.
Усе разумеюць, што людзі не выходзяць са зброяй, не грамяць аўтамабілі ці вітрыны. Мы бачым, што ўжываецца сіла ў дачыненьні да мірных грамадзянаў, што непрымальна. Я спачуваю сямʼі загінулага. Для мяне гэта такі ж боль, як і для любога беларуса. Я вельмі перажываю, тры ночы не магу спаць. Наколькі можна ненавідзець свой народ, каб ужываць сілу супраць людзей.
Ці захаваецца абʼяднаны штаб
— Цяпер Сьвятлана ў Літве, Марыя ў Менску, вы ў Расеі. Ці будуць сумесныя дзеяньні абʼяднанага штабу?
— Каб адказаць на гэтае пытаньне, мне трэба пагаварыць са Сьвятланай. Пакуль у мяне няма сувязі з Марыяй і Сьвятланай. У Менску я спрабавала зь імі зьвязацца, але там цалкам быў адключаны інтэрнэт, тэлефонная сувязь. Праз VPN я падключылася да інтэрнэту, напісала, але адказу не атрымала. Але я перакананая, што сумесныя дзеяньні будуць. Мы гэтыя выбары не прайгралі. Сьвятлана гэтыя выбары выйграла.
— Наколькі зьвязаны зь дзейнасьцю абʼяднанага штабу Валер Цапкала? Наколькі вашыя заявы і дзеяньні скаардынаваныя? Ці ён сам па сабе, а вы самі па сабе?
— Гледзячы якія. У цэлым у нас заўсёды былі скаардынаваныя дзеяньні да выбараў, створаныя працоўныя групы з прадстаўнікоў трох штабоў. Любыя дзеяньні мы ўзгаднялі. Цяпер у сувязі з тым, што ёсьць вялікія праблемы з сувязьзю, мы ня можам з многімі людзьмі зьвязацца — не дазваніцца, не дапісацца. Улады пайшлі на такія нізкія мэтады, калі цалкам выключылі ўсе сродкі камунікацыі. Кантакты ўскладненыя.
«Гэты чалавек дрэнна выхаваны»
— Вас трох учора Аляксандар Лукашэнка назваў «авечкамі». Як бы вы гэта пракамэнтавалі?
— Нам да гэтага не прывыкаць. Апошнія 26 гадоў Лукашэнка абражае, прыніжае, ён і прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта называў рознымі дрэннымі словамі. Мяне гэта не зьдзіўляе, бо вельмі нізкая культура ў прэзыдэнта. Ён нікога не паважае. Гэты чалавек дрэнна выхаваны.
— Вы паставілі на вокладку ў сябе на старонцы ў Фэйсбуку здымак жанчын падчас акцыі пратэсту. Як вы бачыце ролю жанчын у часе гэтых пратэстаў? Ці варта ім выходзіць у такі небясьпечны час на вуліцы?
— Цяжка сказаць. У гэтай кампаніі жанчыны паказалі мужнасьць, самаадданасьць, рашучасьць, моц, характар, волю да перамогі. Я чаму зьмяніла фатаздымак — бо ганаруся, што ў нас ёсьць такія жанчыны, што я сустракаюся з такімі жанчынамі. Цяпер, калі адбываецца кровапраліцьце, жанчыны ў кожным разе спрабуюць падтрымаць сваіх мужчын, братоў, сыноў. Гэты здымак крануў мяне да глыбіні душы. Я захапляюся нашым народам, нашымі мужчынамі і жанчынамі, усімі, хто неабыякавы да гэтай няроўнай барацьбы.
— Як дзеці рэагуюць на тое, што адбываецца?
— Яны яшчэ малыя, каб зразумець, што адбываецца. Але яны бачаць мой стан, навіны ў інтэрнэце. Яны ня могуць паверыць, што гэта адбываецца ў іх краіне, іх родным горадзе. Яны пытаюцца, калі гэта скончыцца, бо хочуць дадому.
— Дзе цяпер Валер Цапкала знаходзіцца?
— Ён перасоўваецца па розных краінах. Адзін дзень у адной краіне, другі — у другой. Ён кантактуе зь міжнароднай супольнасьцю. Нядаўна ён выслаў ліст на імя кіраўнікоў дзяржаваў пра сытуацыю ў Беларусі. Гэта прыцягненьне міжнароднай увагі да сытуацыі ў Беларусі.
— Вы, напэўна, заважылі, якую нэгатыўную рэакцыю выклікаў ягоны зварот да кіраўніцтва Расеі.
— Ён зьвярнуўся да 32 краін. Адзінае, чаго ён хацеў, — каб Расея не падтрымлівала недэмакратычныя выбары. Рэакцыя была двухсэнсоўная, але ён зьвяртаўся да Пуціна як да дзейнага кіраўніка ў гэтай краіне менавіта па дапамогу ў правядзеньні свабодных і справядлівых выбараў.
Ніякага падтэксту, ніякага расейскага сьледу, рукі Крамля ці любой іншай краіны ў ягоных зваротах няма. Ён ні зь кім не зьвязаны, акрамя як з нашымі людзьмі і нашым народам.
Пасьля размовы Вераніка Цапкала выступіла з адкрытым зваротам.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.