Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі ЭЗ у дачыненьні да ўладаў Беларусі могуць быць прынятыя да канца жніўня


Наступствы прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і адказ ЭЗ, улучна з магчымым аднаўленьнем санкцыяў, будуць разгледжаныя на нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў МЗС краінаў ЭЗ 27-28 жніўня ў Бэрліне. Пра гэта паведаміла агенцтву ТАСС у аўторак дыпляматычная крыніца ў Брусэлі.

«Сытуацыя ў Беларусі і дзеяньні Эўразьвязу ў адказ, улучна з пытаньнем аб аднаўленьні дзеяньня санкцыяў, будуць абмяркоўвацца на нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў МЗС 27-28 жніўня ў Бэрліне, — заявіла крыніца. — Цяпер працягваюцца інтэнсіўныя кансультацыі паміж усімі краінамі ЭЗ аб сытуацыі ў Беларусі».

Паводле крыніцы, цяпер «шэраг краін ЭЗ выступілі з ініцыятывай аднаўленьня дзеяньня санкцыяў ЭЗ супраць кіраўніцтва Беларусі, у тым ліку прэзыдэнта Лукашэнкі і кіраўнікоў сілавых структураў, адказных за ўнутраныя рэпрэсіі».

Доўгі час — з 2004 да 2016 году дзейнічаў рэжым забаронных захадаў у дачыненні да кіраўніцтва Беларусі і яго атачэньня, уведзены за парушэньне прынцыпаў дэмакратыі і правоў чалавека.

«Гэты фармат можа быць адноўлены», — паведаміла крыніца.

Эўракамісія пацвердзіла

У сваю чаргу, гэты сцэнар пацьвердзіў і прадстаўнік зьнешнепалітычнай службы ЭЗ Пэтэр Стана на брыфінгу ў Брусэлі:

«Міністры замежных справаў правядуць нефармальную сустрэчу ў канцы жніўня, дзе яны абмяркуюць сытуацыю ў Беларусі».

Адказваючы на пытанне пра магчымасць санкцыяў, ён падкрэсьліў, што «ўсе магчымасьці разглядаюцца, аднак спачатку неабходна завяршыць поўны аналіз сытуацыі».

Пэтэр Стана таксама заявіў, што ЭЗ мае «абгрунтаваныя сумневы» ў дакладнасьці падліку галасоў выбарнікаў. Паводле яго, гэтыя сумневы грунтуюцца толькі на інфармацыі незалежных назіральнікаў у Беларусі, бо ў краіну не былі дапушчаныя назіральнікі АБСЭ.

Кіраўнік зьнешнепалітычнай службы ЭЗ Жузэп Барэль раней напісаў у «Твітэры», што кіраўнікі МЗС ЭЗ цяпер рыхтуюць дэклярацыю па сытуацыі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

ЭЗ і NATO асудзілі дзеяньні сілавікоў

У панядзелак кіраўніца Эўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, старшыня Эўрапейскай рады Шарль Мішэль, сьпікер Эўрапарлямэнту Давід Сасолі, кіраўнік зьнешнепалітычнай службы ЭЗ Жузеп Барэль, а таксама генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг распаўсюдзілі блізкія паводле сэнсу заявы, у якіх назвалі непрымальнымі і дыспрапарцыйнымі дзеяньні беларускіх сілавікоў у дачыненьні да пратэстоўцаў пры разгоне масавых акцыяў у ноч пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Кіраўнікі інстытутаў ЭЗ таксама заклікалі да «публікацыі сапраўдных дадзеных аб выніках галасаваньня». У сваю чаргу Эўрапейская народная партыя, найбуйнейшая наднацыянальная палітычная партыя ЭЗ, у сваёй заяве заклікала да ўвядзеньня санкцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі і да аднаўленьня праграмаў падтрымкі з Брусэлю беларускай грамадзянскай супольнасці. (edited)

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG