Украінскі журналіст, публіцыст і тэлевядучы Віталь Портнікаў даў ацэнку беларускаму пратэсту, які ён называе бунтам, ад’езду Сьвятланы Ціханоўскай і адсутнасьці далейшай стратэгіі барацьбы.
Сьцісла
- Мы можам гаварыць цяпер не пра палітычны пратэст, а пра бунт, паўстаньне зь непрадказальнымі пакуль ні для кога наступствамі.
- Выпадковыя людзі, якія не адчуваюць ніякай адказнасьці ня толькі за краіну, а нават і за людзей, якія выходзяць на вуліцу, якія адстойваюць галасы, які за іх аддалі.
- Ціханоўская — абсалютна выпадковы чалавек у беларускім жыцьці, нават не палітычным, як і яе муж.
- У Беларусі ніколі не было прэзыдэнцкіх выбараў. Увогуле ніколі ў гісторыі гэтай краіны. Нават у 1994 годзе.
- Кандыдатка на прэзыдэнта Сьвятлана Ціханоўская запісвае свой зварот аб дэзэртырстве зь беларускай палітыкі на чужой для беларусаў расейскай мове.
«Сытуацыя была б іншай, калі б пратэст меў ня толькі палітычнага лідэра, але былі б і палітычныя партыі і сілы, здольныя ўзначаліць яго»
— Пэрспэктывы беларускага пратэсту ў гэтай сытуацыі залежаць ад колькасьці беларусаў, гатовых рызыкаваць сваім жыцьцём дзеля зрынаньня рэжыму Лукашэнкі, і ад колькасьці людзей, што разумеюць, якая будзе далейшая хада падзеяў пасьля зьвяржэньня гэтага рэжыму. Фактычна былі адхіленыя ад удзелу ў палітычным працэсе рэальныя апазыцыйныя лідэры, кандыдаты, яны былі замененыя абсалютна выпадковымі людзьмі, якія не адчуваюць ніякай адказнасьці ня толькі за краіну, а нават і за людзей, якія выходзяць на вуліцу, якія адстойваюць галасы, аддадзеныя за іх Гаварыць пра тое, якім будзе пратэст, цяпер вельмі цяжка.
Мы можам гаварыць цяпер не пра палітычны пратэст, а пра бунт, паўстаньне зь непрадказальнымі пакуль ні для кога наступствамі. Ні з пункту гледжаньня лёсу дыктатарскага рэжыму, ні з пункту гледжаньня той колькасьці ахвяраў, якая можа быць у выніку гэтага зрынаньня. Мы нават ня можам гаварыць пра лёс беларускай дзяржавы, бо супрацьстаяньне паміж дыктатарскім рэжымам і пратэстоўцамі можа прывесьці да дэмантажу як яго інстытуцыяў, так і самой дзяржавы з наступным уключэньнем у склад Расейскай Фэдэрацыі. Гэтага таксама ў такой сытуацыі можна не пазьбегнуць.
Зразумела, што сытуацыя была б іншай, калі б пратэст меў ня толькі палітычнага лідэра, але былі б і палітычныя партыі, палітычныя сілы, здольныя ўзначаліць такі пратэст. Гаворачы пра ўкраінскі досьвед, нагадаю: у нашай краіне ўлады ў часы Леаніда Кучмы і Віктара Януковіча чынілі спробы абезгаловіць усякі сурʼёзны пратэст супраць аўтарытарызму і дыктатуры. «Без палітыкаў» — калі альбо праплачаныя ўладай актывісты, альбо карысныя ідыёты, альбо проста прыстойныя людзі, якія нічога не разумеюць у палітыцы, патрабавалі, каб палітычныя дзеячы, дэпутаты, прадстаўнікі палітычных партыяў ня ўдзельнічалі ў пратэстным руху, ніяк не адказвалі за тое, што адбываецца, каб актывісты прыходзілі без партыйных сьцягоў, і за гэтым заўсёды тырчалі вушы ці адміністрацыі прэзыдэнта Кучмы, ці прэзыдэнта Януковіча, якія цудоўна разумелі, што ў такой сытуацыі ні пра які посьпех ня можа быць і размовы. У такім выпадку пратэст рана ці позна будзе зьведзены да нуля, і пытаньне толькі ў тым, наколькі інтэнсіўным будзе ўжываньне сілы супраць гэтага пратэсту.
Нешта падобнае мы назіраем цяпер у Беларусі. Я быў глыбока ўражаны паводзінамі і заявай Сьвятланы Ціханоўскай. Я цудоўна разумею, што яна ніякі не палітычны дзяяч, яна нават ня жонка палітычнага дзеяча. Яна абсалютна выпадковы чалавек у беларускім жыцьці, нават не палітычным, як і яе муж. Абсалютна выпадковыя людзі, якія ў выніку зьнішчэньня Аляксандрам Лукашэнкам рэальнага палітычнага працэсу апынуліся на хвалі і не зразумелі сваёй меры адказнасьці. Я кажу пра саму Ціханоўскую. Калі я чую словы Ціханоўскай, што яна баіцца за сябе і сваіх дзяцей, я магу сказаць толькі тое, што палітык ставіць інтарэсы краіны і людзей, якія за яго галасуюць, вышэй за сямейныя інтарэсы, што ён гатовы гэтым ахвяраваць, што, урэшце, ён разумее меру адказнасьці і меру ахвярнасьці сваіх дзеяньняў, што гэта можа скончыцца сьмяротным зыходам для яго і яго блізкіх, для яго дзяцей. Але вынікам будзе разьвіцьцё краіны, калі ў яго ёсьць такая місія. Я, напрыклад, кажу, што я не гатовы браць на сябе такую адказнасьць, таму я не займаюся палітычнай дзейнасьцю, а займаюся журналістыкай.
«Беларускі народ у 1994 годзе адыгрываў ролю статыста, які выбіраў паміж двума кандыдатамі, настроенымі на паглыбленую інтэграцыю з Расеяй»
— Я памятаю вашу ацэнку пратэстаў «дармаедаў» у Беларусі ў 2017 годзе, калі вы казалі пра выключна эканамічны зьмест пратэсту і адсутнасьць у ім нацыянальнага складніку, бо людзі выходзілі не за лёс краіны, не за зьмены, а за свае прыватныя інтарэсы. Як вы лічыце, ці зьявіўся за апошнія некалькі месяцаў нацыянальны складнік у тым, як людзі выходзілі на вуліцу, як яны патрабавалі пераменаў?
— Я б сказаў, што гэта іншы этап. Я казаў, што людзі выходзілі адстойваць свае эканамічныя інтарэсы. Я казаў пра тое, што тое самае можа адбывацца ў любым субʼекце Расейскай Фэдэрацыі, дзе ня плацяць своечасова пэнсіі ці заробкі, дзе ўводзяць неправамоцныя падаткі. Жыхары гэтага субʼекту РФ пратэстуюць менавіта такім чынам, каб у іх палепшылася эканамічная сытуацыя. Гэта ня мае дачыненьня да працэсу нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва.
— Ці цяпер гэта зьявілася?
— Цяпер зьявілася нешта іншае. Зьявілася імкненьне людзей абараніць свае галасы, як абаранялі свае галасы на Балотнай плошчы расейцы ў Маскве. Я тады казаў, што абарона галасоў — гэта вельмі добра, але якое значэньне, колькі галасоў за «Адзіную Расею», калі гэта зусім ня выбары. У Беларусі ніколі не было прэзыдэнцкіх выбараў. Увогуле ніколі ў гісторыі гэтай краіны. Нават у 1994 годзе мы маглі гаварыць пра змаганьне паміж былымі партыйнымі апаратчыкамі і чэкістамі з Масквы. Беларускі народ у гэтай гісторыі адыгрываў ролю статыста, які выбіраў паміж двума кандыдатамі, настроенымі на паглыбленую інтэграцыю з Расеяй, на фактычны дэмантаж пэрспэктываў беларускай дзяржаўнасьці, а пасьля 1994 году нават гэтую дэкарацыю прыбралі. Беларускае грамадзтва ніколі не жыло ў сытуацыі выбараў. Цяпер яно захацела ў гэтай сытуацыі пражыць, наблізіцца да яе. Вы ідзяце на выбары, і вам потым даюць вынік, які ня мае ніякага дачыненьня да таго, за што вы галасавалі. А далей што? Якая задача?
У вас выпадак, калі Лукашэнка сыходзіць. Я ўсё ж лічу, што наступны этап, калі ён калісьці наступіць, — гэта тыя лёзунгі, зь якімі ўкраінцы выходзілі на Майданы. Яны выходзілі спачатку за свабоду свайго выбару, за Віктара Юшчанку, які нікуды не зьяжджаў і быў прыхільнікам эўрапейскай інтэграцыі сваёй краіны, і найважнейшае — украінскай Украіны, самадастатковай дзяржавы. А ў 2014 годзе ўкраінцы казалі «Сыходзь!» Януковічу, як цяпер беларусы, і яны выступалі за эўрапейскую інтэграцыю Ўкраіны.
Калі мы пабачым на гэтых прастэстах лёзунгі, якія заклікаюць ня проста да адстаўкі Лукашэнкі, ня проста да новых выбараў, а да будаўніцтва дэмакратычнай, эўрапейскай Беларусі, галоўнай задачай якое будзе ўступленьне ў ЭЗ і NATO, і адмова ад саюзу з Расеяй, калі гэтыя лёзунгі будуць пераважаць над лёзунгамі адстаўкі Лукашэнкі і нават эканамічнага дабрабыту Беларусі, бо за эўраатлянтычную інтэграцыю трэба плаціць, у тым ліку і, магчыма, часовым пагаршэньнем жыцьцёвага ўзроўню для пакаленьняў людзей, тады гэта будзе рэальны прагрэс, тады мы зможам сказаць, што маем справу з адказным грамадзтвам, прадстаўнікі якога гатовыя ахвяраваць уласнымі пэрспэктывамі сёньня дзеля таго, каб іхныя дзеці жылі ў дэмакратычнай эўрапейскай краіне заўтра.
Я як грамадзянін Украіны вельмі хачу, каб была такая Беларусь, каб Беларусь была разам з намі ў Эўропе, разам з намі ў NATO, каб выйшла з дамовы аб калектыўнай бясьпецы і Эўразійскага эканамічнага саюзу. Мяне абсалютна не цікавіць прозьвішча прэзыдэнта Беларусі, які будзе захоўваць сваю краіну ў гэтых абʼяднаньнях — Лукашэнка, Ціханоўская, Бабарыка, Цапкала. Няважна, якім будзе прозьвішча чалавека, дзейнасьць якога будзе накіраваная на нівэляваньне палітыкі зьнішчэньня ідэнтычнасьці беларускага народу, яго мовы, культуры, гістарычнай памяці, усяго таго, што працягвалася ў беларускай гісторыі з 1994 па 2020 год і канца чаму не відаць.
Кандыдатка на прэзыдэнта Сьвятлана Ціханоўская запісвае свой зварот аб дэзэртырстве зь беларускай палітыкі на чужой для беларусаў расейскай мове. Нават у гэтай трагічнай для краіны сытуацыі яна не пераходзіць на мову, якая зьяўляецца дзяржаўнай і падставовай для яе дзяржавы. Гэтай сувязі ніколі не адчуваў дыктатар Беларусі. І важна, каб гэтую сувязь адчулі самі людзі, якія выходзяць на вуліцы.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.