Міністар замежных справаў нямеччыны Гайка Маас заявіў у аўторак падчас супольнай прэс-канфэрэнцыі з кіраўніком МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым, што Эўразьвяз мусіць вярнуцца да пытаньня аб санкцыях супраць Менску, якія былі зьнятыя ў 2016 годзе.
«Што тычыцца Беларусі і нядаўніх падзеяў, Эўрапейскі зьвяз быў адмяніў санкцыі супраць Беларусі, бо Беларусь распачала крокі ў правільным кірунку, напрыклад, вызваліла палітвязьняў, але тут, аднак, мы вельмі сур’ёзна павінны будзем абмеркаваць у Эўрапейскім саюзе, што з улікам падзеяў апошніх тыдняў і апошніх дзён, ці можам мы пакінуць адмену санкцыяў у сіле, ці гэтае рашэньне мусіць быць нейкім чынам перагледжанае», — сказаў Маас у аўторак падчас супольнай прэс-канфэрэнцыі з кіраўніком МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым.
Гайка Маас заклікаў неадкладна вызваліць затрыманых раней у Беларусі мірных дэманстрантаў і журналістаў.
«Яшчэ раз хачу падкрэсліць: мы заклікаем да таго, каб тыя, што мірным чынам, карыстаючыся сваім дэмакратычным правам, выйшлі на вуліцы, былі неадкладна вызваленыя. <...> І ў той самай меры гэта тычыцца журналістаў, якім пры выкананні іх службовых абавязкаў ня толькі перашкаджалі, але і затрымлівалі іх. Яны таксама мусяць быць вызваленыя, і неадкладна», — заявіў Маас.