Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія сэнатары аднагалосна ўхвалілі рэзалюцыю пра выбары ў Беларусі


Кангрэс ЗША
Кангрэс ЗША

Амэрыканскія сэнатары аднагалосна і без паправак ухвалілі рэзалюцыю з заклікам да свабодных, справядлівых і празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Пра гэта паведамляе сайт Кангрэсу ЗША.

У канцы ліпеня прыняць рэзалюцыю прапанавалі сэнатары Рычард Дурбін, Марка Рубіё і Бэн Кардын.

У рэзалюцыі гаворыцца пра тое, што ўсе кандыдаты павінны былі б атрымаць доступ да выбарчага працэсу, але і на ранейшых выбарах Аляксандар Лукашэнка арганізоўваў нядопуск і зьняволеньне сваіх ключавых апанэнтаў.

Рэзалюцыя:

  • асуджае палітычны матыў арышту і турэмнага зьняволеньня апазыцыйных кандыдатаў у Беларусі, у тым ліку Сяргея Циханоўскага, Віктара Бабарыки і Мікалая Статкевіча, і заклікае да іх неадкладнага вызваленьня і магчымасьці ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі 9 жніўня 2020 года;
  • асуджае адвольную дыскваліфікацыю Цэнтральнай выбарчай камісіяй Беларусі большасьці патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцкія выбары
  • асуджае перасьлед і адвольныя арышты мірных дэманстрантаў, апазыцыйных партыяў, праваабаронцаў і незалежных СМІ ўладамі ў Беларусі

Рэзалюцыя заклікае Беларусь правесьці 9 жніўня 2020 года свабодныя, справядлівыя і інклюзіўны прэзыдэнцкія выбары, якія адпавядаюць міжнародным стандартам і якія прадугледжваюць надзейны міжнародны маніторынг выбараў.

«Я ніколі не забуду, як у студзені 2011 году наведваў сем’і апазыцыйных кандыдатаў, зьняволеных Лукашэнкам за тое, што яны мелі сьмеласьць супернічаць зь ім у сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбарах за месяц да таго, — сказаў сэнатар Дурбін падчас прадстаўленьня праекту рэзалюцыі напрыканцы ліпеня — Тое, што апошні дыктатар Эўропы працягвае так нахабна адбіраць у сваіх грамадзян асноўныя свабоды, якія мае рэшта Эўропы, гэта трагедыя, якая павінна быць асуджаная».

«Беларускі народ заслугоўвае таго, каб галасы людзей былі пачутыя на свабодных, справядлівых і празрыстых выбарах, — заявіў два тыдні таму сэнатар Кардын. — 26 гадоў Лукашэнка затыкае рот палітычным апанэнтам, душыць свабоду слова і маніпулюе выбарамі. Гэтай рэзалюцыяй мы падтрымліваем беларускі народ у выказваньні, што ўжо досыць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG