Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не пускалі, а потым сказалі — позна. Як беларусы замежжа спрабуюць стаць назіральнікамі 


Пікет каля пасольства Беларусі ў Таліне, Эстонія, з патрабаваньнем свабодных і справядлівых выбараў. 29 чэрвеня 2020
Пікет каля пасольства Беларусі ў Таліне, Эстонія, з патрабаваньнем свабодных і справядлівых выбараў. 29 чэрвеня 2020

Незалежнае назіраньне за выбарамі спрабуюць арганізаваць ня толькі ў Беларусі, але і на ўчастках, якія месьцяцца ў дыпляматычных прадстаўніцтвах за мяжой. Паводле суразмоўцаў Свабоды, патрабаваньні для рэгістрацыі на месцах часам пярэчаць тлумачэньням Цэнтральнай выбарчай камісіі, а нехта ў сьпісы назіральнікаў трапляе па-за чаргой. Беларускія дыпляматы адмаўляюцца ад камэнтароў.

Беласток, Польшча

Дзьмітры Арцёменка з ініцыятывы «Сумленныя людзі» расказаў Радыё Свабода пра спробу вылучыць назіральніцу на ўчастак у консульстве Беларусі ў Беластоку.

«Нягледзячы на тлумачэньні ЦВК, консул нам сказаў, што подпісы за вылучэньне могуць ставіць толькі людзі з пашпартамі сэрыі PP, якія стаяць на консульскім уліку. А знайсьці 10 такіх людзей было няпроста».

Арцёменка кажа: калі атрымалася сабраць подпісы, у консульстве ім патлумачылі, што на гэтым участку можа быць толькі адзін назіральнік, бо ў выбарчай камісіі толькі тры чалавекі. (Паводле пастановы ЦВК колькасьць назіральнікаў ня можа быць большая за палову ад чальцоў камісіі).

«Яны сказалі, што ў іх ужо ёсьць адзін назіральнік. Мы ня ведаем, хто ён і як яго знайсьці. Мы таксама спыталіся ў консула, ці можна будзе падмяняць гэтага назіральніка ў дзень выбараў, калі таму раптам трэба будзе некуды адысьці — бо гэта ж 12 гадзін працы. Але ён адказаў, што не і што гэта нармальна — нават калі гэтаму адзінаму назіральніку трэба будзе выйсьці ў прыбіральню ці ў краму».

У сакратарыяце консульства Беларусі ў Беластоку адмовіліся камэнтаваць сытуацыю з назіраньнем на выбарах, параіўшы зьвярнуцца ў Міністэрства замежных спраў.

Санкт-Пецярбург, Расея

Кацярына Куль зарэгістравалася назіральніцай на ўчастку ў аддзяленьні пасольства ў Санкт-Пецярбургу, але яна пятая ў сьпісе, а на ўчастку можа быць ня больш за два назіральнікі.

«Калі я прынесла сваю заяву, мне сказалі, што ім трэба падумаць і што ёсьць ужо адзін назіральнік. Гэта было 21 ліпеня. А потым высьвятляецца, што я чамусьці пятая.

З подпісамі таксама ўсё было складана. Мне спачатку казалі, што падпісвацца могуць толькі тыя, хто на консульскім уліку. Потым я прынесла ліст з ЦВК, дзе тлумачыцца, што консульскі ўлік не абавязковы, што дастаткова, каб чалавек прынёс заяву, каб яго ўключылі ў сьпіс выбарнікаў».

Тэлефоны санкт-пецярбурскага аддзяленьня пасольства Беларусі ў Расеі ў другую палову дня 28 ліпеня былі недаступныя.

Вільня, Літва

Тацяна Стасіловіч расказвае, што пасольства Беларусі ў Літве ў перапісцы тлумачыла, што тамтэйшыя беларусы могуць падаць дакумэнты на вылучэньне назіральнікамі ў любы час. Але калі людзі сапраўды прыходзілі з дакумэнтамі і подпісамі, іх не пускалі на тэрыторыю пасольства і казалі прыйсьці ў канкрэтны час 24 ліпеня, калі будзе працаваць выбарчая камісія.

«24 ліпеня да амбасады прыйшло шэсьць чалавек, і кожны зь іх меў па 10 подпісаў. Усе людзі, якія падпісаліся, стаялі на консульскім уліку ў амбасадзе. Аднак нам сталі казаць, што сярод падпісантаў ёсьць людзі, якіх няма ў сьпісе выбарнікаў. Маўляў, нават калі яны на консульскім уліку, яны яшчэ мусілі пазваніць ці паслаць СМС, што будуць галасаваць на гэтым участку.

Сярод нас была дзяўчына, якая папрасіла праверыць, ці ёсьць яна ў выбарчым сьпісе. Ёй сказалі, што яе ў сьпісе няма, і тады яна паказала свой тэлефон з адасланым СМС, што яна прыйдзе ў амбасаду галасаваць. Супрацоўнікі амбасады адказалі, што СМС, напэўна, не дайшла».

Паводле Тацяны Стасіловіч, патэнцыйным назіральнікам казалі, што сярод іх падпісантаў ня ўсе ў выбарчым сьпісе. Але на пытаньне, хто ня ў сьпісе, прадстаўнікі камісіі адказвалі, што ня маюць права называць канкрэтных людзей і нават колькі іх.

«Нас там было шмат, і мы зноў запоўнілі анкеты. У камісіі там дзевяць чалавек, можа быць пяць назіральнікаў. Мы былі адзіныя, хто прыйшоў 24 ліпеня. Але зарэгістравалі двух чалавек пад нумарамі 6 і 7.

Нам сказалі, што першыя пяць зарэгістраваліся раней. Я пыталася, як такое магчыма і чаму людзей не пускалі ў амбасаду ў папярэднія дні. Намесьнік старшыні камісіі Яраслаў Хмыль сказаў, што нічога пра такое ня ведае. На прапанову праверыць праз запісы на камэрах назіраньня, хто ж тады не пускаў людзей і казаў прыходзіць пазьней, ён адказаў, што гэта сакрэтная інфармацыя».

Яраслаў Хмыль адмовіўся камэнтаваць для Радыё Свабода прэтэнзіі з боку назіральнікаў. «Сытуацыя дастаткова складаная вакол нас. І каб пазьбегнуць нейкіх плётак, інсынуацый, не хацелася б камэнтаваць гэта праз тэлефон».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG