Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК адхіліла прапанову прадстаўніка Ціханоўскай, накіраваную на празрыстасьць падліку галасоў


Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі праводзіць 22 ліпеня чарговае паседжаньне ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі. У анонсе паседжаньня паведамлялі толькі, што «будуць разгледжаныя пытаньні падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў прэзыдэнта».

На паседжаньні прысутнічае старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, а таксама прадстаўнікі кандыдатаў Сьвятланы Ціханоўскай і Андрэя Дзьмітрыева.

Чалец ЦВК з дарадчым голасам Павал Дзік, накіраваны ад Сьвятланы Ціханоўскай, прапанаваў паказваць назіральнікам кожны бюлетэнь падчас падліку галасоў і абвяшчаць прамежкавыя вынікі падліку галасоў, а таксама лепей бараніць плёмбу на скрыні для галасаваньня, фіксаваць цэласнасьць подпісамі і рабіць фота плёмбы. Чалец ЦВК ад Дзьмітрыева Рахмэтала Байтасаў падтрымаў прапанову.

Намесьнік старшыні ЦВК Вадзім Іпатаў сказаў, што калі такія нормы прымуць, ЦВК выйдзе за свае паўнамоцтвы і стане рэгуляваць такім чынам Выбарчы кодэкс. ЦВК прагаласавала супраць унясеньня прапановы ў парадак дня.

Чальцы ўчастковых выбарчых камісіяў, заявіла Ярмошына, не адчуваюць сябе абароненымі фізычна і маральна, таму параіла ім не карыстацца сацыяльнымі сеткамі, «пакуль вас ня зьнішчылі». Назіральнікі часта «навязваюць» чальцам выбаркамаў паводзіны, заявіла Ярмошына. Яна сказала, што Ціханоўскі лічыў магчымымі грамадзянскія арышты чальцоў выбарчых камісіяў пры парушэньні законаў.

Мінулае паседжаньне ЦВК прайшло 14 ліпеня, на ім разглядалі рэгістрацыю кандыдатаў у прэзыдэнты. Зарэгістравалі Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Андрэя Дзьмітрыева, Ганну Канапацкую і Сяргея Чэрачня, адмовілі ў рэгістрацыі Віктару Бабарыку і Валеру Цапкалу. У адказ на гэта ў шэрагу гарадоў Беларусі людзі выйшлі на вуліцы, адбыліся масавыя затрыманьні. На наступны дзень пад ЦВК утварылася чарга з ахвочых падаць скаргі на гэтае рашэньне, некаторых з чаргі таксама затрымалі. ЦВК адказала на скаргі людзей з чаргі 15 ліпеня аб адмове ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы праз сайт, пасьля вырашыла прымаць скаргі толькі праз пошту.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG