Выявы з хрысьціянскімі сюжэтамі ў саборы Сьвятой Сафіі ў Стамбуле будуць завешваць тканінай падчас мусульманскіх малітваў. Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на Ібрагіма Каліна, прэсавага сакратара прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Таіпа Эрдагана.
На мінулым тыдні дзяржаўная рада Турэччыны анулявала рашэньне ўраду ад 1934 году аб ператварэньні сабора Сьвятой Сафіі ў музэй. Да таго рашэньня будынак выкарыстоўваўся як мячэць. Яе зачыніў заснавальнік сучаснай турэцкай дзяржавы Мустафа Кемаль Атацюрк.
Сучасны будынак сабору Сьвятой Сафіі пабудаваны да 537 году. Сабор больш за тысячу гадоў быў найбуйнейшым хрысьціянскім храмам у сьвеце. У 1453 годзе, пасьля заваёвы Канстантынопаля туркамі, ён быў ператвораны ў мячэць. У першай пятнічнай малітве 1 чэрвеня 1453 году ўдзельнічаў асманскі султан Мэхмэт II, які захапіў горад.
У 1935 годзе Атацюрк, які будаваў сьвецкую дзяржаву, ператварыў мячэць у музэй. Ісламісцкая апазыцыя заўсёды патрабавала вярнуць будынку культавы статус. Супраць выступалі прадстаўнікі праваслаўных цэркваў і Грэцыі.