Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітычным зьняволеным грамадзяніна Расеі, адміністратара сацыяльных сетак кампаніі «Страна для жизни» Дзьмітрыя Папова, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Дзьмітрыю Папову 10 ліпеня выставілі абвінавачаньне ў «арганізацыі ці актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч.1 арт.342 КК РБ). Ён ужо 19-ы затрыманы ў межах «справы Ціханоўскага». Прызнаючы Папова палітвязьнем, праваабаронцы кіраваліся тымі ж крытэрамі, што і адносна іншых фігурантаў справы.
Папоў зьнік 4 чэрвеня, знайшоўся толькі 9-га ў турме на Акрэсьціна, дзе адбываў 15 сутак арышту за невядомае на той момант парушэньне. Да зьнікненьня ён запісаў відэа, у якім казаў, што яго шукаюць міліцыянты і хочуць затрымаць у межах нейкай крымінальнай справы. Міліцыя забрала ўсе ягоныя рэчы. Потым Папоў перастаў выходзіць на сувязь.
17 з 19 фігурантаў справы застаюцца пад вартай:
- Гэта блогеры Сяргей Ціханоўскі,
- Уладзімер Няронскі,
- Сяргей Пятрухін,
- Аляксандар Кабанаў,
- Уладзімер Цыгановіч,
- Зьміцер Казлоў,
- Ігар Лосік.
- Затрыманыя пасьля інцыдэнту ў Горадні па так званай «справе Ціханоўскага» Зьміцер Фурманаў,
- Вяргілій Ушак,
- Арцём Сакаў,
- Аляксандар Арановіч,
- Яўген Разьнічэнка,
- Уладзімер Кніга,
- Андрэй Новікаў,
- а таксама палітык Мікалай Статкевіч,
- актывіст Сяргей Спарыш,
- Дзьмітры Папоў
Яшчэ двух фігурантаў справы — Васіля Баброўскага і Ўладзімера Навуміка — 9 ліпеня вызвалілі зь СІЗА, зьмяніўшы меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе.
Агулам праваабаронцы прызнаюць палітвязьнямі ўжо 25 чалавек: 17 зьняволеных фігурантаў «справы Ціханоўскага», асуджанага ў 2015-м Міхаіла Жамчужнага, анархістаў Івана Комара і Мікіту Емяльянава, патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ягонай ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку, чальцоў ініцыятыўнай групы Бабарыкі Дзьмітрыя Караку і Алену Карагачаву, сустаршыню Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.