Украінскае прадпрыемства «СОБІ» пасьля пазытыўных вынікаў экалягічнага маніторынгу пачало паглыбляць дно на ўкраінскім участку ракі Прыпяці, што на першым этапе дазволіць аднавіць суднаходны шлях зь Беларусьсю, а на другім — аднавіць водны маршрут Е40.
«Мы наўмысна настойвалі на правядзеньні экалягічных дасьледаваньняў перад пачаткам работ, бо ва Ўкраіне пераважае адмоўнае стаўленьне да паглыбленьня дна ракі, маўляў, уся радыяцыя пойдзе на Кіеў. Пробы донных адкладаў пацьвердзілі, што зафіксаваныя канцэнтрацыі радыянуклідаў не прывядуць да пагаршэньня радыяцыйнай сытуацыі. І мы ўжо ў гэтыя выходныя пачалі адпаведныя работы для расчышчэньня дна Прыпяці», — паведаміў Свабодзе намесьнік кіраўніка гідратэхналягічнага аддзелу Дзьмітры Надзееў.
Паводле яго, усе работы адбываюцца пад радыяцыйным наглядам:
«Усе нашы рабочыя забясьпечаныя індывідуальнымі сродкамі засьцярогі і дазымэтрамі. Мяркуем, што ўсе работы зможам завершыць цягам 1,5–2 месяцаў».
Дзьмітры Надзееў падкрэсьліў, што дно ракі будзе ачышчацца на 7–8 участках, дзе гідралягічныя ўмовы прывялі да абмяленьня і ўтварэньня перакатаў, якія стрымліваюць суднаходзтва.
«Найбольш складаны ўчастак — пад Янаўскім мостам, дзе пяском намыла амаль сапраўдную выспу», — дадаў ён.
Украінская частка Прыпяці. На 7 участках трэба паглыбіць дно для суднаходзтва:
Паводле тэхналягічнага заданьня, кампанія «СОБІ» (яна праводзіла аналягічныя работы на Дняпры ў 2019 годзе) павінна вычарпаць з Прыпяці 100 тысяч кубамэтраў грунту — гэта забясьпечыць гарантаванае праходжаньне караблёў на глыбіні 1,6 мэтра пры шырыні 35 мэтраў і радыюсе акружнасьці 300 мэтраў. Кошт работ ацэньваецца ў 9,9 мільёна грыўняў (крыху больш за 400 тысяч даляраў у эквіваленце). Агульная даўжыня суднаходнай Прыпяці на ўкраінскай тэрыторыі складае 64,5 кілямэтра.
Бясьпека на першым месцы, пераконваюць улады Ўкраіны
У дзяржаўным прадпрыемстве «Экацэнтар», якое праводзіла экалягічныя дасьледаваньні, паведамілі, што праца дно Прыпяці чысьцілі і раней — і да аварыі на ЧАЭС, і пасьля яе; новай небясьпекі ў цяперашніх умовах няма.
«Бясьпека людзей — наш прыярытэт, і ўнутраныя водныя шляхі не выключэньне. Рака Прыпяць — важная частка суднаходнай сеткі Ўкраіны, якая злучае нашу краіну з Рэспублікай Беларусь і можа стаць важнай часткай міжнародных мультымадальных перавозак з эўрапейскіх краін праз Дняпро да чарнаморскіх партоў.
Рачны транспарт — гэта ня толькі найбольш танны спосаб дастаўкі грузаў, але і адзін з самых экалягічных. Таму ўсе неабходныя патрабаваньні бясьпекі для ажыцьцяўленьня работ дзеля паглыбленьня дна павіны быць выкананыя», — сказаў першы намесьнік міністра інфраструктуры Ўкраіны Дзьмітро Абрамовіч.
Эколягі па-ранейшаму супраць
Украінскія эколягі апошнія тры месяцы спрабавалі праз суды спыніць пачатак ачышчэньня дна Прыпяці, настойваючы на парушэньнях пры правядзеньні тэндэра для выбару прадпрыемства — выканаўцы работ. Але суды адхілілі пазовы эколягаў.
У Беларусі сёньня стартавала акцыя-сплаў у абарону Палесься «Прыпяць, дай пяць!». Яе арганізатары — грамадзкія арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) і «Багна» — хочуць такім чынам прыцягнуць увагу да праблемы будаўніцтва воднага шляху Е-40, у межах якога цяпер Украіна пачала ачышчаць дно Прыпяці.
«Мы ўжо чацьвёрты год праводзім гэтую акцыю разам зь мясцовымі жыхарамі Берасьцейскай і Гомельскай абласьцей, якія падзяляюць нашу пазыцыю. Да яе далучаюцца людзі і зь іншых рэгіёнаў Беларусі, якія даўно марылі наведаць палескія рэкі і ведаюць пра экалягічныя пагрозы для тутэйшай прыроды. Усіх нас аб’ядноўвае жаданьне абараніць Палесьсе і выказаць свой пратэст у сувязі з заплянаваным будаўніцтвам воднага шляху Е40», — кажа Канстанцін Чыкалаў, каардынатар акцыі ад «Багны». Ён перакананы, што да палескага рэгіёну трэба ставіцца з такім жа трымценьнем і павагай, як да Нотр-Дама.
Гісторыя праекту воднага шляху Е40
У ліпені 2017 году кіраўнікі Ўкраіны і Беларусі Пятро Парашэнка і Аляксандар Лукашэнка агучылі ініцыятыву аднавіць водны шлях Е40, а ў 2016-м адпаведны мэмарандум Беларусь падпісала з Польшчай.
Пазьней Беларусь і Ўкраіна падпісалі «дарожную мапу» рэалізацыі гэтага праекту.
Для паўнавартаснага аднаўленьня суднаходнага шляху Е40 Балтыйскае мора — Гданьск — Дняпро — Чорнае мора трэба паглыбіць дно на перакатах Дняпроўскага і Днепрадзяржынскага вадасховішчаў і павялічыць габарыты воднага шляху на ўчастку Кіеўская ГЭС — Ніжнія Жары.
Магчымасьць рэалізацыі праекту абмяркоўваецца ад 2011 году, але пакуль што дакумэнты аб аднаўленьні воднага шляху Е40 мелі хутчэй дэклярацыйны, чым практычны характар.
Летась на прэс-канфэрэнцыі для ўкраінскіх СМІ Аляксандар Лукашэнка заявіў, што для аднаўленьня суднаходзтва па Дняпры празь Беларусь і Ўкраіну беларускі бок «зрабіў усё», і Беларусь узяла на сябе абавязак паглыбіць дно Прыпяці і Дняпра, каб там маглі прайсьці караблі патрэбных клясаў. Цяпер «пытаньне за вамі» — Украіна павінна паглыбіць дно ракі на сваёй тэрыторыі, сьцьвярджаў Лукашэнка.
Пазьней, 4 кастрычніка 2019 году, міністар інфраструктуры Ўкраіны Ўладзіслаў Крыклій заявіў, што для аднаўленьня міжнароднага воднага шляху Е40 на ўкраінскім участку Прыпяці трэба паглыбіць дно да 2,65 мэтра. Кошт гэтых работ ацэньваўся ў 20–30 мільёнаў эўра.
Тады ж міністар транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка паабяцаў, што перш як канчаткова зацьвердзіць праект стварэньня трохбаковага воднага транспартнага шляху ад Балтыйскага да Чорнага мора праз Прыпяць, да абмеркаваньня далучаць экалягічную грамадзкасьць.
Але ўжо празь некалькі тыдняў пасьля двухбаковых беларуска-ўкраінскіх перамоў аб аднаўленьні воднага шляху Е40 Беларусь, Украіна і Грузія падпісалі супольны пратакол аб супрацоўніцтве ў галіне транспарту з выкарыстаньнем транспартна-лягістычнай інфраструктуры трох краінаў. Тады ж украінскі міністар заявіў, што водны шлях Е40 мае быць уключаны ў лягістычныя маршруты, якія ўжо існуюць паміж Беларусьсю, Украінай і Грузіяй.