Прэсавы сакратар МУС Вольга Чамаданава не назвала колькасьць грамадзянаў, якіх затрымалі ўвечары 23 чэрвеня каля крамы Symbal.by па адрасе праспэкт Машэрава, 18.
«Вы кажаце 13? Не, іх меней», — сказала Вольга Чамаданава ў размове з карэспандэнтам Свабоды, але дакладнай колькасьці затрыманых не назвала. Паводле Вольгі Чамаданавай, адносна затрыманых яшчэ вядуцца адміністрацыйныя працэсы, і пакуль яны не завершацца, немагчыма сказаць, колькі людзей будзе прыцягнута да адказнасьці.
За што затрымалі людзей ля крамы?
Як цяпер вядома, на шэраг затрыманых у той вечар каля крамы Symbal.by склалі адміністрацыйныя пратаколы. Радыё Свабода пра гэта паведамілі Аляксандар Кузьняцоў, Рафік Кенгерлі і Аляксандар Райчонак.
Чаму ў гэтых пратаколах пазначана, што яны бралі ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу і аказалі непадпарадкаваньне? — запытаў карэспандэнт Свабоды Вольгу Чамаданаву і ў якасьці прыкладу назваў прозьвішча аднаго з такіх затрыманых, Аляксандра Райчонка, на якога ў Савецкім РУУС міліцыянт Ягор Каралёў склаў пратакол паводле артыкулаў 23.34 і 23.4 КаАП.
Паводле праваабаронцаў «Вясны», такія пратаколы склалі ня менш як на 5 затрыманых. Праваабаронцы маюць дадзеныя пра затрыманьні яшчэ 3 чалавек, у тым ліку журналіста. Паводле пратаколу, кандыдат гістарычных навук Аляксандар Райчонак, які ня браў удзелу ў канфлікце, быў затрыманы амапаўцамі, а ў ягоным пратаколе пазначана, што ён выкрыкваў лёзунгі «Стоп-таракан» і «Сыходзь».
Вольга Чамаданава не ўзялася камэнтаваць канкрэтную сытуацыю з затрыманьнем Аляксандра Райчонка.
«Ня чула, што казаў гэты чалавек супрацоўніку міліцыі, калі яго апытвалі для складаньня пратаколу. Адміністрацыйны працэс яшчэ праводзіцца, там яшчэ некалькі чалавек, высьвятляюцца іншыя абставіны», — сказала прэсавы сакратар МУС.
Чаму ля крамы апынуўся аўтазак?
Чаму да крамы Symbal.by, дзе стаяла чарга, каб зайсьці ў краму і набыць у ёй тавары, выехаў аўтазак з АМАПам?
«Супрацоўнікі выбылі на месца не таму, што там людзі стаялі ў чарзе, а таму, што паступілі паведамленьні, іх было некалькі. Людзі званілі, расказвалі, што адбываецца бойка, прасілі дапамогі. Таму накіравалі туды групу ня ў складзе аднаго ўчастковага, а значна большую. І яны даставілі ў Савецкі РУУС усіх удзельнікаў канфлікту. Але там жа былі і грамадзяне, якія, магчыма, спынялі гэты канфлікт. Людзей даставілі для разбору. У выніку разбору гэтыя людзі былі апытаныя, і адносна некаторых быў пачаты адміністрацыйны працэс», — сказала Вольга Чамаданава.
Да камэнтару пра інцыдэнт, які Вольга Чамаданава разьмясьціла ў Telegram-канале МУС, далучаныя аўдыёзапісы.
3 тэлефанаваньняў пра канфлікт на ўезьдзе ў двор дома 18 па Машэрава. У адным паведамленьні мужчына кажа, што яго ўдарылі. У другім іншы мужчынскі голас скардзіцца, што яму пабілі аўтамабіль, зламалі нагамі два люстэркі. У трэцім паведамленьні жанчына, якая сказала, што жыве ў доме 18 па Машэрава, скардзіцца на тое, што пад яе вокнамі адбываецца «нейкі мітынг», людзі, майкі прадаюць, напісана «Лукашэнка клоўн», нешта такое, там крычаць».
Пры гэтым у ніводным з паведамленьняў не вялося пра масавую бойку каля крамы Symbal.by, а на відэастрымах было бачна, што мітынгу там таксама не адбывалася.
«Мушу камэнтаваць толькі факты. Былі паведамленьні, і супрацоўнікі міліцыі на іх адрэагавалі», — сказала Вольга Чамаданава.
Затрыманьні каля Symbal.by
23 чэрвеня бізнэсовец Павал Белавус абвясьціў пра закрыцьцё менскай крамы Symbal.by з 29 чэрвеня пад ціскам уладных праверак. Раней прыпыніла сваю працу онлайн-крама.
Пасьля абвесткі пра закрыцьцё крамы ля яе ўтварылася чарга зь некалькіх дзясяткаў пакупнікоў. У эфіры відэастрыму, які вялі прадстаўнікі Symbal.by, паміж кіроўцам аўтамабіля, якія выяжджаў з двара, і людзьмі ў чарзе адбыўся канфлікт. Паводле сузаснавальніка крамы Паўла Белавуса, за стырном машыны быў мясцовы жыхар.
У 19:40 да крамы падʼехаў аўтазак. Сузаснавальнік Symbal.by Мікіта Броўка ў жывым эфіры паведаміў пра затрыманьні пакупнікоў з чаргі і прыпыніў трансьляцыю.
«Выяжджаў аўтамабіль, а людзі, якая стаялі побач з крамай, не давалі яму праехаць, — паведаміла Радыё Свабода прадстаўніца МУС Натальля Ганусевіч. — У мэтах спыненьня супрацьпраўных дзеяньняў, якія выразіліся ў блякаваньні аўтамабіля, выехаў нарад міліцыі. Некаторыя асобы дастаўленыя для разьбіральніцтва».
У той жа час з розных відэа з сацыяльных сетак відаць, што супрацоўнікі АМАП затрымлівалі людзей з чаргі, якія не прысутнічалі падчас канфлікту. АМАП таксама даганяў людзей у дварах і зьмяшчаў у аўтазак. Сьведкі кажуць пра жорсткія затрыманьні.
Што адбываецца з Symbal.by
12 чэрвеня ў Менску супрацоўнікі ДАІ спынілі кур’ера Максіма Блізьнюковіча, які вёз у краму 419 маек з надпісам «Псіхо3%». Паводле Паўла Белавуса, такія майкі — дызайнэрская прадукцыя іх кампаніі. Усе дакумэнты на гэтыя тавары спраўныя, забралі тавар цалкам незаконна, мяркуе Белавус.
Паводле Белавуса, на гэтым тыдні кампанія атрымала ліст ад Менгарвыканкама з патрабаваньнем прыбраць цягам трох дзён з будынка шыльды крамы, а сёньня, 23 чэрвеня, прыйшоў прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сытуацыях разьбірацца па ананімнай скарзе, што «нібыта з памяшканьня ідуць непрыемныя пахі і жыхары скардзяцца, што апазыцыйная крама займаецца незразумелай вытворчасьцю».