Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларус учыніў аварыю на другім блёку Чарнобыльскай АЭС. З архіваў КГБ


Чарнобыльская АЭС
Чарнобыльская АЭС

Дзяржаўны архіў Службы бясьпекі Ўкраіны і Ўкраінскі інстытут нацыянальнай памяці выдалі другую кнігу рассакрэчаных дакумэнтаў аб будаўніцтве Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі і аварыі на ёй.

Першую частку дакумэнтаў апублікавалі два гады таму і перададалі ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў, уключыўшы таксама ў міжнародны рэестар UNESCO «Памяць сьвету».

Гэта дакумэнты органаў дзяржаўнай бясьпекі, якія ад самага пачатку на ўсіх узроўнях — раённым, абласным, рэспубліканскім ды саюзным — адсочвалі будоўлю, запуск і эксплюатацыю АЭС, а таксама назіралі за яе супрацоўнікамі.

Кожнае «надзвычайнае здарэньне» на станцыі найперш вывучалі з гледзішча магчымай дывэрсіі супраць савецкай дзяржавы, і толькі потым — з тэхнічнага. Да аднаго з такіх выпадкаў спрычыніўся і беларус — за шэсьць гадоў да выбуху на ЧАЭС.

Працаваў на АЭС без адукацыі

23-гадовы беларус Аляксандар Рабушаў прыехаў працаваць на Чарнобыльскую АЭС адразу пасьля яе запуску ў 1977 годзе. Чым займаўся раней — невядома.

У спэцыяльным паведамленьні ўпраўленьне КГБ у Кіеве і Кіеўскай вобласьці адзначае, што ён нарадзіўся ў пасёлку Арэхаўск Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці, быў жанаты і меў 10 клясаў адукацыі. На станцыю ён уладкаваўся дзяжурным рэактарнага цэху. Цяпер на такую пасаду немагчыма трапіць безь мінімальнай прафэсійнай кваліфікацыі «тэхнік-электрык», але найбольш шанцаў — толькі з вышэйшай адукацыяй.

3 сьнежня 1980 году, калі ў выніку ўключэньня аўтаматычнай абароны рэактару аварыйна спыніўся другі энэргаблёк ЧАЭС, Аляксандар Рабушаў працаваў у начную зьмену. А ўжо раніцай пра дзеяньні беларуса супрацоўнікі ўпраўленьня КГБ у Кіеве і Кіеўскай вобласьці склалі спэцыяльнае паведамленьне вышэйшаму кіраўніцтву.

Проста павярнуў вэнтыль

Аляксандар Рабушаў патлумачыў тэхнічнай праверачнай камісіі, што ў часе агляду абсталяваньня ён палічыў, што «вэнтыль прадзіманьня сыстэмы вымярэньня цепланосьбіту ў баках-сэпаратарах знаходзіцца ў няправільным становішчы». І самастойна, без узгадненьня з начальнікам зьмены, насуперак інструкцыі па тэхніцы бясьпекі, павярнуў яго, як яму здавалася, у правільным кірунку.

У выніку ўзровень цепланосьбітаў зьмяніўся, адрэагавалі чуйнікі аўтаматычнай абароны і энэргаблёк спыніўся. Пазьней, у 1986 годзе, адной з прычын аварыі на чацьвёртым энэргаблёку Чарнобыльскай АЭС стала ў тым ліку і разбалянсаваньне працы бакаў-сэпаратараў — яны разьдзяляюць сумесь на ваду і пару, каб забясьпечыць цыркуляцыю цепланосьбіту праз актыўную зону рэактару і стварыць неабходны запас вады на выпадак аварыі.

Кампрамату не знайшлі

Пасьля «няправільных» дзеяньняў Аляксандра Рабушава (ён сам гэта прызнаў), аднавіць працу першай турбіны другога энэргаблёку ўдалося толькі праз тры гадзіны, а другой — праз амаль 10 гадзін.

Як адзначала КГБ, у выніку аварыйнага спыненьня блёку савецкая энэргасыстэма недаатрымала каля 10 мільёнаў кіляватаў — у сучасным вымярэньні гэта 1/15 частка аб’ёму электраэнэргіі, які Беларусь сёлета экспартавала ва Ўкраіну цягам першых трох месяцаў году.

Камісія адмыслова вывучала, ці не былі гэтыя дзеяньні Рабушава наўмыснымі, але кампрамэтацыйных матэрыялаў на яго не знайшла — толькі пазытыўныя характарыстыкі. У выніку беларуса пакаралі адміністрацыйна і адхілілі ад працы ў зоне строгага рэжыму. Якой-небудзь іншай інфармацыі пра беларуса ў рассакрэчаных дакумэнтах няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG