Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога прэзыдэнта Кіргізстану Атамбаева засудзілі на 11 гадоў пазбаўленьня волі


Алмазбек Атамбаеў (зьлева), Азіз Батукаеў (у цэнтры)
Алмазбек Атамбаеў (зьлева), Азіз Батукаеў (у цэнтры)

Суд у Бішкеку прысудзіў былому прэзыдэнту Кіргізстану Алмазбеку Атамбаеву 11 гадоў і 2 месяцы пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Яго прызналі вінаватым у арганізацыі карупцыі ў справе аб незаконным вызваленьні крымінальнага аўтарытэта Азіза Батукаева.

Атамбаеў таксама пазбаўлены дзяржаўных званьняў, узнагародаў, ордэнаў і імяннога гадзіньніка прэзыдэнта.

Былога прэзыдэнта Атамбаева афіцыйна арыштавалі і абвінавацілі ў карупцыі ў жніўні 2019 году. Спэцназ ГКНБ Кіргізстану затрымаў Атамбаева 8 жніўня ў Кой-Ташы, здолеўшы з другога разу ўзяць штурмам ягоную рэзыдэнцыю. Падчас сутыкненьняў паміж сілавікамі і прыхільнікамі прэзыдэнта загінуў спэцназавец, амаль сто чалавек пацярпелі.

Справу аб незаконным вызваленьні Батукаева аднавілі ў студзені 2019 году, пасьля таго як у Кіргізстане зьмяніўся прэзыдэнт. Цяпер у справе праходзяць анколяг Эміль Макімбетаў і лябарантка Ірына Цопава, якія дыягнаставалі Батукаеву рак, а таксама некалькі былых чыноўнікаў і дэпутатаў: экс-міністар аховы здароўя Дынара Сагінбаева, былы віцэ-прэм’ер Шаміль Атаханаў, намесьнік пракурора Нарынскай вобласьці Майрамбек Акматаліеў, былы міністар юстыцыі Кіргізстану Аіда Салянава.

Батукаеў — чачэнскі крымінальны аўтарытэт. Ён быў засуджаны ў Кіргізстане да 16 гадоў турмы за захоўваньне зброі, наркотыкаў і арганізацыю масавых закалотаў. У 2013 годзе Нарынскі гарадзкі суд прыняў рашэньне датэрмінова вызваліць злодзея ў законе. У даведцы, якую лекары падалі суду, было напісана, што ён хворы на рак крыві. У дзень вызваленьня Батукаева даставілі ў Чачню на прыватным самалёце. Пазьней высьветлілася, што вынікі мэдычнага абсьледаваньня былі падробленымі. У сакавіку 2014 году суд Бішкеку абвясьціў Батукаева ў вышук праз Інтэрпол.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG