Плятформа грамадзянскай салідарнасьці АБСЭ зьвярнулася да уладаў Беларусі з заклікам спыніць гвалт, пагрозы і затрыманьні падчас прэзыдэнцкай кампаніі, а да дзяржаваў — удзельніц АБСЭ — усяляк стымуляваць Беларусь трымацца сваіх правоў і абавязаньняў у галіне АБСЭ, паведамляе «Вясна».
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Плятформа грамадзянскай салідарнасьці АБСЭ аб'ядноўвае няўрадавыя арганізацыі, якія імкнуцца палепшыць сытуацыю з правамі чалавека ў Эўропе, Эўразіі і Паўночнай Амэрыцы.
Як адзначаецца ў заяве, «з самага пачатку выбарчая кампанія праходзіць у атмасфэры страху, пастаянных пагрозаў і запалохваньня», затрымліваюць і арыштоўваюць сябраў ініцыятыўных групаў і звычайных выбарнікаў, якія ўдзельнічалі ў мірных пікетах для збору подпісаў, ціснуць на патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты (справы Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага), колькасьць парушэньняў правоў чалавека «штодня расьце».
«Гэтая беспрэцэдэнтная сытуацыя павінна прывесьці да ўзмоцненага міжнароднага кантролю падзеяў у краіне і ўзаемадзеяньня з урадам Беларусі», гаворыцца ў заяве. АБСЭ мусіць адыграць важную ролю як прадстаўніца міжнароднай супольнасьці з улікам яе мандатаў у галіне дэмакратыі і абароны правоў чалавека. Таксама згадваецца, што выбары праходзяць на фоне пандэміі COVID-19, пры гэтым урад Беларусі не выконвае рэкамэндацыяў САЗ.
Плятформа грамадзянскай салідарнасьці АБСЭ заклікае ўлады Беларусі:
- спыніць беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі супраць апазыцыі, вызваліць Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага, арыштаваных актывістаў выбарчай кампаніі, апазыцыйных палітыкаў Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча і тых, хто ўдзельнічаў у мірных акцыях пратэсту;
- забясьпечыць усім кандыдатам у прэзыдэнты магчымасьць свабодна ўдзельнічаць у свабодных і дэмакратычных выбарах, заснаваных на прынцыпах роўнасьці і канкурэнтнай палітычнай барацьбы;
- устрымацца ад умяшаньня ў дзейнасьць праваабаронцаў і незалежных журналістаў;
- вызваліць усіх палітвязьняў і спыніць перасьлед актывістаў, журналістаў і блогераў;
- забясьпечыць поўнае выкананьне асноўных правоў і свабодаў чалавека, замацаваных у Канстытуцыі, Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, дакумэнтах АБСЭ, у тым ліку правоў на свабоднае выказваньне думак і мірныя сходы, права быць абраным шляхам свабодных выбараў і права на абарону ад адвольных затрыманьняў;
- як мага хутчэй афіцыйна запрасіць місію БДІПЧ АБСЭ для маніторынгу выбараў.
Дзяржавы — удзельніцы АБСЭ яна заклікае:
- уважліва сачыць за сытуацыяй з правамі чалавека падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і выкарыстоўваць усе наяўныя сродкі для стымуляваньня выкананьня Беларусьсю сваіх правоў і абавязаньняў у галіне АБСЭ;
- патрабаваць максымальнага выкарыстаньня працэсаў АБСЭ, павялічыць прысутнасьць АБСЭ і іншых дзеля вырашэньня сытуацыі ў Беларусі, у тым ліку максымальна павялічыць працягласьць і інтэнсіўнасьць маніторынгу выбараў, у прыватнасьці, місіяй доўгатэрміновага маніторынгу БДІПЧ АБСЭ.
Пад заявай падпісаліся:
- Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларусь
- Ванадзорскі офіс Хэльсынскай грамадзянскай асамблеі, Армэнія
- Інстытут маніторынгу правоў чалавека, Літва
- Асацыяцыя ўкраінскіх назіральнікаў за праваахоўнымі органамі, Украіна
- Фонд рэгіянальных ініцыятываў, Украіна
- Грамадзкае аб’яднаньне «Годнасьць», Казахстан
- Фонд «Грамадзкі вэрдыкт», Расея
- Нарвэскі Хэльсынскі камітэт
- Дасьледчы цэнтар праўнай палітыкі, Казахстан
- Хэльсынскі фонд правоў чалавека, Польшча
- Цэнтар грамадзянскіх свабодаў, Украіна
- Македонскі Хэльсынскі камітэт
- Праваабарончы цэнтар «Зміна», Украіна
- Казахстанскае міжнароднае бюро правоў чалавека і выкананьня законнасьці
- Грамадзкае абʼяднаньне «Праваабарончы рух «Бір Дуйно Кыргызстан»
- Жанчыны Дону, Расея
- Беларускі Хэльсынскі камітэт
- Швэдзкая сетка АБСЭ
- Маскоўская Хэльсынская група, Расея
- Харкаўскі абласны фонд «Грамадзкая альтэрнатыва», Украіна
- Цэнтар разьвіцьця дэмакратыі і правоў чалавека, Расея
- Міжнародны цэнтар абароны, Францыя
- Цэнтар удзелу і разьвіцьця, Грузія
- Армянскі Хэльсынскі камітэт
- Truth Hounds, Украіна
- Артыкул 19, Вялікая Брытанія
- DRA — Нямецка-расейскі абмен, Нямеччына
- Promo LEX, Малдова
- Міжнароднае партнэрства ў правах чалавека, Бэльгія
- OMCT — Сусьветная арганізацыя супраць катаваньняў, Бэльгія
- Грамадзянскі кантроль, Расея
- Баўгарскі Хэльсынскі камітэт
- ZARA — Zivilcourage und Anti-Rassismus-Arbeit, Аўстрыя
- Асацыяцыя жанчын-перасяленак, Грузія
- Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял», Расея
- Freedom Files, Польшча
- Нідэрляндзкі Хэльсынскі камітэт
- Crude Accountability, ЗША
- Альбанскі Хэльсынскі камітэт
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.