Беларускія журналісты Кацярына Андрэева і Ігар Ільляш напісалі кнігу «Беларускі Данбас» пра ролю беларусаў у збройным канфлікце на Данбасе.
«Мы спрабавалі зачапіць усе аспэкты: ад гісторыяў беларусаў з абодвух бакоў канфлікту да нелегальнага гандлю дзяржаўных прадпрыемстваў з „ЛНР“ і „ДНР“, ад мэтадаў працы сілавікоў да інфармацыйнай стратэгіі беларускіх уладаў», — адзначаюць аўтары кнігі.
Кніга выйшла ў Харкаўскім выдавецтве «Фоліо» і цяпер даступная ў электронным фармаце.
Прадмову да выданьня напісаў першы лідэр незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.
«Савецкі Саюз распаўся, але шмат у чым працягваюцца будні СССР: пуцінская Расея ловіць новыя і новыя душы... Менавіта гэтая хлусьня і прымусіла многіх узяць зброю на чужой зямлі. Хлусьні ня проста трэба, а жыцьцёва неабходна супрацьстаяць. Ёсьць беларусы, якія выбралі свой шлях і сталі на абарону незалежнай Украіны — таксама са зброяй у руках. Лепшае, на мой погляд, натуральнае супрацьдзеяньне — праўда. Ёй і служыць кніга „Беларускі Данбас“, у якой аўтары прыводзяць факты без павучаньняў, а словы выкрыцьця — безь нянавісьці», — лічыць Шушкевіч.
Кацярына Андрэева і Ігар Ільляш працуюць на тэлеканале «Белсат» у Менску.