У сваёй кнізе мэмуараў «The Room Where it Happened» («Пакой, у якім усё адбылося») былы дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан некалькі разоў згадвае Беларусь.
Ён апісвае падзеі, якія адбываліся падчас і напярэдадні яго візыту ва Ўсходнюю Эўропу ў леташнім жніўні. Празь некалькі тыдняў яго адправілі ў адстаўку.
Пра праблемы Беларусі з Расеяй
У мэмуарах Болтан кажа, што абмяркоўваў з прэзыдэнтам Украіны Зяленскім Беларусь і Малдову і іх праблемы з Расеяй і карупцыяй.
«29 жніўня я вылецеў з Кіеву ў Малдову і Беларусь, працягваючы свае паездкі па былых рэспубліках СССР. Я хацеў паказаць Расеі, што мы ўвесь час факусуемся на яе пэрыфэрыі, а ня проста пакідаем гэтыя дзяржавы, якія змагаюцца, сам-насам з Масквой... У прыватнасьці, у Менску, нягледзячы на тое, што ў Аляксандра Лукашэнкі былі не настолькі адметныя дасягненьні ў галіне правоў чалавека, я хацеў даказаць, што ЗША ня сталі б проста назіраць, як Расея паглынае Беларусь, што Пуцін, падобна, разглядаў сур’ёзна», — піша Джон Болтан у сваёй кнізе.
Былы дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы, які правёў 31 жніўня ў Варшаве сустрэчу сакратароў радаў бясьпекі Беларусі, Украіны і Польшчы, тлумачыць, што тая сустрэча павінна была сыгналізаваць «іншым былым савецкім рэспублікам, што ні мы, ні яны не павінны быць пасіўнымі, калі яны сутыкаюцца з ваяўнічасьцю Расеі ці пагрозамі іх унутранаму кіраваньню... Пасьля таго, як я пайшоў у адстаўку, адміністрацыя і іншыя, здаецца, рухаліся ў тым жа кірунку», — піша Джон Болтан.
Пра Пуціна і Трампа
Напярэдадні выхаду кнігі сваіх мэмуараў, якая яшчэ да публікацыі выклікала скандал у Вашынгтоне, Джон Болтан у інтэрвію ABC даў ацэнку прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну і палітыцы адміністрацыі Дональда Трампа ў дачыненьні да Масквы.
Як сьцьвярджае Болтан, праблема цяперашняй адміністрацыі ЗША ў тым, што ў яе няма выразнай палітыкі ў дачыненьні да Расеі. Яна зрабіла шэраг крокаў, якія сам Болтан лічыць слушнымі: напрыклад, абвясьціла аб выхадзе з дамовы пра ракеты сярэдняй і меншай далёкасьці або наклала на Расею шэраг санкцыяў, — аднак за ўсім гэтым не прасочвалася цэльнай палітычнай лініі.
Рэзка скрытыкаваў Болтан непасрэдна прэзыдэнта Трампа, высока ацаніўшы пры гэтым Уладзіміра Пуціна. Паводле Болтана, расейскі прэзыдэнт «ня бачыць сурʼёзнага суперніка» у асобе Трампа і «можа граць на ім як на скрыпцы». Канкрэтных прыкладаў ён, зрэшты, не прывёў.
Скандальныя мэмуары
Афіцыйны пачатак продажу мэмуараў былога дарадцы Дональда Трампа ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі прызначаны на 23 чэрвеня. Адміністрацыя Трампа беспасьпяхова спрабавала заблякаваць у судзе выхад кнігі, спасылаючыся на тое, што ў ёй могуць утрымлівацца дзяржаўныя таямніцы. Фрагмэнты мэмуараў ужо надрукавалі некаторыя газэты.
На працягу 500 старонак Болтан спрабуе даказаць свой тэзіс аб некампэтэнтнасьці Трампа. Сам былы дарадца прэзыдэнта заявіў, што на маючых адбыцца выбарах ня будзе галасаваць ні за Трампа, ні за яго суперніка-дэмакрата Джо Байдэна.
Прэзыдэнт Трамп некалькі разоў апошнім часам рэзка выказваўся пра Болтана, абвінаваціўшы яго ў некампэтэнтнасьці і ў тым, што той імкнуўся распальваць войны па ўсім сьвеце. Чыноўнікі адміністрацыі Трампа абвінавачваюць Болтана ў хлусьні. У прыватнасьці, дарадца Белага дому ў пытаньнях гандлю Пітэр Навара заявіў у нядзелю, што ён знаходзіўся ў пакоі, дзе праходзіла сустрэча прэзыдэнта Трампа з кітайскім лідэрам Сі Цьзіньпінам, аднак ня чуў, каб прэзыдэнт ЗША прасіў кіраўніка КНР дапамагчы яму дамагчыся перавыбраньня, як гэта сьцьвярджае Болтан.