Цэнтар па абароне жывёл «Анімалекс» падрыхтаваў памятку для гаспадароў хатніх жывёлаў, якія зьбіраюцца ўдзельнічаць у пратэстах у Беларусі, і шукае валянтэраў, гатовых даглядаць жывёлаў затрыманых.
Як адзначаюць у цэнтры, тыя, хто хоча выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю падчас цяперашніх падзей у Беларусі, павінен быць гатовы да таго, што яго могуць затрымаць.
«Калі ў вас пры гэтым ёсьць хатняя жывёла, яна можа застацца ізаляванай ад вас на нейкі час», дадаюць зоаабаронцы і прапануюць кароткую памятку, пра што варта паклапаціцца загадзя: ⠀ ⠀
- Не бярыце з сабой жывёлу на акцыі пратэсту ні ў якім разе. Сабакі могуць спалохацца вялікай колькасьці людзей, незнаёмых гукаў, супрацоўнікаў міліцыі, запанікаваць і ўцячы. Да таго ж калі вас затрымаюць, жывёлу давядзецца пакінуць на вуліцы. ⠀
- Пакідаючы гадаванца дома аднаго, паклапаціцеся пра тое, каб у яго застаўся запас корму і вады хаця б на суткі. Калі вас затрымаюць, то хутчэй за ўсё вы нейкі час ня зможаце ні з кім зьвязацца.
- Памяняйце напаўняльнік кату. ⠀
- Запасіцеся пакетам корму, напаўняльніка, пакладзіце на бачнае месца ашыйнік і ланцужок, пакіньце ключы ў знаёмых на ўсялякі выпадак.
- На выпадак вашага затрыманьня запоўніце гэтую анкету. Цэнтар па абароне жывёл «Анімалекс» зьбірае зьвесткі пра затрыманых. Калі вас затрымаюць, цэнтар зьвяжацца з запасным кантактам чалавека, які вы пакінеце на выпадак затрыманьня, і накіруе валянтэраў на дапамогу.
Таксама Цэнтар па абароне жывёл «Анімалекс» шукае валянтэраў, гатовых пагуляць з сабакам або пакарміць ката затрыманых на масавых пратэстах. Анкету валянтэра можна запоўніць тут.
Як паведаміла Свабодзе кіраўніца «Анімалексу» Анастасія Жаўрыд, у цэнтар паступіла ўжо каля 100 заявак.