Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Проста ляжу на асфальце, вакол ходзяць хлопцы з АМАП». Як у Менску затрымалі гітарыста гурту Intelligency


АМАП на плошчы Якуба Коласа 19 чэрвеня
АМАП на плошчы Якуба Коласа 19 чэрвеня

19 чэрвеня гітарыст менскага электроннага гурту Intelligency Яўген Мурашка вяртаўся дадому пасьля адзначэньня абароны магістарскай дысэртацыі. У раёне плошчы Якуба Коласа яго затрымаў АМАП, паведамляе Tut.by.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

19 чэрвеня, калі ў Менску праходзіў пікет у апошні дзень збору подпісаў, а на плошчы Якуба Коласа пашыхтаваўся «ланцуг салідарнасьці», гітарыст электроннага гурта «Intelligency» Яўген Мурашка адзначаў у кавярні паблізу плошчы абарону магістэрскай дысэртацыі.

Каля 21-й гадзіны Яўген Мурашка быў ужо на плошчы і хацеў узяць шэрынгавы ровар, каб дабрацца дадому.

«У мяне не адчыняўся замок ровара, я вырашыў адвесьці яго ў бок, каб не перашкаджаць, і там ужо разблякаваць. Міліцыянты далей пайшлі за мной, яшчэ раз удакладнілі, чаму я тут стаю. А ў выніку раптоўна ўзялі мяне за рукі і пасадзілі ў аўтазак», — расказаў Яўген.

Ён пасьпеў запісаць невялікі фрагмэнт свайго затрыманьня. На відэа чуваць, як хлопцу двойчы кажуць: «Сеў, зьехаў», а затым: «Забірай яго».

АМАП не патлумачыў хлопцу, за што яго затрымліваюць, ніхто зь іх не назваўся і не паказаў дакумэнтаў. Пасьля Яўгену стала кепска і ён страціў прытомнасьць.

«Мы доўга езьдзілі па горадзе, было вельмі душна, на нас увесь час ціснулі. Адзінае —​ памятаю, што там, куды нас завезьлі, быў плот з калючым дротам. Калі мяне пачалі выводзіць з аўтазаку, я адключыўся», — прыгадвае Яўген.

У прытомнасьць хлопец прыйшоў толькі ў «хуткай», якую выклікаў нехта з АМАПу. Яўгену памералі ціск і зрабілі кардыяграму, пасьля чаго ён дабіраўся дадому на машынах, якія пагадзіліся яго падвезьці, бо было ўжо позна.

У міліцыі засталіся ягоны пашпарт і студэнцкі білет, які ён спадзяецца забраць неўзабаве. Пасьля затрыманьня ў яго засталіся сінякі і апёк на носе, бо яго спрабавалі прывесьці ў прытомнасьць нашатыром.

У прэс-службе сталічнай міліцыі паведамілі, што Яўгена Мурашку ні ў якое менскае РУУС не дастаўлялі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG