Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NATO ўзмоцніць супрацьракетную абарону ў адказ на расейскую ракетную пагрозу, — генэральны сакратар Столтэнбэрг


Енc Столтэнбэрг, архіўнае фота
Енc Столтэнбэрг, архіўнае фота

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг паведаміў на прэс-канферэнцыі ў сераду пасьля першага дня віртуальнай сустрэчы міністраў абароны Паўночнаатлянтычнага альянсу, што хаўрусьнікі дамовіліся пра супольны адказ на рост ракетна-ядзернай пагрозы з боку Расеі, перадае «Голас Амэрыкі».

Столтэнбэрг паведаміў журналістам, што міністры абароны NATO 17 чэрвеня прысьвяцілі новым магчымасьцям Масквы асобную гутарку:

«Мы зьвярнуліся да шырокага і штораз большага расейскага арсэналу ракетаў, здольных несьці ядзерны набой, і наступствам гэтага для бясьпекі NATO. Летась разьмяшчэньне Расеяй ракетаў SSC-8 прывяло да спыненьня дзеяньня Дамовы аб ліквідацыі ракетаў сярэдняй і малой далёкасьці. Ракеты SSC-8 можна выкарыстоўваць у двух варыянтах, яны мабільныя, іх цяжка выявіць. Яны могуць даляцець да эўрапейскіх гарадоў пры невялікім часе папярэджаньня і зьніжаюць парог ужываньня ядзернай зброі».

Генэральны сакратар NATO таксама згадаў расейскія распрацоўкі гіпэргукавой зброі, мадэрнізацыю міжкантынэнтальных балістычных ракетаў, а таксама працу над іншымі сучаснымі сыстэмамі ўзбраеньняў.

«Доўгімі гадамі мы таксама адзначалі безадказную рыторыку Расеі ў сфэры ядзернай зброі, скіраваную на запалохваньне і пагрозы ў адрас хаўрусьнікаў у NATO. Паводзіны Расеі — дэстабілізацыйныя і небясьпечныя», — заявіў Енс Столтэнбэрг.

Адказам NATO, з словаў яго генэральнага сакратара, стала «ўзгадненьне збалянсаванага пакету палітычных і вайсковых элемэнтаў», якое ўключае ў сябе «ўмацаваньне нашай інтэграванай супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны».

«Некалькі хаўрусьнікаў абвясьцілі аб набыцьці новых сыстэмаў супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, уключаючы батарэі Patriot і SAMP/T (наземная сыстэма СПА «зямля-паветра», якую вырабляюць эўрапейскія краіны. — РС). Мы таксама дамовіліся ўмацоўваць нашыя перадавыя распрацоўкі традыцыйных узбраеньняў. Хаўрусьнікі ўкладаюць сродкі ў гэтыя новыя магчымасьці, у тым ліку ў зьнішчальнікі пятага пакаленьня. Мы таксама адаптуем нашую выведку і вучэньні», — паведаміў Енс Столтэнбэрг.

Пры гэтым генэральны сакратар NATO паўтарыў свае ранейшыя заявы пра тое, што альянс ня будзе сымэтрычна рэагаваць на разгортваньне Расеяй новай зброі і пачынаць гонку ўзбраеньняў:

«Мы не імкнемся люстраным чынам адказваць Расеі і ня будзем разьмяшчаць новыя ядзерныя ракеты наземнага базаваньня ў Эўропе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG