Пастаўчаніну Андрэю Новікаву 12 чэрвеня прадʼявілі абвінавачаньне ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак. Паводле крымінальнага артыкула 342 яму пагражае да трох гадоў турмы, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
Андрэя Новікаў 1 чэрвеня дапамагаў арганізаваць пікет у Глыбокім па зборы подпісаў за патэнцыйную кандыдатку на пасаду прэзыдэнта Святлану Ціханоўскую.
Новікава затрымалі 6 чэрвеня ў Пастаўскім раёне. Андрэй Новікаў — былы супрацоўнік МУС, грамадзянін Расіі. Раней Пастаўскі суд пакараў мужчыну штрафам у памеры 810 рублёў паводле артыкулу 23.34 КаАП — за інтэрвію блогеру Сяргею Ціханоўскаму.
Таксама па артыкуле КК 342 абвінавачваюць блогера Сяргея Ціханоўскага, і яго прыхільнікаў Аляксандра Арановіча, Арцёма Сакава, Васіля Баброўскага, Вяргілія Ушака, Зьмітра Фурманава, Уладзімера Навуміка, Яўгена Разьнічэнку і Уладзімера Кнігу. Усе яны знаходзяцца ў менскім СІЗА-1.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.