Паэт, перакладнік, выкладчык, адзін з рухавікоў беларускага літаратурнага працэсу Андрэй Хадановіч стаў сёлетнім ляўрэатам прэміі імя Натальлі Арсеньневай за паэтычны зборнік «Школа травы». Зь ляўрэатам размаўляе Валянціна Аксак.
— Шаноўны сп. Андрэй, шчыра віншуем вас са званьнем ляўрэата прэміі імя Натальлі Арсеньневай. Што адчуваеце, атрымаўшы галоўную паэтычную ўзнагароду Беларусі?
— Адчуваю вялікі гонар і вялікую ўдзячнасьць. Гонар быць ляўрэатам прэміі, якой дала імя такая выдатная паэтка, і проста галоўнай на сёньня паэтычнай прэміі ў Беларусі. А ўдзячнасьць да арганізатараў, сяброў журы, фундатараў прэміі, але ж таксама да тых, хто дапамагаў выдаць кніжку. Да каманды часопісу «Дзеяслоў», бо кніжка выйшла ў сэрыі «Бібліятэка «Дзеяслова», да выдавецтва «Кнігазбор», да рэдактара Ўладзя Лянкевіча, да іншых людзей, якія дапамагалі парадамі і якіх я ў кніжцы ўзгадваю. Да чытачоў, якія, здаецца, цёпла сустрэлі «Школу травы».
— Ваша кніга «Школа травы», за якую вы атрымалі прэмію Арсеньневай, вельмі не падобная да стылістыкі, выяўленчай мовы, мэтафарычнай сымболікі, якой вызначаюцца вершы легендарнай паэткі, чыё імя носіць узнагарода. З гэтай нагоды што вам цяпер думаецца?
— Думаю, што паэзія павінна быць разнастайнай. Дзіўна было б выдаць у 2019 годзе кнігу, падобную да Арсеньневай. Гэта быў бы хутчэй трывожны званок, бо кожны аўтар мае быць сабой. Але адзначаная вамі непадобнасьць не замінае мне як чытачу любіць Арсеньневу і як аўтару ганарыцца прэміяй яе імя.
— У сьнежні 2015-га вы атрымалі прэмію Польскага ПЭН-клюбу за пераклады польскай паэзіі. У 2016-м вашыя «Нататкі таткі» былі абраныя кнігай году. Лістапад 2017-га прынёс вам званьне ляўрэата прэміі імя Карласа Шэрмана за пераклад вершаў Шарля Бадлера. І вось — новая ўзнагарода. Якая з атрыманых вам найдаражэйшая і чаму?
— Цяжка параўноўваць, усё пералічанае — абсалютна рознае. Гэта як адказаць, хто табе даражэйшы — Бадлер ці найлепшыя польскія паэты, што важнейшае — дзіцячыя ці дарослыя вершы. Пакуль ёсьць радаснае хваляваньне, нейкая новая эмоцыя. Мабыць, мае прайсьці трохі часу, каб я пачаў больш аб’ектыўна да гэтага ставіцца.
— А пра якую ўзнагароду марыце?
— Хутчэй мару зрабіць, напісаць нешта цікавае, што мяне самога прыемна зьдзівіць. Паспрабаваць нешта, чаго яшчэ не рабіў. Выдаць кнігу прозы, кнігу эсэістыкі. Перакласьці штосьці, да чаго раней баяўся падступацца. Само такое адчуваньне, што нешта атрымліваецца, — найлепшая ўзнагарода.
— З уганараванай кнігай вы, здаецца, аб’езьдзілі ці ня ўсю краіну. Якая з гэтых шматлікіх сустрэчаў з чытачамі «Школы травы» вас найбольш уразіла ці пацешыла?
— Тут маюць быць словы падзякі менскім і рэгіянальным арганізатарам курсаў «Мова Нанова», якія актыўна запрашалі на свае заняткі разам з кніжкай. І я выступіў у тузіне гарадоў — і сустракалі вельмі добра, і набывалі кніжкі. Выдавец Генадзь Вінярскі нават надрукаваў два дадатковыя наклады. Дзякуй музэю Максіма Багдановіча, дзе прайшла менская прэзэнтацыя, для якой выдатная кампазытарка Вольга Падгайская напісала музыку на мае тэксты. І мы іх разам выканалі з Five-Storey Ensemble.
Яшчэ ўдалося двойчы выбрацца з кніжкай ва Ўкраіну — і гэта было фэерычна. Я пра атмасфэру і душэўнасьць сяброў-украінцаў. А яшчэ ў лютым і на пачатку сакавіка зьезьдзіў у тры гарады ў межах фэстывалю «Pradmova», таксама з найлепшымі ўражаньнямі. А потым пачалося, што пачалося… Але спадзяюся, заплянаваная менская «Pradmova» яшчэ адбудзецца пасьля пандэміі.
— Пасьля атрыманьня высокай узнагароды чытачы яшчэ больш хацелі б сустрэцца з любімым аўтарам. Аднак зараза замінае. Як спраўляеце з вымушаным даматурствам?
— Стараюся быць актыўным у магчымым фармаце ў інтэрнэце. Прыдумаў цыкль літаратурных лекцыяў «Санаторый пад клепсыдрай» (ад назвы знакамітай кнігі Бруна Шульца) і раблю стрымы на старонцы Польскага інстытуту ў Менску. Пры аказіі запрашаю — 23 чэрвеня апавядацьму пра знакамітага кантрабандыста і літаратара Сяргея Пясэцкага.
— Вы ня толькі ствараеце і перакладаеце, але яшчэ і выкладаеце. Як вучыце цяпер сваіх студэнтаў, як ацэньваеце іх курсавыя, дыплёмныя, як экзамэнуеце?
— Вядома ж, дыстанцыйна. Выяўляецца, да такіх заняткаў трэба рыхтавацца ўтрая інтэнсіўней. Часам задаю пытаньні і атрымліваю адказы пісьмова, часам праводжу заняткі ў форме відэаканфэрэнцыі. Заадно і вучуся ў сваіх навучэнцаў, як гэта рабіць, бо яны збольшага мацней падрыхтаваныя тэхнічна. Вялікая радасьць і суцяшэньне ў сумныя часы — праводзіць заняткі ў Школе маладых літаратараў, арганізаванай пры Саюзе беларускіх пісьменьнікаў. Больш за дваццаць аўтарак і аўтараў, ёсьць вельмі-вельмі цікавыя. Камунікацыя зь імі, хай сабе і дыстанцыйная, няслаба дапамагае.
— Ці зьмяніла пандэмічная сытуацыя вашы этычныя і эстэтычныя прынцыпы? Чаго ўжо ніколі ня будзе ў ранейшым вясёлым, нават задзірыстым Хадановічу? А што новае ўбачаць-пачуюць вашы чытачы, як некалі ўвесь гэты вірус спрахне?
— Пэўныя зьмены са мной і маім пісаньнем адбыліся ўжо на пару гадоў раней за пандэмію. Думаю, гэта відаць у кнізе. Я раней па-дзіцячаму пачуваўся несьмяротным сярод несьмяротных, а тут неяк больш адчувальна і балюча ўсьвядоміў, што людзі сыходзяць. Ты нешта сабе пішаш, а сьмерць працуе — і ты пачынаеш шукаць нейкія сумнеўныя контраргумэнты… Збольшага на тэрыторыі памяці. Мабыць, старэю…
— Прапануйце, калі ласка, пару-тройку вершаў з пандэмічнай эпохі мінулай вясны.
Хмаркі
Францішку Багушэвічу
Паплылі па небе хмарачкі.
Адна — у выглядзе чарачкі,
другая — у форме закускі,
а трэцяя — смык беларускі.
Над той, што ў форме кілішка, —
вусішчы паэта Францішка,
ды могуць ператварыцца
ў вусішчы паэта Фрыца.
Плывуць празь вясновы ранак
равесьнікі Фрыдрых і Франак
туды, дзе аўтар-нябога
ня зьніцшыў аўтара-бога.
Дзе горад крыўду старую
пакрыўджанай вёсцы даруе,
дзе іх малых спадкаемцаў
ня дзеляць на «рускіх» і «немцаў».
Дзе новы славіст пацее
над вершам Сымона й Мацея.
Рука, адпаведна даце,
выводзіць: «Не пакідайце…»
Паплылі па небе хмарачкі.
Паэт усьміхнуўся з марачкі,
бы хмарку ў сінім канвэрце
паслала сьмерць у бясьсьмерце.
21 сакавіка 2020
Сучасны верш
Не бяды, што сучасны верш
такі, які ёсьць,
бо яго першыя чытачы —
перакладчыкі,
і аўтар ня хоча абразіць іх вершам,
які нельга перакласьці.
Бяда, што сучасны верш
такі, які ёсьць,
бо яго апошнія чытачы —
паэты,
і аўтар ня хоча абразіць іх вершам,
які нельга напісаць.
***
Зьбіраць на пляжы каменьне,
сьляды на пяску і вадзе,
няўцямнасьць і разуменьне,
што ні да чаго не вядзе.
Зьбіраць бяз сэнсу і рэшты,
нібы рыфмаваць бурштын,
чаго ў жыцьці не зьбярэш ты,
хіба на апошні ўспамін
пра лёгкасьць тваёй паклажы,
пра хмар паветраны сад, —
зьбіраць, як вецер на пляжы,
і ў неба кідаць назад.
За тых, хто пасьпеў найменей,
і тых, што здолелі больш, —
у шыбы неба найменьні
шпурляй, шасьцірукі бомж.
За ночы і дня праменьне,
за пекла, чысьцец і рай.
Зьбірай на пляжы каменьне.
Зьбірай. Раскідвай. Зьбірай.
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.