Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі аналітык пра тое, чаму «прыціснулі» Бабарыку і Ціханоўскага


Ператрус у галоўным офісе «Белгазпрамбанку» ў Менску, 11 чэрвеня 2020
Ператрус у галоўным офісе «Белгазпрамбанку» ў Менску, 11 чэрвеня 2020

На пытаньні Радыё Свабода пра выбарчую кампанію ў Беларусі адказаў Ёрг Форбрыг, дырэктар па Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе нямецкага фонду Маршала.

Сьцісла:

  • Ні афіцыйныя заявы, ні падрыхтоўка пакуль што ня сьведчаць пра тое, што гэтыя выбары будуць менш сфальшаваныя, чым у мінулым. Аднак ёсьць адрозьненьне ў іх кантэксьце і атмасфэры.
  • Іронія ў тым, што калі падтрымка Лукашэнкі ўнутры Беларусі пачала слабець, яна ўзмацнілася сярод краін Захаду.
  • Крэмль ведае, што якім бы складаным і дарагім саюзьнікам ні быў Лукашэнка, ён найлепшы варыянт для Расеі, каб прадухіліць любыя дэмакратычныя зьмены і рэарыентацыю Беларусі ў бок Эўропы.
  • Рост эканамічных праблем наўрад ці памяняе хаду будучых выбараў.
  • Вылучэньне Бабарыкі і Цапкалы — пакуль што самы ясны знак таго, што прынамсі некаторыя часткі беларускіх кіраўнічых колаў робяцца незадаволенымі.
  • Калі дзяржава ня здолела знайсьці адказу на пандэмію, грамадзянская супольнасьць мабілізоўвала людзей і рэсурсы і паказала выдатную здольнасьць дзейнічаць.
  • Рэжым Лукашэнкі зразумеў зь мінулага, што масіўны паліцэйскі гвалт у дзень выбараў можа выклікаць жорсткі адказ Захаду. Таму рэжым спрабуе здушыць выклікі ў зародку.

«Для Аляксандра Лукашэнкі і ягонага дзяржаўнага апарату вынік выбараў перадвызначаны»

— Вы адзін з аўтараў апублікаванага ў сакавіку дасьледаваньня «Усходнеэўрапейскія будучыні: Чатыры сцэнары для „Ўсходняга партнэрства“ 2030». Апошні сцэнар для краін гэтай ініцыятывы (сярод якіх і Беларусь) у гэтым дасьледаваньні называецца «Грамадзкае разьняволеньне». У ім закасьцянелае кіраўніцтва «правакуе большую мабілізацыю грамадзкай супольнасьці і ціск зьнізу». Як у выпадку негвалтоўнай рэвалюцыі ў Армэніі, грамадзтвы атрымліваюць большы кантроль над краінай. Наколькі імаверны такі сцэнар у кантэксьце цяперашніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі?

Ёрг Форбрыг
Ёрг Форбрыг

— Сцэнар, які мы назвалі «Грамадзкае разьняволеньне», прадугледжвае, што грамадзтвы ў краінах «Усходняга партнэрства» ўсё больш будуць браць свой лёс і будучыню ва ўласныя рукі. Яны расчараваліся ў палітычным кіраўніцтве і элітах, якія амаль ці зусім не палепшылі жыцьцё звычайных людзей. Яны бачаць, як Расея праз карумпаваныя эліты па ўсёй Ўсходняй Эўропе стрымлівае суседнія краіны і перашкаджае любому прагрэсу там. Яны таксама бачаць абыякавы Захад, які ня надта актыўна падтрымлівае дэмакратыю, бясьпеку і дабрабыт у гэтым рэгіёне. Іх лягічная выснова ў тым, што толькі яны, народы Ўсходняй Эўропы, могуць зрабіць пазытыўныя зьмены.

Беларусь тут добры прыклад. Беларусам ужо надакучыў нібыта вечны Аляксандар Лукашэнка, яны пабачылі, як дзесяцігодзьдзі стагнацыі пагоршылі іх некалі вельмі разьвітую краіну і эканоміку, яны сфармавалі адчуваньне ідэнтычнасьці і гонару за сваю краіну, і яны адмаўляюцца быць проста цацкай у нейкіх геапалітычных гульнях паміж Расеяй і Захадам. Гэтае адчуваньне суб’ектнасьці стала ўсё больш і больш відавочным у апошнія гады, апошнім разам падчас крызісу з COVID-19, калі беларускае грамадзтва выдатна самаарганізавалася ў той час, як урад Лукашэнкі ня даў адказу на пандэмію. Аднак застаецца адкрытым пытаньне, ці пакажа сябе гэтае разьняволеньне беларускага грамадзтва ўжо ў часе гэтых прэзыдэнцкіх выбараў.

— Ці перадвызначаны, на вашу думку, вынік выбараў у жніўні, ці ўсё ж вы бачыце знакі магчымых зьменаў?

— Для Аляксандра Лукашэнкі і ягонага дзяржаўнага апарату вынік выбараў перадвызначаны. Калі меркаваць па ўсіх ранейшых апытаньнях, цяперашні кіраўнік павінен быць «пераабраны» прыблізна з 80 працэнтамі галасоў. Ні афіцыйныя заявы, ні падрыхтоўка пакуль што ня сьведчаць пра тое, што гэтыя выбары будуць менш сфальшаваныя, чым у мінулым.

Аднак ёсьць адрозьненьне ў кантэксьце і атмасфэры, у якіх будуць праходзіць выбары. Застаецца нявырашаным крызіс у адносінах з Расеяй, і застаецца няясным, якую пазыцыю зойме Крэмль у адносінах да беларускіх выбараў. Паглыбляецца эканамічны крызіс і скарачаюцца фінансавыя запасы, што ўскладняе для Лукашэнкі раздачу перадвыбарчых выплат для ключавых групаў электарату. Некампэтэнтнасьць у вырашэньні каранавіруснага крызісу паказала шмат каму з насельніцтва, наколькі ўлады да іх абыякавыя.

Да таго ж прысутнічае незвычайна моцны набор прэтэндэнтаў там, дзе раней былі ці афіцыйныя спарынг-партнэры, ці маргіналізаваная апазыцыя. Усё гэта робіць Лукашэнку і ягоны рэжым усё больш нэрвовымі, і яны відавочна рыхтуюцца, у тым ліку празь нядаўнія перастаноўкі ва ўрадзе, адбіць выклік любымі сродкамі.

«Захад спадзяецца, што Лукашэнка ўстрымаецца ад найгоршых рэпрэсій»

— Сяргей Уткін з расейскага інстытуту імя Прымакова кажа, што Лукашэнку цяпер разглядаюць як гаранта стабільнасьці і Расея, і Захад. Ці падзяляеце вы такое меркаваньне?

— Сам Лукашэнка актыўна ствараў сабе вобраз гаранта стабільнасьці. Спачатку ўнутры Беларусі, дзе ён доўга пераконваў людзей, што толькі ён стаіць паміж імі і палітычным ды эканамічным хаосам, ад якога нібыта пакутуюць усе суседзі Беларусі. Пасьля расейскай агрэсіі ва Ўкраіне Лукашэнка таксама знайшоў міжнародную аўдыторыю для такіх разважаньняў. І для Расеі, і для Захаду ён прэзэнтаваў сябе якарам рэгіянальнай стабільнасьці, плятформай для разьвязваньня канфліктаў і для геапалітычнага дыялёгу, надзейным партнэрам і для Расеі, і для Захаду. І ўнутры краіны, і за мяжой абяцаньне стабільнасьці з боку Лукашэнкі — гэта насамрэч заклік прыняць і падтрымаць палітычны статус-кво, ягоную аўтакратычную ўладу.

Іронія ў тым, што калі падтрымка яго ўнутры Беларусі пачала ў апошнія гады слабець, яна ўзмацнілася сярод краінаў Захаду, якія зьнялі большасьць санкцый і нармалізавалі адносіны зь Беларусьсю. Расея, у сваю чаргу, выглядае менш зацікаўленай у Лукашэнку як у стабілізатару. Інакш чаму б Масква актыўна падштурхоўвала Менск да эканамічнага каляпсу і здачы беларускага сувэрэнітэту?

— Ці бачыце вы нейкія істотныя адрозьненьні ў пазыцыях ЗША і Эўразьвязу датычна Беларусі і Лукашэнкі?

— За апошнія гады палітыка ЗША і Эўразьвязу датычна Беларусі рухалася па цікавай траекторыі. Пачаткова абодва бакі супадалі ў крытыцы рэжыму Лукашэнкі і ў пытаньні палітычных ды эканамічных санкцый у сувязі з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі. З пачаткам расейскай вайны ва Ўкраіне Эўразьвяз пачаў разглядаць Беларусь больш праз прызму рэгіянальнай стабільнасьці, чым дэмакратыі. ЭЗ зьняў большасьць санкцый і заняўся вельмі актыўнай дыпляматыяй і дыялёгам, галоўным вынікам чаго хутка мае стаць лібэралізаваны візавы рэжым зь Беларусьсю.

ЗША зь некаторай затрымкай пайшлі тым жа шляхам з тых самых геапалітычных прычын. Яны прыпынілі большасьць сваіх санкцый і ўзмацнілі свае стасункі, у тым ліку і празь візыты вельмі высокага ўзроўню ў Беларусь цягам апошняга году, аднаўленьне паўнавартасных дыпляматычных сувязяў і нават першыя пастаўкі амэрыканскай нафты. У выніку палітыка ЗША і Эўразьвязу фактычна зноў супадае, хоць і ў крыху іншым стане: і тыя, і другія маюць цалкам нармалізаваныя стасункі зь Беларусьсю, яны могуць мякка крытыкаваць недахоп дэмакратыі, але галоўны акцэнт робяць на беларускім сувэрэнітэце і спадзяюцца, што Лукашэнка ўстрымаецца ад найгоршых рэпрэсій.

«Апарат бясьпекі ўжо ў поўным рэжыме запалохваньня»

— Наколькі імаверны сцэнар 2010 году — калі Лукашэнка выкарыстоўвае масавыя рэпрэсіі пасьля выбараў і гэта прыводзіць да рэзкага пагаршэньня адносінаў з Захадам?

— Паўтарэньне сцэнару 2010 году малаімавернае з шэрагу прычын. Па-першае, самі ўлады ў Менску ня могуць быць зацікаўленыя ў такім сцэнары. Ім патрэбна палітычнае прызнаньне і матэрыяльная падтрымка Захаду, каб стаяць супраць расейскіх пагроз беларускаму сувэрэнітэту. Па-другое, рэжым Лукашэнкі можа аслабіць кампаніі некаторых шматабяцальных прэтэндэнтаў. Некаторым ён адмовіць у рэгістрацыі, а тых, каму дазволяць удзельнічаць, будуць ачарняць у дзяржаўных СМІ. Па-трэцяе, прызначыўшы выбары на пік летняга сэзону, улады фактычна дэмабілізуюць частку грамадзян — не ў апошнюю чаргу гарадзкіх жыхароў. Гэта можа панізіць яўку, але таксама зьмяншае пратэставы патэнцыял. Па-чацьвертае, прынамсі двое з наймацнейшых прэтэндэнтаў — Віктар Бабарыка і Валер Цапкала — не заклікаюць да пратэстаў.

І нарэшце, дзяржаўны апарат і апарат бясьпекі ўжо ў поўным рэжыме запалохваньня. Пачынаючы зь вясны хваля рэпрэсій пракацілася па грамадзянскіх актывістах, незалежных журналістах і актыўных грамадзянах, і гэта мае на мэце запалохаць тых, хто думае пра мабілізацыю вакол выбараў.

У выніку верагодна, што пратэсты вакол выбараў будуць вельмі абмежаваныя па маштабе і зь імі можна будзе справіцца без адкрыта брутальнага здушэньня з боку апарату бясьпекі. Такая адсутнасьць празьмернага паліцэйскага гвалту, як і ў 2015 годзе, дазволіць Захаду не перарываць стасункаў зь Беларусьсю.

— А што ў вачах заходніх палітыкаў магло б успрымацца як «празьмерны паліцэйскі гвалт», які можа перарваць такія стасункі?

— Арыенцірам тут мае служыць сьнежань 2010 году. Тады пераважна мірны масавы пратэст у Менску быў жорстка разагнаны сіламі бясьпекі. Сотні людзей былі параненыя і арыштаваныя, у тым ліку некалькі кандыдатаў у прэзыдэнты. Калі такі сцэнар паўторыцца ў жніўні, краіны Захаду наўрад ці змогуць заплюшчыць на гэта вочы і працягваць стасункі ў звычайным рэжыме.

«Масква пакідае Менску прастору, каб забясьпечыць пераход да наступнага прэзыдэнцкага тэрміну»

— Ці магчыма, што асноўных апанэнтаў Лукашэнкі на гэтых выбарах неяк падтрымае Масква?

— Гэта наўрад ці магчыма. Для Лукашэнкі няма ніякай выгады дазваляць удзел кандыдатам з расейскай падтрымкай. Наадварот, гэта значыла б наклікаць непрыемнасьці, бо такі кандыдат меў бы глыбокія кішэні, падтрымку расейскіх СМІ і сацыяльных сетак, якія даступныя ў Беларусі, і мабілізаваў бы прарасейскі электарат, які існуе ў краіне. Гэта была б невылічальная і непатрэбная рызыка.

У сваю чаргу, Масква таксама наўрад ці адкрыта падтрымае апанэнта Лукашэнкі. Яна мела б навучыцца з правалаў на постсавецкай прасторы, што такая падтрымка лёгка можа даць адваротны вынік. Але пры гэтым Крэмль можа даць прыхаваную падтрымку, фінансавую ці іншую, асобным прэтэндэнтам. Сапраўды, у апошнія тыдні ў Беларусі шмат разважаньняў пра тое, хто з прэтэндэнтаў можа быць такім траянскім канём.

— Якой, на вашую думку, будзе стратэгія Масквы на гэтых выбарах?

— Сувязі паміж Беларусьсю і Расеяй напружаныя ўжо шмат гадоў, і рэгулярна ўспыхваюць канфлікты з розных нагодаў — ад нафты і газу праз малако і мяса да вайсковых базаў і глыбейшай інтэграцыі. Масква часта ціснула на Менск жорстка, каб дабіцца саступак, але ніколі не настолькі жорстка, каб рызыкаваць, што Лукашэнка страціць уладу. Крэмль проста ведае, што якім бы складаным і дарагім саюзьнікам ні быў Лукашэнка, ён найлепшы варыянт для Расеі, каб прадухіліць любыя дэмакратычныя зьмены і рэарыентацыю Беларусі ў бок Эўропы. Адпаведна, Масква пакідае Менску прастору для дыханьня, каб забясьпечыць пераход да наступнага прэзыдэнцкага тэрміну.

Спрэчкі пра палітычную інтэграцыю і пра пастаўкі нафты ды газу пастаўленыя на паўзу і адкладзеныя да часу пасьля выбараў. Масква ўстрымліваецца ад адкрытага ўмяшаньня ў выбары, і яна падтрымае Менск супраць любой міжнароднай крытыкі ў сувязі з выбарчымі фальсыфікацыямі і магчымымі рэпрэсіямі. Калі Лукашэнка бясьпечна ўладкуецца ў новым тэрміне [прэзыдэнцтва], пад канец году, усе гэтыя спрэчкі зноў зьявяцца. Так атрымалася, што гэты расклад таксама пасуе Крамлю, перад якім стаіць падобная патрэба разабрацца з унутранай палітыкай. Толькі пасьля таго, як Масква разьвяжацца з будучым канстытуцыйным рэфэрэндумам, яна зноў пераключыць увагу на Менск і на іншыя рэчы.

«Цалкам наступствы эканамічнага спаду можна будзе адчуць толькі пасьля выбараў»

— Ці могуць праявы эканамічнага крызісу стаць настолькі заўважнымі падчас выбарчай кампаніі, каб падарваць пазыцыі Лукашэнкі, у тым ліку падтрымку яго дзяржаўнымі чыноўнікамі?

— Эканамічная стагнацыя і крызіс ня новыя рэчы для беларусаў — як для эліт, гэтак і для звычайных грамадзян. Шмат хто разумее, што постсавецкая мадэль нерэфармаванай збольшага эканомікі, якая жыве на расейскіх энэргетычных субсыдыях, не зьяўляецца ўстойлівай. Тым ня менш, рост эканамічных праблем наўрад ці памяняе хаду будучых выбараў, з розных прычын. Цалкам наступствы глябальнага эканамічнага спаду пасьля COVID-19 можна будзе адчуць толькі пасьля выбараў.

Глябальная прырода мэдычнага і эканамічнага крызісу дазваляе Лукашэнку вінаваціць ва ўсіх цяжкасьцях вонкавыя фактары, а ня ўласныя хібы і правалы. Ягоны ўрад мабілізуе ўсе даступныя рэсурсы, каб ня даць патануць праблемным сэктарам эканомікі ды прадпрыемствам і пазьбегнуць хваляваньняў.

Беларускія эліты, ад тэхнакратаў у дзяржаўным апараце да бізнэс-супольнасьці, спадзяюцца, што два эканамічна дасьведчаныя і арыентаваныя на рэформы прэтэндэнты выкажуць іх трывогі, але пры гэтым яны наўрад ці будуць рызыкаваць сваімі прывілеямі, каб адкрыта ўключыцца ў палітыку. Шмат хто з грамадзян, хоць і адчувае эканамічна цяжкае становішча, захоўвае пры гэтым насьцярожанае стаўленьне да грунтоўных рэформаў. Яны назіралі ў суседніх краінах, што такія рэформы маюць вялікую сацыяльную цану. Усё гэта здымае вастрыню сацыяльна-эканамічнага ціску, які відавочна назьбіраўся ў Беларусі.

«Парасткі сучаснай беларускай нацыі існуюць паралельна дзяржаве і палітыцы»

— Лукашэнка сьвядома прымяншаў пагрозу COVID-19, называючы хваробу формай псыхозу і падкрэсьліваючы патрэбу захаваць працу эканомікі. На вашую думку, такі падыход дапаможа ці пашкодзіць яму?

— Наступствы відавочна неадэкватнага падыходу да крызісу COVID-19 з боку Лукашэнкі лепш разглядаць праз доўгатэрміновую прызму. Даволі доўгі час расло адчужэньне паміж палітычным рэжымам і значнымі часткамі грамадзтва. Першапачаткова гэта абмяжоўвалася апазыцыйна настроенымі беларусамі, якія адкрыта крытыкавалі і адпрэчвалі рэжым Лукашэнкі. Потым пачалося шырэйшае адраджэньне беларускай ідэнтычнасьці і культуры, якія для многіх людзей пярэчаць савецкаму стылю і сыстэме, якую рэпрэзэнтуе Лукашэнка.

Паўстала энэргічная грамадзянская супольнасьць, якая самаарганізуе грамадзян для вырашэньня мясцовых, сацыяльных і культурных пытаньняў. Моцны беларускі IT-сэктар стварыў новую клясу прадпрымальнікаў і бізнэс-культуру, якая мае мала супольнага з палітыкай і эканомікай Лукашэнкі. Усё гэта выспы сацыяльнага жыцьця ці сапраўдныя парасткі сучаснай беларускай нацыі, якія існуюць паралельна дзяржаве і палітыцы.

Калі з прыходам пандэміі ў Беларусь дзяржава відавочна ня здолела знайсьці адказу, усе гэтыя часткі аўтаномнага грамадзтва ўключыліся ў дзеяньне. Яны мабілізоўвалі людзей і рэсурсы ў вялікім маштабе, яны здолелі адказаць на некаторыя з самых вострых патрэбаў у гэтым крызісе здароўя, і яны паказалі — сабе і дзяржаве — выдатную здольнасьць дзейнічаць. Гэта можа толькі надалей узмацніць упэўненасьць і далейшае вызваленьне беларускага грамадзтва ад дзяржавы і рэжыму, якія існуюць пад Лукашэнкам.

— Ці сьведчыць зьяўленьне такіх прэтэндэнтаў, як Віктар Бабарыка і Валер Цапкала, пра нейкія грунтоўныя зьмены ў беларускай палітыцы?

— Нечаканае вылучэньне і Бабарыкі, і Цапкалы — пакуль што самы ясны знак таго, што прынамсі некаторыя часткі беларускіх палітычных, адміністрацыйных і карпарацыйных кіраўнічых колаў робяцца незадаволенымі. Для многіх тэхнакратаў, мэнэджэраў і адміністратараў патрэба эканамічных рэформаў даўно была відавочнай, калі краіна хоча выбрацца з доўгай стагнацыі. Гэты пашыраны настрой выкарыстоўваюць Бабарыка і Цапкала, якія самі паходзяць з асяродзьдзя прыхільнікаў мяккага курсу ў беларускай эліце.

Да таго ж выглядае, што абодва маюць значную падтрымку з боку маладых, гарадзкіх і адукаваных беларусаў. Тых, хто даўно ўжо крытычна ставіцца да Лукашэнкі, але пакуль што ня меў альтэрнатывы, якая б спалучала новае бачаньне Беларусі з вартым даверу кіраўнічым досьведам.

Мяркуючы па першых рэакцыях Лукашэнкі і ягонага рэжыму, выклік з боку Бабарыкі і Цапкалы ўспрымаецца вельмі сур’ёзна. Лукашэнка асабіста абрынуўся на Бабарыку і Цапкалу, прызначыў новага прэмʼер-міністра з вайсковым мінулым і пагрозьліва разважаў пра гвалтоўнае здушэньне пратэстаў. Гэта ясныя папярэджаньні ўсім у беларускіх элітах, што ня будзе дазволена ніякіх грунтоўных зьменаў у беларускай палітыцы.

«Ціханоўскі стварыў для Лукашэнкі рэальныя праблемы»

— У Беларусі стаялі вялікія чэргі, каб падпісацца за Сьвятлану Ціханоўскую — патэнцыйную кандыдатку, якой многія нават ня бачылі. Яе муж, відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, жорстка крытыкаваў Лукашэнку, называў выбары фарсам, і трапіў у турму. Ці лічыце вы, што Ціханоўскі здолеў прыцягнуць шмат беларусаў, якія раней падтрымлівалі Лукашэнку ці былі апалітычнымі?

— Ціханоўскі — гэта іншая навінка гэтых прэзыдэнцкіх выбараў. Ён стварыў плятформу, якая дазваляе простым беларусам, часта не з галоўных гарадоў, выказаць незадаволенасьць, якая набралася за гады — незадаволенасьць высокімі цэнамі, нізкімі заробкамі, кепскімі дзяржаўнымі паслугамі, няроўнасьцю паміж рэгіёнамі і г.д. Усе гэтыя крыўды зводзяцца ў адно простае патрабаваньне: Лукашэнка павінен сысьці.

Гэты папулісцкі рух стварае праблему для Лукашэнкі з розных прычын. Па-першае, ён займае палітычную тэрыторыю, якая доўгі час належала самому Лукашэнку. Ягоная ўласная прывабнасьць для публікі грунтавалася на чыстым папулізьме, але цяпер яе аслабіў Ціханоўскі. Па-другое, гэты рух выкарыстоўвае і радыкалізуе электарат, які доўга пагаджаўся з кіраваньнем Лукашэнкі ці нават падтрымліваў яго. Рост незадаволенасьці ў беларускіх рэгіёнах відавочна зьмяншае базу падтрымкі Лукашэнкі. Па-трэцяе, дэцэнтралізаваная прырода гэтага руху нагадвае пратэсты 2017 году супраць «закону аб дармаедзтве». Успышка пратэстаў адразу ў некалькіх месцах Беларусі выклікае сурʼёзны галаўны боль у апарату бясьпекі. Таму ня дзіва, што рэжым Лукашэнкі робіць усё магчымае, каб здушыць гэты выклік у зародку.

— Сяргея Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак — іх трымаюць за кратамі, і сам Ціханоўскі мае там застацца да дня выбараў. 11 чэрвеня пачалі крымінальную справу супраць супрацоўнікаў Белгазпрамбанку, які зусім нядаўна ўзначальваў Віктар Бабарыка. Якімі могуць быць «чырвоныя лініі» для Захаду ў рэпрэсіях супраць патэнцыйных кандыдатаў і іх камандаў?

— На жаль, няма яснай градацыі для рэпрэсіўнасьці рэжымаў кшталту таго, што існуе ў Беларусі, і для санкцый Захаду ў адказ. Рэжым Лукашэнкі зразумеў зь мінулага, што масавы паліцэйскі гвалт у дзень выбараў можа выклікаць жорсткі адказ Захаду, як было ў 2010-м, а адсутнасьць такога здушэньня можа наладзіць палітычныя сувязі з Захадам, як было ў 2015-м.

Выглядае, што гэты досьвед прывёў сёлета рэжым Лукашэнкі да высновы, што варта загадзя прадухіліць маштабную мабілізацыю з боку прэтэндэнтаў [на прэзыдэнцкую пасаду]. Рэжым спадзяецца, што пазьнейшыя рэпрэсіі, з магчымымі наступствамі для адносінаў з Захадам, зробяцца, такім чынам, непатрэбнымі. Перасьлед супраць кампаній Ціханоўскага і Бабарыкі — відавочна наймацнейшых сярод прэтэндэнтаў — упісваецца ў такую схему.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG