На рэстаўрацыю Гальшанскага і Крэўскага замкаў, а таксама касьцёла ў Мсьціславе выдзелілі больш за 3 мільёны рублёў са сродкаў фонду прэзыдэнта, паведамляе БелаПАН.
Аляксандар Лукашэнка 5 чэрвеня зацьвердзіў рашэньне савету фонду прэзыдэнта Беларусі аб падтрымцы культуры і мастацтва.
Міністэрству культуры ў 2020 годзе са сродкаў фонду будзе выдзелена больш за 3 мільёны рублёў. Гэтыя грошы пойдуць на рэстаўрацыю сядзібна-паркавага ансамблю ў вёсцы Закозель Драгічынскага раёну Берасьцейскай вобласьці, Гальшанскага і Крэўскага замкаў, касьцёла ў Мсьціславе Магілёўскай вобласьці, які ўваходзіць у склад аб'екта «Былы калегіюм езуітаў: касьцёл, манастырскі корпус з сюжэтнымі росьпісамі ў інтэр'еры кельляў і трапэзнай (1745-1750)».
Таксама сродкі выдзеляць на папаўненьне фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі комплексам рукапісных і друкаваных кніжных помнікаў.