192 муніцыпальныя і рэгіянальныя дэпутаты падпісалі адкрыты ліст, у якім выказаліся супраць паправак да Канстытуцыі, прапанаваных прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, паведаміла муніцыпальная дэпутатка Ціміразеўскага раёну Масквы Юлія Галяміна на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».
Аўтары ліста сьцьвярджаюць, што зьмены ў Канстытуцыю Расеі, прапанаваныя прэзыдэнтам, накіраваныя на «забесьпячэньне пажыцьцёвай улады самога Пуціна і яго групы».
«Мы маем справу са спробай дзяржаўнага перавароту <...> Мы катэгарычна не падтрымліваем паправак Уладзіміра Пуціна. Яны руйнуюць расейскую дзяржаву і ствараюць пагрозу самому яе існаваньню ўжо ў найбліжэйшай будучыні. Гэтыя зьмены несумяшчальныя са свабодай і дэмакратыяй, годнасьцю і правамі чалавека», — сказана ў лісьце.
Таксама дэпутаты заклікаюць усіх грамадзян Расеі выказаць публічную нязгоду з папраўкамі.
«Абавязак кожнага адказнага грамадзяніна Расеі цяпер — не згаджацца са зьмяненьнем Канстытуцыі Пуціным, адкрыта выказвацца супраць гэтых зьменаў, супраць ўсеўладзьдзя Пуціна, супраць зьневажаньня правоў і свабодаў грамадзян», — заявілі ў адкрытым лісьце дэпутаты.
Галасаваньне ў справе паправак да Канстытуцыі пройдзе 1 ліпеня. У ліку зьмен — «абнуленьне» тэрмінаў Уладзіміра Пуціна (папраўка дазволіць яму заставацца ва ўладзе да 2036 году), замацаваньне статусу расейскай мовы як «мовы дзяржаваўтваральнага народу», вызначэньне шлюбу як саюзу мужчыны і жанчыны, забарона «фальсыфікацыі гісторыі» і іншыя. Галасаваць за папраўкі можна будзе толькі пакетам: за або супраць усіх.
- Галасаваньне пройдзе, нягледзячы на эпідэмію каранавірусу ў Расеі. Раней улады прынялі некалькі важных зьменаў у закон, які рэгулюе працэс галасаваньня: экспэрты тлумачылі іх спробай падвысіць яўку.
- Прыняць удзел у галасаваньні можна будзе датэрмінова на працягу шасьці дзён, пры выдачы бюлетэняў выбарчыя камісіі ня будуць запісваць пашпартныя зьвесткі, а ўсе ахвотныя змогуць прагаласаваць дыстанцыйна.
- Пляцоўкі для галасаваньня можна будзе абсталяваць на адкрытым паветры, а галасаваньне «на даму» арганізуюць бескантактавым спосабам.