Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб пакласьці новых хворых, трэба выпісаць тых, каго ўжо падлячылі». Як выпісваюць хворых з каранавірусам


Ілюстрацыйнае фота. Палата ў адным зь менскіх шпіталяў, дзе ляжаць хворыя на каранавірус
Ілюстрацыйнае фота. Палата ў адным зь менскіх шпіталяў, дзе ляжаць хворыя на каранавірус

Цяпер ня трэба чакаць двух адмоўных тэстаў, каб пацыента з каранавірусам выпісалі са шпіталя. Хворых зь лёгкай формай выпісваюць праз 14 дзён з адным адмоўным тэстам. Калі тэст станоўчы, бальнічны закрываюць на 21-ы дзень. Мінздароўя апублікавала тлумачэньні да загаду № 557 ад 21 траўня.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Але насамрэч са шпіталяў масава пачалі выпісваць людзей і са станоўчымі тэстамі. Свабода разьбіралася, наколькі гэта небясьпечна, ці можа такі чалавек інфікаваць іншых.

На ўмовах ананімнасьці лекар аднаго са шпіталяў патлумачыў Свабодзе, што цяпер абвешчаны курс на вяртаньне шпіталяў, якія на пачатку красавіка перавялі пад лячэньне каранавірусу, да свайго асноўнага профілю.

«Інфікаваных стала не нашмат менш: амаль месяц было больш за 900 новых штодня, а апошнія некалькі дзён па 850–890. А менскі гарадзкі анкалягічны дыспансэр, бальніца хуткай мэдычнай дапамогі, 8-ы, 11-ы і некаторыя іншыя шпіталі перасталі прымаць каранавірусных. Таму, каб пакласьці новых хворых, трэба выпісаць тых, каго ўжо падлячылі. Што і ўзаконіла Мінздароўя», — кажа доктар аднаго са сталічных шпіталяў, дзе яшчэ працягваюць лячыць пацыентаў з COVID-19.

Таму пацыентаў зь няцяжкім цячэньнем хваробы трымаюць у шпіталях максымум 2 тыдні і выпісваюць далечвацца дома.

«Тэст станоўчы, але доктарка абнадзеіла: пачалі выпрацоўвацца імунаглябуліны G»

40-гадовую Галіну сёньня выпісалі з 5-га шпіталя са станоўчым тэстам на каранавірус і пнэўманіяй — на 13-ы дзень пасьля шпіталізацыі.

У сям’і Галіна захварэла першай. 17 траўня падскочыла тэмпэратура, зьявіліся іншыя сымптомы каранавірусу. Зрабілі тэст — аказаўся станоўчы, але жанчыну пакінулі дома. Больш тэстаў не рабілі, нягледзячы на тое, што ўся сям’я — кантакты першага ўзроўню. Праз пару дзён затэмпэратурыў сын-падлетак, адзін дзень трымалася тэмпэратура 38. У яго таксама дыягнаставалі COVID-19. Сын пераносіць хваробу бессымптомна, знаходзіцца дома і лічыць дні да 6 чэрвеня, калі споўніцца 21 дзень ад пачатку хваробы, скончыцца самаізаляцыя і ён зможа вярнуцца да трэніровак.

Галіна спачатку таксама хварэла ў лёгкай форме, лячыліся дома. Але дзён празь пяць стан пагоршыўся. Выклікалі хуткую, завезьлі ў пяты шпіталь. Зрабілі кампутарную тамаграфію — паказала двухбаковую пнэўманію. Некалькі дзён давалі процімалярыйны прэпарат імарт, але ў сярэдзіне мінулага тыдня ўсім у палаце імарт адмянілі.

1 чэрвеня прыйшоў вынік другога тэсту — аказаўся станоўчы. Але 2 чэрвеня Галіну выпісалі. Са сваім станоўчым тэстам яна будзе далечвацца дома.

«А паколькі ў шпіталі ніякага лячэньня, акрамя амбраксолу, няма, цяпер мяне будзе назіраць участковы доктар з паліклінікі. Я крыху пабойваюся за мужа. Можа, ён таксама перахварэў у лёгкай форме і ня ведае пра гэта. А калі не? Я нават ня ведаю, ці магу яго заразіць. З аднаго боку, сёньня 20-ы дзень, як я захварэла. Але ж тэст станоўчы! Мяне доктарка пры выпісцы абнадзеіла: экспрэс-тэст паказаў, што ўжо пачалі выпрацоўвацца імунаглябуліны G, то бок я іду на папраўку. А зьмены ў лёгкіх могуць захоўвацца да 6 месяцаў, таму КТ рабіць пакуль няма сэнсу, сказала яна», — разважае Галіна.

Далечвацца ў санаторыі накіроўваюць толькі людзей з групы рызыкі

Жанчына ня ведае, ці будуць ёй рабіць яшчэ адзін тэст і калі закрыюць бальнічны. На мінулым тыдні дзьвюх яе суседак па палаце выпісалі і накіравалі ў Аксакаўшчыну, прычым адну са станоўчым тэстам, другую — з адмоўным. Там ніякага лячэньня, проста ізалявалі ў трохмесным нумары, зь якога выходзіць нельга. Ежу пакідаюць каля дзьвярэй, выходзіць можна толькі на балькон. Галіне санаторый не прапаноўвалі — няма месцаў.

На мінулым тыдні 33-гадоваму Антону, які ляжыць ужо больш як 3 тыдні з СOVID-асацыятыўнай двухбаковай полісэгмэнтарнай пнэўманіяй у 6-м шпіталі, паведамілі, што на гэтым тыдні яго перавядуць далечвацца ў Бараўлянскі шпіталь вэтэранаў. 2 чэрвеня яго выпісваюць зь недалечанай пнэўманіяй. Далечвацца таксама не накіроўваюць — маўляў, месцаў у санаторыях для маладых няма, толькі для людзей з групы рызыкі. Сказалі да канца тыдня паназірацца ў паліклініцы па месцы жыхарства, а 8 чэрвеня выходзіць на працу. Мужчына таксама непакоіцца, што можа заразіць блізкіх, якія не хварэлі на каранавірус.

Інфэкцыяніст: «Пасьля 12-га дня вірус перастае несьці нейкую небясьпеку для атачэньня інфікаванага»

Паводле тлумачэньняў Мінздароўя, у чалавека, які інфікаваны COVID-19, рэшткі РНК вірусу пры ПЛР-дыягностыцы (полімэразнай ланцуговай рэакцыі) могуць выдзяляцца больш за месяц. Аднак дасьледаваньні кітайскіх навукоўцаў паказваюць, што гэта нежыцьцяздольны вірус, які ня можа інфікаваць каго-небудзь яшчэ.

Лекар-інфэкцыяніст, кандыдат мэдычных навук пацьвердзіў Свабодзе, што няма доказаў таго, што пасьля 12-га дня ад моманту інфікаваньня чалавек можа некага заразіць COVID-19.

«Дасьледаваньні паказваюць, што сапраўды жыцьцяздольным вірус захоўваецца максымум праз 12 дзён ад моманту зьяўленьня клінічных сымптомаў. А ПЛР не дыфэрэнцыруе, жыцьцяздольны ўзбуджальнік ці не. Ён дэтэктуе генэтычны матэрыял узбуджальніка.

Апублікаваныя дасьледаваньні паказваюць, што пасьля 12-га дня вірус перастае несьці нейкую небясьпеку для атачэньня інфікаванага. То бок у дасьледаваньнях не было даказана, што калі пасьля 12-га дня захоўвалася пазытыўная ПЛР, то хтосьці мог заразіцца ад такога чалавека і захварэць», — тлумачыць інфэкцыяніст.

Разьвеяў інфэкцыяніст і яшчэ адну боязь людзей, у якіх хвароба праходзіць у лёгкай форме, а побач зь імі ў палаце ляжаць людзі зь цяжкай пнэўманіяй і кашляюць.

«Шпіталізуюць у адну палату людзей з аднолькавым дыягназам. Лёгкая ці цяжкая форма хваробы — значэньня ня мае».

Як чалавек пераносіць хваробу, залежыць ад арганізму, імунітэту ды іншых акалічнасьцяў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG