Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна запатрабавала роўнага доступу на энэргарынак Беларусі, разглядае забарону на пастаўкі беларускай энэргіі да 2022 году


Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль, архіўнае фота
Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль, архіўнае фота

Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны разам зь іншымі ведамствамі, у тым ліку Міністэрствам замежных спраў, разглядае пытаньне аб спыненьні паставак беларускай электраэнэргіі да сьнежня 2021 году — пакуль пастаўкі спыненыя да канца 2020-га. Украіна патрабуе роўнага доступу на энэргарынак Беларусі.

Як паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе міністэрства, такое рашэньне ўхвалена Антыкрызісным энэргетычным штабам на чале з прэм’ер-міністрам Дзянісам Шмыгалем.

Адной з умоў аднаўленьня паставак беларускай электраэнэргіі назвалі атрыманьне парытэтнага доступу ўкраінскай электрычнай энэргіі на рынак Беларусі.

«Канчатковае рашэньне (аб адмове ад беларускай электрыкі. — РС) пакуль не ўхвалена», — адзначылі ў прэс-службе Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны.

Незадоўга да гэтага выканаўца абавязкаў міністра энэргетыкі Ўкраіны Вольга Буславец заявіла, што імпарт электраэнэргіі зь Беларусі і Расеі нэгатыўна адбіўся на ўкраінскім рынку электраэнэргіі, у прыватнасьці на дзейнасьці атамных і вугальных электрастанцый.

«Я не разумею, як у сытуацыі, калі краіна мае свой уласны прафіцыт электраэнэргіі, можна дазволіць браць гэтую электраэнэргію і плаціць грошы суседзям, а сваю генэрацыю абмяжоўваць. Я лічу гэта недапушчальным», — заявіла кіраўніца Міністэрства энэргетыкі.

Паводле Вольгі Буславец, ва ўмовах скарачэньня спажываньня электраэнэргіі Ўкраіна выдаткавала 5 мільярдаў грыўняў (прыкладна 200 мільёнаў даляраў у эквіваленце) на набыцьцё замежнай электраэнэргіі, якую маглі выпрацаваць на ўласных магутнасьцях.

Спачатку Ўкраіна адмовілася ад беларускай і расейскай электраэнэргіі на час карантыну, а ўжо ў канцы красавіка Міністэрства энэргетыкі і аховы навакольля Ўкраіны перагледзела прагнозны балянс электраэнэргіі на 2020 год, цалкам адмовіўшыся ад паставак зь Беларусі і Расеі. Агульны аб’ём паставак электраэнэргіі зь Беларусі ў 2020 годзе заплянаваны на ўзроўні 150 мільёнаў кіляват-гадзін. Гэты аб’ем быў вычарпаны цягам студзеня, лютага і красавіка.

Летась, пасьля адкрыцьця энэргетычнага рынку Ўкраіны, Беларусь пэўны час была лідэрам у аб’ёмах паставак, а ў канцы 2019 году стала вядома, што ў 2020 годзе Ўкраіна плянавала закупіць 2,1 мільярда кіляват-гадзін беларускай электраэнэргіі — гэта амаль траціна ад заплянаванага на сёлета аб’ёму вытворчасьці электраэнэргіі БелАЭС.

Але пазьней Украіна адмовілася ад паставак беларускай электраэнэргіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG