Цікава назіраць за нашай краінай як гісторыку. Гэта калі абстрагавацца ад болю «аб радзімай старонцы», што ўвогуле цяжкавата. Але ўсё ж.
Краіна, несумненна, анамальная і ня трэба тут параўнаньняў з Ірляндыяй ці якім Сынгапурам — занадта далёкія і адрозныя. Параўноўваць належыць з блізкімі па лёсу суседзямі, акрамя Расеі зь яе імпэрскім балястам. Пасуюць Летува, Латвія, Украіна і ў меншай ступені Польшча.
Усюды пасьля развалу лягеру «рэальнага сацыялізму» і ягонага ядра — Савецкага Саюза працэсы пайшлі аднолькава ці надта падобна, хоць і ў розным тэмпе. Усе павярнуліся да аб’яднанай Эўропы і рушылі пад сьцягамі свабоды, дэмакратыі і... нацыяналізму да адной галоўнай мэты — дабрабыту.
Канстатацыя факту: на старце ў 1991 году Беларусь стаяла ў першым шэрагу, а цяпер апынулася апошняй. Прычына таму не ў беларускім аўтарытарызьме як зьяве, а менавіта ў яго анамальнасьці. Бо ўсюды ў суседзяў аўтарытарныя рэжымы як непазьбежнае наступства незалежнасьці (у прыбалтаў і палякаў у міжваенны пэрыяд, ва ўкраінцаў у канцы 20-га — пачатках XXI стагодзьдзя) мелі аднолькавыя галоўныя рысы: акрамя агульнай пагарды да дэмакратыі, усе трымаліся на ідэалёгіі нацыяналізму.
Прэзыдэнт Лукашэнка, як і абяцаў «не павёў сваю краіну за цывілізаваным сьветам» і выбудаваў асаблівы аўтарытарызм з апорай на буйную суседнюю дзяржаву, гатовую плаціць яму за пазыцыю сатэліта і падаўленьне мясцовага нацыяналізму. Нацыянальную ідэалёгію мела замяніць настальгічная прапаганда Савецкага Саюзу і гераізму савецкага народу ў Другой сусьветнай вайне. Не замяніла, бо аказалася штучнай, няякаснай і чужой для некалькіх маладзейшых пакаленьняў беларусаў.
Татальная русыфікацыя і жорсткая зачыстка палітычнага поля на працягу чвэрці стагодзьдзя прывялі да таго, што сёньня маем і што выразна праяўляецца ў асобах галоўных апазыцыйных кандыдатаў у кандыдаты на прэзыдэнцкія выбары 2020 года.
Гэта кандыдаты сацыяльнага пратэсту, ад іх чуваць адно толькі заклікі да пераменаў дзеля сьветлай багатай будучыні. Ніякіх культурніцкіх лёзунгаў. Не відаць аніякіх ідэалягічных, эканамічных і нават, самае сьмешнае, палітычных праграмаў.
Розьніца з пачаткам 90-х гадоў калясальная, тады клікалі да свабоды, дэмакратыі і незалежнасьці, цяпер гатовыя аддаць тую незалежнасьць за мінімальныя сацыяльныя прэфэрэнцыі. Тады агучвалі і друкавалі масавымі накладамі свае палітычныя і эканамічныя праграмы, зараз пазьбягаюць выразных адказаў на ключавыя пытаньні («Чый Крым?» — «грэцкі»).
Ці хто-небудзь зь іх гатовы падняць угору кулак і гукнуць: «Жыве Беларусь!» Сумняваюся. Сёньня на павестцы дня не прамоўлены ўслых, але выразна чутны лёзунг «Беларусь жуе!»
Ад пачуцьця прыкрасьці і безнадзейнасьці ратуе адзін успамін: Вільня, 22 лістапада 2019 года, пахаваньне каліноўцаў, вуліцы ў бела-чырвона-белых сьцягах. Беларусь яшчэ жыве! (Як там у суседзяў: "Ще не вмерла Україна!)
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.