ЦВК Беларусі вырашыла, што блогер Сяргей Ціханоўскі няправільна аформіў дакумэнты, на заяве няма ягонага подпісу. Ён сам адбывае пакараньне, 15 сутак арышту.
Цэнтарвыбаркам на паседжаньні 15 траўня адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты Сяргея Ціханоўскага.
Дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы падавала ягоная жонка Сьвятлана Ціханоўская на падставе даверанасьці, атрыманай яшчэ ў студзені гэтага году. Як сказала яна падчас паседжаньня, там адзначана, што яна ўпаўнаважаная быць прадстаўніцай мужа ва ўсіх дзяржаўных інстанцыях, мае права падпісваць і падаваць ад яго імя любыя дакумэнты.
Як матывавала прапанову адмовіць у рэгістрацыі загадчыца прававой, аналітычнай і мэтадычнай работы ЦВК Галіна Мкртчан, падчас падачы дакумэнтаў патрабуецца прысутнасьць заяўніка, а ён адбывае адміністрацыйны арышт. Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына аргумэнт падначаленай падтрымала. Усе чальцы камісіі прагасавалі супраць рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Ціханоўскага.
Заява аб рэгістрацыі Віталя Зялкоўскага таксама была адхіленая з прычыны няправільна аформленых дакумэнтаў, ён прыслаў іх па электроннай пошце, сам у камісію не прыйшоў: паводле Ярмошынай, не праявіў рэальнага жаданьня ўдзельнічаць у кампаніі.
Тым часам ініцыятыўныя групы Аляксандра Лукашэнкі і Алега Гайдукевіча без праблем зарэгістравалі.
«Прапаную зарэгістраваць ініцыятыўную групу Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі пад нумарам 1» — прапанавала Ярмошына. Пярэчаньняў не прагучала.
Ініцыятыўная група дэпутата Алега Гайдукевіча была зарэгістраваная пад нумарам 2, пытаньняў да больш чым 4 тысячам сябраў ягонай групы не было.
ЦВК таксама зарэгістравала групы гомельскага фермера-блогера Юрыя Ганцэвіча і прадстаўніка Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Няпомняшчых.
Заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных групы па вылучэньні кандыдатамі ў прэзыдэнты на вечар 14 траўняпадало 34 чалавекі. Па законе ўсе ахвотныя стаць кандыдатам на прэзыдэнта павінны не пазьней 18.00 15 траўня падаць у ЦВК дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў складзе не менш за 100 чалавек.
Хто такі Сяргей Ціханоўскі
Відэаблогера Сяргея Ціханоўскага затрымалі 6 траўня пасьля двух дзён міліцэйскага перасьледу. На наступны дзень на ягоным Youtube-канале выйшла відэа, на якім Ціханоўскі гаворыць пра намер стаць кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі.
Дзясяткі чалавек у розных гарадах Беларусі затрымалі і асудзілі за акцыі ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага.
Што пра яго вядома:
- яму 41 год, жыве ў Гомлі, жанаты, мае дзяцей;
- мае Youtube-канал з амаль 150 тысячамі падпісантаў, самае папулярнае відэа на якім мае 719 тысяч праглядаў;
- на канале ён крытыкуе беларускія ўлады і расказвае аб праблемах жыхароў розных рэгіёнаў Беларусі; пэрыядычна ладзіць сустрэчы з падпісантамі;
- выступае за пашырэньне мясцовага самакіраваньня ў Беларусі;
- у сакавіку сабраў за адзін стрым 1600 даляраў на арэнду аўтадома, на якім пачаў езьдзіць у розныя гарады на запрашэньне падпісантаў;
- неаднаразова браў удзел у палітычных акцыях пратэсту і быў караны ўладамі за гэта, у тым ліку правёў Новы год за кратамі за ўдзел у акцыях супраць «паглыбленьня інтэграцыі» Беларусі і Расеі;
- да таго, як заняўся блогам «Страна для жизни», здымаў рэкляму і музычныя кліпы са сваёй студыяй вытворчасьці відэакантэнту «Компас» (казаў журналістам, што сам больш не займаецца гэтым, але кампанія працуе), купляў «кулацкі дом» у вёсцы пад Гомлем і зьбіраўся зрабіць там гатэль;
- раней меркаваў стаць адным з «кандыдатаў пратэсту» Міколы Статкевіча.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.