Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Было зразумела, што добра гэта ня скончыцца». З дамоўным хакейным матчам даручыў разабрацца Лукашэнка


Ілюстрацыйнае фота. Гульня ў хакей
Ілюстрацыйнае фота. Гульня ў хакей

Ініцыятарам разбору наконт дамоўнага матчу ў чэмпіянаце Беларусі па хакеі стаў Аляксандар Лукашэнка. Пра гэта сказаў адзін з абвінавачаных Мікіта Ўсьціненка, паведамляе Tut.by.

Гаворка ідзе пра матч «Дынама-Маладэчна» — «Магілёў» 12 лістапада 2019 году. Тады каманда Маладэчна саступіла аднаму з аўтсайдэраў чэмпіянату зь лікам 5:6, хоць была выйгравала 5:1.

Паводле Ўсьціненкі, пасьля матчу прайшоў сход з удзелам кіраўніцтва клюба. На ім гульцам абвясьцілі, што разабрацца з падазронай гульнёй даручыў сам Лукашэнка.

«Было зразумела, што добра гэта ня скончыцца, бо пачалі зьяўляцца артыкулы ў прэсе. Я баяўся сесьці ў турму. У клюб прыходзілі людзі ў масках і са зброяй. А я бязь іх сябе накруціў», — сказаў Усьціненка.

Абаронца дадаў, што жыў разам з аднаклюбнікам Паўлам Пячурам, які адразу пасьля гульні абвінаваціў партнэраў у здачы матчу. Спачатку Ўсьціненка апраўдваўся, што гэта не дамоўны матч, але празь некаторы час прызнаўся.

Неўзабаве пасьля матчу сустрэчу з кіраўніцтвам «Дынама-Маладэчна» праводзіў Дзьмітры Баскаў — гендырэктар менскага «Дынама» і трэнэр каманды прэзыдэнта. Сярод тых, хто ўдзельнічаў у дамоўным матчы, ёсьць і хакеіст прэзыдэнцкай каманды Вячаслаў Лісічкін.

Што адбылося

Хакеісты каманды «Дынама-Маладэчна» Сяргей Шэлег, Аляксей Іваноў і Вячаслаў Лісічкін пагадзіліся прайграць у матчы з камандай «Магілёў» 12 лістапада 2019 году, залучыўшы ў справу Станіслава Кучкіна, Паўла Баярчука і Аляксандра Сырэя. Пазьней да іх далучыўся Мікіта Ўсьціненка. За паразу хакеістам абяцалі ад 7 да 15 тысяч даляраў на ўсіх.

Што выявіла расьсьледаваньне?

Паводле сьледзтва, трэнэр каманды «Дынама-Маладэчна» Ігар Крывашлык асабіста і праз трэціх асобаў зрабіў больш за 20 ставак на матчы Кубку і чэмпіянату Беларусі з удзелам сваёй каманды. Стаўкі Крывашлык рабіў са жніўня да лістапада 2019 году.

Пра тое, што матч будзе дамоўны, ведалі яшчэ тры хакеісты клюбу: Арцём Волкаў, Дзьмітры Амбражэйчык і Мікіта Феакцістаў. Яны адмовіліся прайграваць у матчы з «Магілёвам», але і не паведамілі пра дамоўны матч праваахоўнікам.

Як пакарала хакеістаў Фэдэрацыя хакею?

Паводле рашэньня Фэдэрацыі, на год дыскваліфікавалі і аштрафавалі на 8100 рублёў Шэлега, Усьціненку, Іванова, Кучкіна, Лісічкіна, Сырэя і Баярчука. Трэнэра Крывашлыка дыскваліфікавалі бестэрмінова. Хакеістаў Волкава, Амбражэйчыка і Феактыстава аштрафавалі на 1350 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG