У часы, калі людзям не хапае жывых сустрэч і размоваў, «Жывая бібліятэка» прапануе пагутарыць пра важнае, разбурыць стэрэатыпы ў адносінах да іншых, сустрэцца зь людзьмі з розных сацыяльных груп і прафэсій.
«Кніга» ў «Жывой бібліятэцы» — гэта рэальны чалавек, які мае пэўную ідэнтычнасьць, рэдкую прафэсію, унікальны досьвед, нязвыклы для «большасьці» лад жыцьця альбо сьветапогляд.
«Гэта наш адказ на сытуацыю з каранавірусам»
Дзеля бясьпекі сваіх прыхільнікаў, Цэнтар разьвіцьця эфэктыўнай камунікацыі «Жывая бібліятэка» сыходзіць у онлайн. Але гэтае рашэньне далося зусім ня проста.
«Спачатку мы ня ведалі, як нам перанесьці фармат „Жывой бібліятэкі“ ў онлайн. — расказвае дырэктар цэнтру Зьміцер Радзіеўскі. — Мы запрашаем больш за 20 Жывых Кніг на кожную падзею, а колькасьць наведнікаў апошнім часам дасягала 200 чалавек. Галоўным складнікам „Жывой бібліятэкі“ заўсёды была жывая размова паміж людзьмі, падчас якой яны маглі даведацца пра нешта новае і разбурыць свае стэрэатыпы».
Зрабіць такое онлайн бяз страты якасьці здавалася немагчымым, кажа Зьміцер. Але арганізатары паступова пачалі перастройваць іншыя фарматы — лекцыі, воркшопы, «Шчырыя размовы» — і паглыбляцца ў працу з новымі онлайн-плятформамі. А натхненьне знаходзілі, беручы ўдзел у імпрэзах сяброў і партнэраў цэнтру.
«Так у нас атрымалася сплянаваць „тэставы“ закрыты запуск онлайн „Жывой бібліятэкі“, пра які мы атрымалі добрую зваротную сувязь ад удзельнікаў і ўдзельніц. Таму і вырашылі выходзіць онлайн праз Zoom».
Тэставы запуск паказаў, што людзям дужа не хапае жывых стасункаў. І няхай наступная «Жывая бібліятэка» будзе онлайн — гэта ўсё ж нашмат лепш, чым адсутнасьць камунікацыі.
«Гэта такая добрая магчымасьць у тых жа перапынках пабачыцца з новымі людзьмі, абмяняцца сваімі думкамі. Таму мне здаецца, што для людзей „Жывая бібліятэка“ онлайн — гэта таксама добрая магчымасьць пагаварыць зь іншымі. І мы нават пасьля тэставай „Жывой бібліятэкі“ падумалі, што гэта наш адказ на сытуацыю з каранавірусам, гэта наша магчымасьць падтрымаць людзей, якім не хапае жывой камунікацыі», — тлумачыць сузаснавальніца цэнтру, старшыня праўленьня Марына Штрахава.
2 траўня з 14 да 17 гадзін на плятформе Zoom можна будзе пазнаёміцца з чатырма Жывымі Кнігамі, якія раскажуць пра сябе і пра тое, як мяняецца іхнае жыцьцё цяпер. Зарэгістравацца на імпрэзу трэба да 23.59 1 траўня тут.
«Кнігі», зь якімі можна пагаварыць:
- Вольга — «Нябачная інваліднасьць»
- Маша — «Самотны пансэксуальны мнагалюб»
- Юля — «Віч-стаўночая»
- Максім — «Тэоляг».
«Мы пацэлілі з фарматам і ў месца, і ў час, і ў тэму»
Першыя «Жывыя бібліятэкі» зрабілі датчане яшчэ ў 2000 годзе. Ідэя правесьці яе ў Беларусі Марыне Штрахавай прыйшла ў 2012-м, падчас навучальнай праграмы ў Польшчы.
«Фармат мне вельмі спадабаўся тым, што сапраўды ён вельмі проста працуе з дужа складанымі рэчамі: з роўнасьцю, са стэрэатыпамі, з дыскрымінацыяй, са стыгматызацыяй. Ён проста прапануе людзям пагаварыць пра гэта і зьняць свае пытаньні, асьцярогі, трывогі, непаразуменьні, і праз гэтую размову пачаць ставіцца адзін да аднаго лепш».
Праз 2 гады, у 2014-м, Марына Штрахава, Вольга Арцемчык і Марыя Лукашук правялі першую «Жывую бібліятэку» ў Беларусі.
«Неяк дужа клясна адгукнулася і гораду: і людзі прыходзілі, і героі і гераіні, якіх мы шукалі, таксама з задавальненьнем пагаджаліся, і мы зразумелі, што мы пацэлілі з фарматам і ў месца, і ў час, і ў тэму».
«Жывая бібліятэка» складаецца з 10 прыхільнікаў і прыхільніц і больш як 20 валянтэраў. За час існаваньня каманда пасьпела наведаць усе абласныя цэнтры, а таксама Бабруйск, Барысаў, Мазыр, Маладэчна і Наваполацак. У некаторых гарадах ёсьць рэгіянальныя каманды.
«Мы разьвіваем грамадзтва, пабудаванае на прынцыпах роўнасьці, інклюзіі, недыскрымінацыі і талерантнасьці, праз эфэктыўную камунікацыю паміж рознымі сацыяльнымі групамі і павелічэньне іх бачнасьці», — так гучыць місія Цэнтру разьвіцьця эфэктыўнай камунікацыі «Жывая бібліятэка».
Дасягнуць усяго гэтага каманда спрабуе праз розныя фарматы: «Шчырыя размовы», сацыяльную гульню «Іншы погляд», форум-тэатар «Адчуй», настольныя гульні, воркшопы і трэнінгі. А ў межах інклюзіўнага кірунку праводзяць маніторынгі даступнасьці публічных прастораў і імпрэз, а таксама ствараюць базу інклюзіўных практык і праводзяць адукацыйныя падзеі.