Пра першыя ў краіне онлайн-спаборніцтвы абвясьціла Беларуская фэдэрацыя лёгкай атлетыкі, паведамляе БелаПАН.
«Сёньняшняя сытуацыя, выкліканая пандэміяй COVID-19, паўплывала ня толькі на каляндар, а і на трэнавальны працэс у многіх краінах. Балазе, у беларускіх лёгкаатлетаў ёсьць магчымасьць працягваць сваю падрыхтоўку. Гледачы, заўзятары, трэнэры і, вядома, самі атлеты засумавалі па турнірах», — адзначаецца ў прэс-рэлізе фэдэрацыі.
А яшчэ заўзятарам прапануецца паназіраць за спаборніцтвамі ў онлайн-рэжыме. Першымі выйдуць на старты штурхальнікі ядра.
30 красавіка а 18-й гадзіне на месцах трэніровак атлетаў у Віцебску і Берасьці пройдуць дзьве завочныя дуэлі, у якіх возьмуць удзел вядучыя штурхальнікі ў розных узроставых катэгорыях. У кожнага будзе права на выкананьне шасьці спробаў, па выніках будзе вызначаны пераможца ў пары.
Далучыцца да трансьляцыі можна на youtube-канале фэдэрацыі AthleticsBY.
Праз пандэмію каранавірусу ў Менску быў адменены камандны чэмпіянат сьвету ў спартовай хадзе, заплянаваны на 2-3 траўня.
Тым часам у Беларусі працягваецца чэмпіянат краіны ў футболе: да трох мужчынскіх лігаў (агулам 52 каманды) 30 красавіка далучыцца і жаночая.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ