Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выніку пандэміі Лукашэнка страціць ладную частку прыхільнікаў


Сьцісла:

  • Для Лукашэнкі каранавірус — палітычны вораг. Для ўсіх астатніх — стыхійнае бедзтва.
  • Ляяльныя да Лукашэнкі людзі найчасьцей палітыкай не цікавяцца, для іх Лукашэнка — добрае начальства.
  • Двойчы за кароткі тэрмін гэтыя людзі не паслухалі начальства — масава не пусьцілі дзяцей у школы.
  • Праз рознае стаўленьне да праблемы пандэміі Лукашэнка страціць ладную частку свайго электарату.

Вірус толькі на пэўны час паралізуе грамадзка-палітычнае жыцьцё. Людзі прывыкнуць да новых рэаліяў. Зразумеюць, што захады бясьпекі — на гады, калі не назаўжды, бо хто сказаў, што гэтая пандэмія апошняя? Няхай сабе паводле новых правілаў, але жыцьцё будзе працягвацца. Мяркую, што ў гэтым новым жыцьці значна паменее шчырых прыхільнікаў Лукашэнкі.

А для Лукашэнкі важная ня толькі надзейнасьць унутраных войскаў, але і рэальная падтрымка часткі насельніцтва. Яму важна, каб людзі самі ішлі на выбарчыя ўчасткі — гэта рытуал, які дэманструе як мінімум ляяльнасьць, як максымум — адданасьць.

Для людзей няма нічога больш важнага, чым жыцьцё і здароўе блізкіх. За вельмі кароткі час ляяльныя да Лукашэнкі грамадзяне двойчы пайшлі супраць яго рашэньняў: не пусьцілі дзяцей у школы. Больш за тое, настаўнікі шмат дзе пачалі апэратыўна пераводзіць заняткі ў інтэрнэт-прастору. Больш тэхнічна прасунутыя ўжо вядуць урокі праз папулярныя плятформы, дзе можна сабраць разам усю клясу ў рэальным часе. Хтосьці проста дасылае заданьні праз мэсэнджар ці электронную пошту. Гэта тыя самыя настаўнікі, шмат хто зь якіх працуе на выбарчых участках, разумеючы ўсю фальшывасьць тых выбараў.

Лукашэнку перад рытуаламі выбараў трэба дэманстраваць посьпехі свайго кіраваньня. Таму ён сваім прыкладам дэманструе, што нічога надзвычайнага не адбываецца: на людзях ходзіць бяз маскі, вітаецца за руку, раіць «народныя» сродкі ад вірусаў. Значыць, ён думае, што ягонага прыкладу дастаткова, каб людзі паверылі ў бясьпеку сытуацыі. Але не. Калі хворых толькі афіцыйна тысячы, то сьмела памнажайце лічбу на колькасьць сваякоў, сяброў і калегаў па працы. Нават калі б не было сродкаў сувязі, пашырэньне інфармацыі пра наступствы каранавірусу былі б справай часу. А мы жывём у эпоху інтэрнэту. Усе ўсё ведаюць. Ну як усё — яшчэ і з фантастычнымі прыдумкамі.

Людзі распаўсюджваюць самыя неверагодныя чуткі пра вірус, бо сыстэмнага інфармаваньня няма. Чуткі множаць страхі. І многія нядаўнія прыхільнікі Лукашэнкі ўсё больш аддаляюцца ад яго. Бо ён не дае адчуваньня абароненасьці. Чвэрць стагодзьдзя Лукашэнка мяняў свой патэрналізм на ляяльнасьць. «Я вас абараню, вы сядзіце ціха». Абарона скончылася. А выбарнікі Лукашэнкі часта любяць ня сэрцам, а кішэняй, то бок выгадай.

У самым канцы красавіка мусяць зьявіцца першыя заражаныя падчас каталіцкага Вялікадня, праз тыдзень — праваслаўнага, яшчэ праз дзесяць дзён — радаўніцкія. На ўрачыстасьці 9 траўня тэарэтычна колькасьць заражаных можа вымярацца лічбай з чатырма нулямі.

Гэта будуць пацярпелыя і ахвяры, да чыйго лёсу спрычыніцца асабіста Лукашэнка. Спрычыніцца тым, што не адмяніў масавых сходаў і заняткаў у школах, ня даў указаньня на агульнанацыянальнае аб’ектыўнае інфармаваньне пра небясьпеку. Ня ведаю, ці ўсе пацярпелыя будуць улоўліваць сувязь хуткага распаўсюду вірусу з паводзінамі Лукашэнкі, але, мяркую, расчараваньне ў неэфэктыўнасьць дзяржаўнай палітыкі — справа часу.

Калі эпідэмія ў Беларусі набудзе пагрозьлівыя маштабы, Лукашэнка заўжды зможа сказаць, што «вы самі вінаватыя, сядзелі б дома». Толькі ці павераць? Нават тыя, якія палітыкай не цікавіліся, а падтрымлівалі ў асобе Лукашэнкі проста «начальства».

Што будзе?

Ніхто ня здатны даць дакладны прагноз. Пандэміяў плянэтарнага маштабу ў сучаснай гісторыі не было. Няма з чым параўноўваць. Але перад выбарамі Лукашэнкі, да якіх яшчэ чатыры месяцы, значна пагоршыцца эканамічная сытуацыя. Калі на «вашывых блох», то бок самазанятых грамадзянаў, Лукашэнку традыцыйна не зьвяртае ўвагі, то з работнікамі ў дзяржаўным сэктары эканомікі давядзецца неяк выкручвацца.

Я не прыхільнік ідэі зьменаў у грамадзтве, калі «просты народ даводзяць да ручкі». Да ручкі можна даводзіць бясконца. Неабходнасьць зьменаў мусіць узьнікнуць адначасова ва ўсіх слаях грамадзтва.

Навізна цяперашняй сытуацыі ў тым, што цярпяць і «просты люд», і «эліта». І тыя, і тыя могуць заразіцца. І тыя, і тыя могуць застацца без заробку, бо, як і вірус, эканамічны крызіс — для ўсіх.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG