Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве закрываюць горад, а ў Беларусі пішуць пра пасяўную. Параўналі, як улады рэагуюць на ўспышку COVID-19


Калі ў літоўскім мястэчку Няменчыне пацьвердзілі 20 выпадкаў каранавірусу, улады ўвялі жорсткі карантын і цалкам закрылі горад. У беларускіх Докшыцах, дзе на сёньня пацьверджана больш за 70 выпадкаў каранавірусу, працуе большасьць дзяржаўных арганізацый і прадпрыемстваў. Свабода параўнала, як рэагуюць на ўспышку COVID-19 у Беларусі і Літве.

Няменчын. Літва

Касьцёл у Няменчыне
Касьцёл у Няменчыне

Няменчын (Nemenčinė) — гэта мястэчка з насельніцтвам 4,5 тысячы чалавек за 20 кілямэтраў ад Вільні. Тут ёсьць гарадзкая адміністрацыя, дзьве школы, шпіталь, дом састарэлых і швейная фабрыка, дзе працуе 300 чалавек.

Колькасьць людзей з COVID-19 за тыдзень вырасла ў дзясяткі разоў

Асяродкам каранавірусу ў Няменчыне стала швейнае прадпрыемства. 10 красавіка на фабрыцы пацьвердзілі першы выпадак каранавірусу. 12 красавіка іх было 13. І ўжо 15 красавіка, калі ў горадзе пацьвердзілі 20 выпадкаў COVID-19, улады Літвы вырашылі цалкам закрыць Няменчын. Праз тыдзень у мястэчку больш як у 80 чалавек пацьвердзілі каранавірус.

16 красавіка ў 7:00 паліцыя заблякавала ўсе выезды з гораду. Засталіся толькі чатыры дарогі, па якіх можна трапіць у Няменчын. На кожнай зь іх стаіць пост паліцыі. Прыехаць сюды маюць права людзі, якія тут працуюць. Мясцовыя жыхары могуць выехаць за межы гораду толькі на працу ці на прыём да лекара. Грузавы транспарт трапляе ў горад без абмежаваньняў, каб дастаўляць прадукты ў харчовыя крамы. Таксама няма забароны перасоўвацца ўнутры гораду.

Тэсты робяць усім дарослым жыхарам гораду

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Няменчын стаў першым населеным пунктам у Літве, які закрылі праз эпідэмію каранавірусу. Яшчэ раней, 12 сакавіка, як і ў рэшце краіны, тут зачынілі https://www. svaboda. org/a/30557572.html школы і забаранілі масавыя мерапрыемствы. Ад 16 сакавіка ў Літве ўведзены агульнанацыянальны карантын, у выніку якога зачыніліся бары і рэстарацыі. Выходзіць на вуліцу цяпер можна толькі ў масцы.

Пасьля першых пацьверджаных выпадкаў каранавірусу ў Няменчыне пачалася масавая праверка жыхароў на COVID-19. Спачатку тэсты зрабілі працаўнікам фабрыкі і дома састарэлых, дзе ў аднаго супрацоўніка раней выявілі каранавірус. Потым мэдыкі працягнулі тэставаньне ўсіх дарослых жыхароў гораду і тых, хто прыяжджае ў Няменчын толькі на працу.

На сёньня тэст на каранавірус зрабілі 2 тысячам чалавек — амаль палове жыхароў Няменчына. Гэта дало свой плён. 18 красавіка, напрыклад, ува ўсёй Літве зарэгістравалі 90 новых выпадкаў каранавірусу. Сярод іх 52 — у супрацоўнікаў швейнай фабрыкі ў Няменчыне. Агулам цяпер каранавірус пацьверджаны больш як у 80 жыхароў гэтага прыгараду Вільні.

У ноч з 24 на 25 красавіка ўлады Літвы здымаюць абмежаваньні для Няменчына і адкрываюць горад, бо каранавірус лякалізаваны. Пры гэтым жыхары мусяць прытрымлівацца правілаў агульнанацыянальнага карантыну, які дзейнічае да 11 траўня.

Штодня новая інфармацыя ад мэдыкаў, паліцыі і мясцовых уладаў

Штодня ў рэгіянальных і нацыянальных СМІ зьяўляецца новая інфармацыя пра карантын у Няменчыне і пра колькасьць новых выпадкаў каранавірусу. Робяць гэта розныя ўстановы. Паліцыя расказвае аб прапускной сыстэме і аба тым, што аднаго зь дзесяці кіроўцаў, якія спрабавалі выехаць з гораду, завярнулі, бо ён ня меў падставаў пакідаць Няменчын. Нацыянальны цэнтар грамадзкай аховы здароўя і Міністэрства аховы здароўя паведамляюць, колькі новых выпадкаў каранавірусу выяўлена ў Няменчыне і ў якіх установах. Інфармацыя пра дадатковыя захады і працяг карантыну пастаянна абнаўляецца.

Відэа літоўскай паліцыі аб працы блёк-пастоў у Няменчыне

Мясцовыя ўлады кантактуюць з жыхарамі Няменчына найперш праз фэйсбук-суполку Віленскага раённага самаўраду. Яны штодня публікуюць тут навіны пра каранавірус і карантын у Няменчыне. І нагадваюць, як бясьпечна перажыць эпідэмію.

«Дамоўцеся з вашым працадаўцам, што для ўсіх будзе больш бясьпечна заставацца дома, пакуль ня стануць вядомыя вынікі дасьледаваньня. Вы зможаце вярнуцца да працы і да звычайных заняткаў пры ўмове выкананьня карантынных правілаў і захадаў бясьпекі, калі атрымаеце вынік тэсту і ён будзе адмоўны», — зьвяртаецца самаўрад Віленскага краю да жыхароў Няменчына праз Facebook.

Мясцовая жыхарка: 100-працэнтны давер да ўладаў

Мы папрасілі жыхароў Няменчына адказаць на пытаньні пра давер да афіцыйнай інфармацыі. Вось што нам сказала жыхарка Няменчына Людміла Драздова.

— Адкуль вы даведваецеся пра сытуацыю з каранавірусам у горадзе?

— Тэлевізар і фэйсбук. Улічваючы, што мы адзіны гарадок, які быў закрыты, пра нас перадавалі ва ўсіх навінах. У фэйсбуку ёсьць групы «Жыцьцё ў Няменчыне», «Віленскі раённы самаўрад» і іншыя, дзе інфармацыя на трох мовах (літоўскай, польскай, расейскай. — РС) распаўсюджваецца.

Па горадзе яшчэ езьдзіць машына з гукаўзмацняльнікам і нагадвае пра магчымасьць прайсьці тэставаньне на каранавірус.

— Ці давяраеце вы афіцыйнай інфармацыі? Ці дастаткова яе?

— На 100%.

— Як вы лічыце, ці дастаткова захадаў робяць улады, каб спыніць каранавірус у горадзе?

— Асяродак інфэкцыі ў горадзе знайшлі. Тэставаньне зрабілі ўсім супрацоўнікам фабрыкі, іншыя могуць па жаданьні зрабіць тэст на каранавірус. Горад патрулюе паліцыя, выезды перакрытыя. Я лічу, гэта правільна.

Докшыцы, Беларусь

Касьцёл у Докшыцах
Касьцёл у Докшыцах

Райцэнтар Докшыцы ў Віцебскай вобласьці не нашмат большы за літоўскі Няменчын. Тут жыве каля 7 тысяч чалавек. У горадзе дзьве сярэднія школы, райвыканкам і некалькі буйных прадпрыемстваў — філіял Лепельскага малочна-кансэрвавага камбінату, хлебазавод, дзьве будаўнічыя арганізацыі і сельгастэхніка.

Каранавірус ёсьць, але дзе асяродак інфэкцыі — невядома

Цэнтральны раённы шпіталь у Докшыцах, 10 красавіка 2020 года
Цэнтральны раённы шпіталь у Докшыцах, 10 красавіка 2020 года

Чуткі пра ўсплёск каранавірусу ў Докшыцах хадзілі з канца сакавіка. Аднак упершыню пра складаную эпідэміялягічную сытуацыю ў горадзе стала вядома 8 красавіка. У той дзень на старонках раённай газэты «Родныя вытокі» зьявілася інфармацыя, што 85 чалавек у раённым шпіталі ляжаць з пнэўманіяй. Таксама былі пацьверджаныя выпадкі каранавірусу. Але колькі дакладна — мэдыкі не сказалі.

«Я пра лічбы гаварыць ня буду. Ёсьць хворыя ў Докшыцкім раёне, як і ў многіх іншых раёнах», — так пракамэнтавала пытаньне Свабоды намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан.

Больш як тыдзень ні докшыцкія ўлады, ні Міністэрства аховы здароўя не паведамлялі, што сапраўды адбываецца ў горадзе. Старшыня райвыканкаму Алег Кавалёнак у інтэрвію раёнцы толькі ў агульных словах згадаў, што ў раёне складаная сытуацыя. Пра тое, што мясцовыя шпіталі загружаныя хворымі на пнэўманію і COVID-19, журналісты ведаюць толькі з ананімных крыніц — ад мэдыкаў і пацыентаў шпіталя.

17 красавіка, праз 9 дзён пасьля першай згадкі пра пнэўманію ў Докшыцах, улады паведамілі, што ў горадзе зарэгістравалі 72 пацыентаў з COVID-19. Пра гэта было сказана на паседжаньні Віцебскага абласнога штабу па супрацьдзеяньні распаўсюду каранавірусу. З таго часу прайшло яшчэ 6 дзён без аніводнай згадкі пра сытуацыю ў Докшыцах. Дагэтуль невядома, якія месцы сталі асяродкамі інфэкцыі, у якіх арганізацыях і на якіх прадпрыемствах зарэгістраваныя выпадкі каранавірусу, наколькі вялікая нагрузка на шпіталь.

Закрылі лазьні і школы, але ня цэрквы і заводы

Райвыканкам
Райвыканкам

Пра надзвычайнае становішча ў Докшыцах можна меркаваць па тым, якія захады робяць мясцовыя ўлады. Хоць у Беларусі карантын не абвешчаны і існуе толькі рэкамэндацыя не праводзіць масавыя мерапрыемствы, у Докшыцах яны ўвогуле забароненыя. У горадзе і раёне закрытыя рынкі, лазьні, водна-аздараўленчы цэнтар. Докшыцы і Бягомль — адзіныя гарады ў Беларусі, дзе ўлады вырашылі зачыніць усе школы і перавесьці вучняў на дыстанцыйнае навучаньне.

Аднак большасьць захадаў — няпоўныя. У суседніх вясковых школах, напрыклад, аднавілі заняткі з 20 красавіка. Нават там, дзе таксама рэгіструюцца выпадкі каранавірусу. Працуюць па раскладзе ўсе дзяржаўныя арганізацыі і прадпрыемствы, хоць шмат дзе ўжо выявілі COVID-19. У мясцовай царкве дагэтуль праходзяць набажэнствы, на якія прыходзяць вернікі. Адбылася і велікодная служба. Пра закрыцьцё гораду ці раёну нават не ідзе гаворкі.

Тэма нумару — пасяўная і Вялікдзень. Як улады не гавораць з жыхарамі пра каранавірус

Першая паласа раённай газэты "Родныя вытокі", выпуск 22 красавіка 2020 года
Першая паласа раённай газэты "Родныя вытокі", выпуск 22 красавіка 2020 года

Даведацца пра эпідэмію ў Докшыцах можна з урыўкавай інфармацыі ў раённай газэце, якая выходзіць два разы на тыдзень. Але за апошні час там не было нічога зьмястоўнага. Свабода рабіла некалькі спробаў пагаварыць з рознымі прадстаўнікамі райвыканкаму, але ні разу нам гэта не ўдалося.

Нас цікавяць пытаньні, на якія дагэтуль мясцовыя ўлады не адказалі:

— Чаму інфармацыя пра распаўсюд каранавірусу і маштаб эпідэміі ў раёне не зьяўляецца ні на сайце выканкаму, ні ў раённай газэце?
— Калі і адкуль пачаў распаўсюджвацца каранавірус?
— Якія арганізацыі ці прадпрыемствы сталі асяродкамі інфэкцыі?
— Дзе цяпер найбольш напружаная абстаноўка?
— Колькі людзей захварэлі на пнэўманію і ў колькіх пацьверджаны каранавірус?
— Чаму ў горадзе ня ўводзяць карантын і не закрываюць буйныя прадпрыемствы і арганізацыі?

У двух апошніх нумарах газэты «Родныя вытокі» не было ні слова пра колькасьць пацьверджаных выпадкаў каранавірусу ў Докшыцах. Хоць за дзень да выхаду газэты такую інфармацыю распаўсюдзіла дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА. Тэмы нумароў — Вялікдзень у праваслаўных, пасяўная, 75-годзьдзе Перамогі і напамін пра рэспубліканскі суботнік 25 красавіка. Пра каранавірус былі наступныя матэрыялы: як докшыцкія школьнікі робяць дэталі для мэдычных масак, пры якой тэмпэратуры памірае каранавірус, як БРСМ і Белпошта праводзяць флэшмоб у падтрымку мэдыкаў, перадача банкам бактэрыцыдных праточных рэцыркулятараў паветра і верш у гонар мэдыкаў.

Мясцовая жыхарка: Афіцыйная інфармацыя выклікае толькі абурэньне

Жыхарам Докшыцаў мы задалі тыя самыя пытаньні пра давер да афіцыйнай інфармацыі, што і жыхарам Няменчына. Вось што кажа 30-гадовая Тацяна:

— Адкуль вы даведваецеся пра сытуацыю з каранавірусам у горадзе?

— Гэта маленькі райцэнтар, тут амаль усе ўсіх ведаюць. Хтосьці захворвае, адпаведна, пра гэта даведаюцца знаёмыя, потым знаёмыя знаёмых. Усім вядомае «сарафаннае радыё».

— Ці давяраеце вы афіцыйнай інфармацыі? Ці дастаткова яе?

— Не давяраю. Больш за тое, афіцыйная інфармацыя не выклікае нічога, акрамя абурэньня.

— Што б вы хацелі зьмяніць у камунікацыі ўладаў з жыхарамі гораду?

— Маё меркаваньне — у першую чаргу трэба мяняць нешта ў краіне, а зь мясцовымі ўладамі ўсё наладзіцца само сабой пасьля гэтых зьменаў.

— Як вы лічыце, ці дастаткова ўлады робяць захадаў, каб спыніць каранавірус у горадзе?

— Калі браць канкрэтна наш горад, думаю, так. Робяць усё, што ім дазваляюць зрабіць. Але хацелася б мець праўдзівую інфармацыю пра сытуацыю ў горадзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG