Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што аддаў загад ваенна-марскому флёту адкрываць агонь па іранскіх баявых катэрах, якія будуць перашкаджаць свабоднаму перасоўваньню амэрыканскіх караблёў у моры.
На мінулым тыдні ў Пэрсыдзкай затоцы было зафіксавана некалькі інцыдэнтаў з удзелам катэраў Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі, якія рабілі манэўры ў небясьпечнай блізкасьці ад амэрыканскіх баявых караблёў — у прыватнасьці, ад эсьмінца «Пол Гамільтан».
«Я загадаў ваенна-марскому флёту ЗША адкрываць агонь і зьнішчаць любыя іранскія катэры з артылерыйскім узбраеньнем, калі яны будуць перашкаджаць нашым караблям у моры», — напісаў Трамп ў Твітэры.
І без таго напружаныя адносіны паміж ЗША і Іранам яшчэ больш абвастрыліся ў пачатку году пасьля апэрацыі ЗША па забойстве іранскага генэрала Касэма Сулеймані і наступнага абстрэлу амэрыканскіх баз у Іраку з іранскай тэрыторыі, у выніку якога пацярпелі дзясяткі вайскоўцаў.
Іран у сераду заявіў, што касьмічныя сілы Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі запусьцілі ў космас першы ў гісторыі краіны вайсковы спадарожнік.