Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Сьвятлана Алексіевіч падтрымала госьпіс і міні-шпіталь для старых і пакалечаных жывёлаў


Сабачка Леон з Бабруйску, які жыве ў госьпісе «Дабраніка».
Сабачка Леон з Бабруйску, які жыве ў госьпісе «Дабраніка».

Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Сьвятлана Алексіевіч вырашыла дапамагчы ў часе пандэміі каранавіруснай інфэкцыі адзінокім інвалідам, а таксама тым, хто даглядае старых, хворых і пакалечаных жывёлаў. Сьвятлана Алексіевіч ахвяравала грошы для шэрагу арганізацый, ініцыятываў і людзей, у тым ліку на госьпіс «Дабраніка» ў Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласьці і міні-шпіталь у прыватным доме ў Берасьці.

«Да мяне старых сабак і сабак-інвалідаў вязуць з усёй Беларусі»

У госьпісе на хутары ў Рагачоўскім раёне жыве больш за 70 старых жывёлаў і жывёлаў-інвалідаў з усіх куткоў Беларусі. Госьпіс быў створаны амаль два гады таму, каб ратаваць жывёлаў-інвалідаў, старых і тых, што маюць патрэбу ў экстранай хірургічнай дапамозе.

Месьціцца ён у некалькіх старых будынках. Сьвятла тут пакуль няма, газу няма, вада падведзеная толькі да аднаго з будынкаў, ацяпленьне ёсьць пакуль толькі ў доміку для катоў. На грошы, якія ахвяравала Сьвятлана Алексіевіч, складуць печку, каб жывёлы зімавалі ў цяпле.

Марыя Ступінская з улюблёным катом Васілём, у якога ампутаваныя тры лапы.
Марыя Ступінская з улюблёным катом Васілём, у якога ампутаваныя тры лапы.

Гаспадыня госьпісу — зоаабаронца Марына Ступінская, вэтэрынарная фэльчарка, кіноляг, спэцыялістка з больш як 20-гадовым досьведам. Ратаваць жывёл — інвалідаў, старых і тых, каму патрэбныя пільныя апэрацыі — яе прынцыповая пазыцыя. «Дабраніка — гэта казачная ягада, якая прыносіць плады дабра», — так тлумачыць назву госьпісу Марыя Ступінская.

Жанчына вельмі ўдзячная Сьвятлане Алексіевіч за дапамогу. Ведае, што гэта далёка ня першае яе ахвяраваньне.

— Я ведаю, што яна давала грошы на рамонт кватэры шматдзетнай сям’і, у якой быў хворы сабака. Яна даведалася пра гэтую сямʼю праз тое, што органы апекі патрабавалі ўсыпіць хворага сабаку...

Малуша жыве ў госьпісе 4 гады. У яе траўма пазваночніка.
Малуша жыве ў госьпісе 4 гады. У яе траўма пазваночніка.

Было вельмі прыемна, што такі чалавек на нас зьвярнуў увагу. Значыць, мы ўсё робім слушна, і гэта запатрабавана. Наш госьпіс шчыльна зьвязаны з Гомельскім абʼяднаньнем абароны жывёлаў «Дабрыня» і ім курыруецца. Разам мы ўжо гадоў сем займаемся зоаабаронай. У асноўным гэта дапамога траўмаваным жывёлам, шчанятам і кацянятам. Мы таксама прасоўваем праекты па агульнай зоаабарончай дзейнасьці, каб былі выпрацаваныя новыя правілы абыходжаньня з жывёламі, якія ўсё ня могуць прыняць у Беларусі.

Сьляпы Тобік
Сьляпы Тобік

Раней у Гомлі сабак забівалі ў дзень адлову. Калі сабака згубіўся і трапіў у адлоў, знайсьці яго ўжо было немагчыма. Сёлета нам дазволілі фатаграфаваць гэтых жывёлаў. І апошнія два месяцы практычна ўсім жывёлам з адлову ўдаецца знайсьці новыя семʼі ці вярнуць гаспадару. Мы дамагліся таго, што ў гомельскім пункце адлову жывёлаў перасталі забіваць электрычным токам. Гэта быў адзіны горад у Беларусі, дзе гэта практыкавалася замест усыпленьня.

На пытаньне, чаму вырашылі дапамагаць менавіта старым і інвалідам, Марына адказвае, не вагаючыся:

Марына Ступінская
Марына Ступінская

— Гэта самая неабароненая катэгорыя сярод жывёлаў. Шчанятам і кацянятам лягчэй знайсьці гаспадара, шанцаў у іх болей. Маладым сабакам нават на вуліцы прасьцей знайсьці ежу, прасьцей уцячы ад небясьпекі. А старыя і пакалечаныя жывёлы гэтага зрабіць ня могуць. Нават зоавалянтэры, якія рэгулярна дапамагаюць кінутым жывёлам, вельмі часта таксама праходзяць міма іх, таму што сабака-інвалід і стары сабака — гэта на ўсё жыцьцё.

Прыстроіць старых і інвалідаў практычна немагчыма. У Беларусі з маіх інвалідаў нікога не змаглі ўладкаваць. Знайшлі гаспадароў толькі тыя сабакі-інваліды, каго вывезьлі ў Італію і Польшчу. У Беларусі шырока распаўсюджаная думка, што сабака павінен быць на ланцугу і брахаць, што ён павінен быць малады і здаровы.

17-гадовы Патрыярх, найстарэйшы сабака ў госьпісе
17-гадовы Патрыярх, найстарэйшы сабака ў госьпісе

Старымі сабакамі ў Беларусі практычна ніхто не займаецца. У Рэчыцы арганізацыя «Астравок» бярэ старых і пакалечаных сабак, але гэта ў іх не асноўны кірунак дзейнасьці. Ёсьць група дапамогі для жывёлаў-інвалідаў «Добры леў», але яны самі жывёлаў не бяруць, а толькі курыруюць. Да мяне старых сабак і сабак-інвалідаў вязуць з усёй Беларусі. Ёсьць сабакі з Магілёва, Барысава, Бабруйску. Цяпер у мяне 71 сабачка«.

Дапамагчы госьпісу «Дабраніка» можна праз плятформу MolaMola.

«На грошы, якія перадала Сьвятлана Алексіевіч, замовіла корм для самых хворых жывёлаў»

Ніна Восіпава
Ніна Восіпава

Днямі фінансавую дапамогу ад нобэлеўскай ляўрэаткі атрымала пэнсіянэрка зь Берасьця Ніна Восіпава, якая зрабіла ў сваім прыватным доме міні-шпіталь для пакалечаных і хворых катоў і сабак. Ніна з мужам Сяргеем зрабілі апэрацыйныя і спэцыяльныя пакоі, дзе жывёлы аднаўляюцца пасьля лячэньня.

Ніна Восіпава кажа, што спачатку нават не дала веры, што ёй дапаможа нобэлеўская ляўрэатка.

— Было нечакана. Любая дапамога для мяне вельмі важная, бо і фізычна, і матэрыяльна цяжка спраўляцца. Нават калі нехта патэлефануе і пагаворыць, становіцца лягчэй, і я разумею, што я не адна і рухаюся ў слушным кірунку.

Атлант са зламанай лапай і тазам, Пясок з ампутаванай лапай.
Атлант са зламанай лапай і тазам, Пясок з ампутаванай лапай.

8 гадоў таму мы з мужам выратавалі першага сабаку. Так мы трапілі ў групу абароны жывёлаў у Берасьці, і цяпер мы актыўныя валянтэры. Мы ня можам прайсьці міма, калі можам дапамагчы. У асноўным бяром цяжка хворых жывёлаў, якім патрэбная апэрацыя, жывёлаў пасьля ДТП з рознымі траўмамі. Хоць я і не вэтэрынар, але за ўсе гэтыя гады напрацавала досьвед, у мяне дастаткова ведаў, ёсьць розныя мэдыкамэнты. Са мной дактары дзеляцца інструмэнтамі.

Кот Люцік у цяжкім стане
Кот Люцік у цяжкім стане

Калі трапляе жывёла зь пераломамі дзьвюх лап, спачатку робім апэрацыю, потым — ператрымка. У мяне цяпер 9 сабак і больш за 20 катоў. Вельмі складана знайсьці новых гаспадароў для жывёлаў бяз лап, бяз вока. Таму яны збольшага і застаюцца ў мяне, жывуць у доме.

Старых і хворых ніхто ня хоча браць, а я не баюся працы і ўмею іх лячыць. Самых цяжкіх забіраю. Нядаўна прывезьлі ката зь перабітай лапай, ён трапіў на дачах у капкан і бадзяўся кульгавы цэлы месяц. Цяпер у мяне жыве.

Муж Ніны Восіпавай спадар Сяргей — таксама пэнсіянэр. Крыху падпрацоўвае. Асноўны занятак — жывёлы, клапаціцца пра іх трэба з раніцы да вечара. На гэта ідзе ўся пэнсія і падпрацоўка.

Ніна Восіпава
Ніна Восіпава

— Калі вельмі цяжкая жывёла, пішам у групе «ЎКантакце» пост, што маем патрэбу ў дапамозе, што патрэбныя пэўныя рэчы для цяжкай апэрацыі. Некалькі разоў нам дапамагалі нямецкія валянтэры аплаціць апэрацыю. Бывае, што не хапае грошай на спэцыяльны корм. У мяне цяпер кот на лячэньні, у яго не працуе кішэчнік, і таму яму патрэбны спэцыяльны корм, які зусім ня танны. Асноўныя расходы — корм і прышчэпкі. Усе жывёлы, якія паступаюць да нас, павінны быць адразу прышчэпленыя, каб не заразілі іншых. Прышчэпка каштуе каля 25 рублёў, а кожнаму зрабіць трэба 2–3 прышчэпкі.

На грошы, якія перадала Сьвятлана Алексіевіч, я замовіла корм для самых хворых жывёлаў. На харчаваньні слабых не зэканоміш.

Ніна Восіпава кажа, што пандэмія каранавірусу адбілася на працы міні-шпіталя.

У Ніны Восіпавай жыве котка бяз лапы і вока.
У Ніны Восіпавай жыве котка бяз лапы і вока.

— Частку жывёлаў-інвалідаў у нас раней забіралі ў Нямеччыну. Гэта рабілі таксама пажылыя людзі, якія хацелі ўзяць менавіта інваліда. Сабак адпраўлялі, у якіх лапы не было. Цяпер ніхто не бярэ з прычыны пандэміі. Яны застаюцца ў мяне.

Ніна Восіпава вельмі ўдзячная за своечасовую дапамогу, а таксама за кнігі Сьвятланы Алексіевіч, якія ёй прыслала па пошце нобэлеўская ляўрэатка.

Зьвязацца зь Нінай Восіпавай і дапамагчы яе міні-шпіталю для жывёлаў можна празь яе старонку «ЎКантакце» альбо па тэлефоне +375 297 25 20 90.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG