У Магілёўскім спэцаўтапрадпрыемстве, якое займаецца адловам бадзяжных жывёл, адмаўляюць узмацненьне захадаў дзеля адлову бадзяжных жывёл напярэдадні і падчас Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі.
Форум афіцыйна пачаўся 10 кастрычніка. 12-га, у апошні яго дзень, чакаецца прыезд у Магілёў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна.
Зьвесткі, якія распаўсюджваюцца ў сацыяльных сетках, што «ў сувязі з прыездам прэзыдэнтаў будуць адстрэльваць жывёл-беспрытульнікаў», у спэцаўтапрадпрыемстве называць непраўдзівымі.
«У нас, як і раней, працуюць два экіпажы, — камэнтуе сытуацыю прадстаўнік адміністрацыі спэцаўтапрадпрыемства. — Адзінае, што мы ўзялі на кантроль маршрут руху вышэйшых службовых асобаў. Экіпаж не стаіць на месцы, а, будзем так гаварыць, патрулюе гэты маршрут».
Абвестка з папярэджаньнем пра нібыта адстрэл бадзяжных жывёл з 8 па 13 кастрычніка распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках. Падпісаная яна валянтэрамі Магілёўскага таварыства абароны жывёл. У ёй засьцерагаюць тых, хто апякуецца жывёламі-беспрытульнікамі, каб іх гадаванцы не зьяўляліся ў дварах і гандлёвых аб’ектах. «Адстрэл» аргумэнтуецца прыездам прэзыдэнтаў.
У таварыстве сказалі, што такой абвесткі не выдавалі — і ня ведаюць, хто гэта зрабіў.
«Празь яе ў нас праблемы», — пракамэнтавала абвестку кіраўніца арганізацыі Сьвятлана Ярмоленкава.