Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэпартэры бязь межаў»: Каранавірусны крызіс пагоршыў сытуацыю са свабодай слова


Існуе дакладная карэляцыя паміж ціскам на свабоду сродкаў масавай інфармацыі ў адказ на пандэмію каранавірусу і рэйтынгам краіны ў штогадовым індэксе свабоды слова, апублікаваным на днях праваабарончай арганізацыяй «Рэпартэры бязь межаў».

«Пандэмія каранавірусу ілюструе нэгатыўныя фактары, якія пагражаюць праву на дакладную інфармацыю, і сама па сабе зьяўляецца фактарам пагаршэньня. Як будуць выглядаць свабода, плюралізм і дакладнасьць інфармацыі ў 2030 годзе? Адказ на гэтае пытаньне вызначаецца сёньня», — заявіў Крыстоф Дэлюар, генэральны сакратар «Рэпартэраў бязь межаў».

У падтрымку гэтай пэсымістычнай карэляцыі арганізацыя падае прыклады Кітаю (177-е месца ў індэксе), Ірану (173-у) і Іраку (162-е) — краінаў, якія моцна пацярпелі ад пандэміі ды адчувальна абмежавалі правы журналістаў на яе асьвятленьне.

Сёлета Беларусь заняла 153-ю з 180 пазыцый у індэксе, такую самую, як летась.

«Дзяржава ажыцьцяўляе поўны кантроль над усімі тэлеканаламі. Існуе некалькі незалежных СМІ, але многія вымушаныя базавацца за мяжой, і ўлады працягваюць перасьледаваць іх, асабліва польскую тэлевізію „Белсат“, хоць і менш, чым раней. (…) Выданьні, якіх раней шкадавалі, такія як Tut.by і інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, цяпер знаходзяцца пад прыцэлам уладаў. Тыя, каго ўлады трываюць, працягваюць барацьбу за выжываньне, бо яны пазбаўленыя як дзяржаўных субсыдый, так і рэклямы», — гаворыцца ў сёлетняй справаздачы.

Месцы суседзяў Беларусі ў сёлетнім індэксе свабоды прэсы ад “Рэпартэраў бязь межаў”: Польшча — 62-е, Літва — 28-е, Латвія — 22-е, Расея — 149-е, Украіна — 96-е.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG