Група навукоўцаў, якая адкрыла новы від зьмяі, дала ёй імя аднаго з заснавальнікаў Школы вядзьмарства і чараўніцтва «Хогвартс» з сэрыі кніг брытанскай пісьменьніцы Джоан Роўлінг — Салазара Сьлізэрына. Апісаньне новай зьмяі, Trimeresurus salazar, апублікавана ў красавіцкім нумары часопісу «Зоасыстэматыка і эвалюцыя».
Атрутную зьмяю знайшлі ў паўночна-ўсходнім індыйскім штаце Аруначал-Прадэш. У навуковым артыкуле падкрэсьліваецца, што чараўнік, у гонар якога яна атрымала імя, меў здольнасьць гаварыць са зьмеямі. Гэта была адна з самых вядомых адметнасьцяў Салазара Сьлізэрына, таму ў сусьвеце «Гары Потэра» факультэт, названы імем чараўніка, мае на гербе серабрыстую зьмяю на зялёным фоне.