У сталіцы рэспублікі Паўночная Асэтыя, Уладзікаўказе, некалькі соцень чалавек у панядзелак выйшлі на «народны сход» — ня ўзгодненую з уладамі акцыю пратэсту.
Людзі пратэстуюць супраць дзеяньняў уладаў рэспублікі, якая зьяўляецца часткай Расейскай Фэдэрацыі, ва ўмовах эпідэміі каранавірусу. Яны сьцьвярджаюць, што іх недастаткова інфармуюць пра сытуацыю. Гучаць лёзунгі супраць рэжыму «самаізаляцыі» і за адстаўку кіраўніка Паўночнай Асэтыі Вячаслава Бітарава.
Былі затрыманыя некалькі ўдзельнікаў акцыі пратэсту, у тым ліку двое арганізатараў.
Многім удзельнікам сходу, аднак, удалося дайсьці да цэнтральнай плошчы. Да іх выйшаў кіраўнік рэспублікі і заклікаў сядзець дома, каб змагацца з эпідэміяй. Бітараў паабяцаў, што ўсіх затрыманых вызваляць. Людзей ён не пераканаў — прысутныя надалей патрабавалі ягонай адстаўкі.
Разысьціся заклікалі таксама кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў рэспублікі і іншыя прадстаўнікі ўладаў. Потым паліцыя пачала выціскаць людзей з плошчы, некаторыя ўдзельнікі акцыі пратэсту пачалі кідаць камяні.
Выйсьці на акцыю пратэсту заклікаў апазыцыйны грамадзкі дзеяч Вадзім Чэльдзіеў, былы опэрны сьпявак, які жыве ў Пецярбургу. Ён распаўсюджваў у сацыяльных сетках звароты, у якіх, у прыватнасьці, выступаў супраць рэжыму самаізаляцыі. Ва Ўладзікаўказе супраць яго завялі крымінальную справу, абвінаваціўшы ў пашырэньні ілжывых навін пра каранавірус. Чэльдзіева затрымалі ў Пецярбургу.
Паводле афіцыйных зьвестак, у Паўночнай Асэтыі цяпер 145 заражаных каранавірусам, два чалавекі памерлі.