У вёсцы Рухча Столінскага раёну адбылася незаконная «рэканструкцыя» старажытнай царквы, паведаміў БелТА прадстаўнік Берасьцейскага аблвыканкаму Арцём Брухан.
Драўляная царква ў гонар Нараджэньня Багародзіцы XVIII стагодзьдзя ўнесеная ў дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, мае там ІІ катэгорыю. У будынку, як пішуць, спалучаліся элемэнты народнага дойлідзтва і барока. Уласьнікам значыцца царкоўны прыход.
Без належнага дазволу, праекту і ўзгадненьня матэрыялаў царкву абшылі вагонкай і замянілі вокны на плястыкавыя. Брухан сьцьвярджае, шт раней у вобласьці такія выпадкі выяўлялі часьцей, але «цяпер гэта рэдкасьць».
Цяпер аблвыканкам рыхтуе матэрыялы для складаньня пратаколу аб адміністрацыйным парушэньні.