Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палохалі, што дзіця можа заразіцца і займець пнэўманію». Гісторыі жанчын, якія нарадзілі ў часы каранавірусу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Шмат цяжарных хварэюць на пнэўманію, бранхіт, ВРВІ. Дактары стараюцца, але, акрамя лячэньня, ім даводзіцца яшчэ і супакойваць парадзіх, якія адмаўляюцца лячыцца ці рабіць рэнтген. Самаізалявацца не атрымліваецца — прыбіральня ў бясплатных палатах знаходзіцца ў канцы калідора.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Свабода сабрала некалькі гісторый жанчын, якія нядаўна нарадзілі.

Цяжарнасьць і роды — заўсёды хваляваньні і вялікі стрэс для жанчыны. А тут яшчэ трывожныя навіны — у Беларусі каранавірус пацьверджаны ў 10 цяжарных. Мэдыкі супакойваюць парадзіх, што пакуль няма доказаў таго, што каранавірус перадаецца ад маці дзіцяці. Паводле дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1», у краіне ўжо прынамсі тры жанчыны з COVID-19 нарадзілі — ува ўсіх дзеці здаровыя. Таксама няма пераканаўчых дадзеных і таго, што цяжарныя жанчыны адносяцца да групы рызыкі.

Галоўны спэцыяліст аддзелу дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Людміла Кеда падчас брыфінгу 14 красавіка патлумачыла, што цяжарныя з COVID-19 будуць нараджаць у адмысловых ізаляваных боксах у трэцяй і шостай радзільнях сталіцы, для іх адвядуць аддзяленьні ў рэгіёнах, і таму інфікаваныя цяжарныя ніяк ня будуць перасякацца зь іншымі парадзіхамі. Таксама мэдыкі нагадалі, што ў мэдычных установах карантын, забаранілі наведваньні і не дазваляюцца партнэрскія роды. Таму жанчыны яшчэ больш нэрвуюцца, перажываюць дадатковы стрэс і хваляваньні. Імёны гераіняў на іх просьбу зьмененыя.

Гісторыя Дар’і, якая перад родамі перахварэла на пнэўманію

Дар’я нарадзіла другое дзіця ў радзільні 1-га клінічнага шпіталя 19 сакавіка, калі сытуацыя была крыху больш спакойная.

Паводле мэдычных паказаньняў жанчыне плянавалі рабіць кесарава сячэньне. На 38-м тыдні цяжарнасьці ёй трэба было легчы ў шпіталь. У жанчыны крыху балела горла, быў закладзены нос. Яе паклалі спачатку ў аддзяленьне абсэрвацыі ў радзільню № 1. Паставілі дыягназ «вострае рэсьпіраторнае віруснае захворваньне», пачалі лячыць. Адчувала сябе Даша някепска, але аналізы былі дрэнныя. Праз пару дзён абсьледавалі, выявілася, што ў жанчыны пнэўманія. Яе тэрмінова перавялі ў трэцюю радзільню (цяпер там ляжаць цяжарныя жанчыны з каранавірусам).

«Мяне паклалі ў трэцюю радзільню 6 сакавіка, калі ў Менску ўжо быў адзін выпадак каранавірусу. У прыёмным аддзяленьні запыталіся: „З кітайцамі кантактавалі?“. „Не“, — адказала я. Тады пра Італію яшчэ нават і ня згадвалі.

На першым паверсе ў абсэрвацыі ляжалі людзі з ВРВІ, бранхітам, а таксама 6 чалавек з пнэўманіяй. У калідорах вельмі моцныя ачышчальнікі паветра. Санітаркі вельмі стараліся, па некалькі разоў на дзень мылі аддзяленьне, вельмі цёпла ставіліся да цяжарных.

Аддзяленьне невялікае — 25-30 палат, але там толькі дзьве прыбіральні на ўсіх. У палатах ад 2 да 4 чалавек. Зразумела, калі выходзіш у калідор, баісься сутыкнуцца з кім-небудзь інфікаваным», — дзеліцца Дар’я.

Лекары паводзілі сябе спакойна, а хворыя пэрыядычна панікавалі, што, маўляў, некага прывезьлі з каранавірусам.

«Дактары жартавалі: » У страху вялікія вочы. Мы вас вылечым«. Дактароў шкада, таму што, акрамя таго, што яны павінны лячыць, яны яшчэ павінны супакойваць. Ёсьць цяжарныя, якія адмаўляліся лячыцца, адмаўляліся ад рэнтгену. А ўскладненьні разьвіваюцца вельмі хутка. Ад моманту, калі ў мяне забалела горла, да дыягназу «пнэўманія» прайшло менш за тыдзень, — успамінае жанчына.

З пнэўманіяй у трэцяй радзільні Дар’я праляжала 11 дзён. Калі яе пераводзілі ў першую, заставаўся яшчэ лёгкі кашаль, але пнэўманію нібыта вылечылі.

«Спэцыялісты добрыя, мяне вельмі хутка, якасна і спакойна пралячылі. У мяне быў вялікі тэрмін цяжарнасьці — 38 тыдняў, натуральна, я хвалявалася за дзіця, каб яму не нашкодзіць. Падбіралі правільныя лекі, якія бясьпечныя і для дзіцяці, і для мяне».

17 сакавіка Дар’ю перавялі ў абсэрвацыю першай радзільні, дзе ёсьць палаты з прыбіральнямі, але ня ўсе, і многім жанчынам даводзілася па некалькі разоў на дзень хадзіць агульным калідорам. Было даволі трывожна.

19 сакавіка ў жанчыны нарадзілася дзяўчынка.

«Вядома, усе мы баяліся каранавірусу. Я ўяўляю, як яго баяцца цяжарныя цяпер, калі вядома ўжо пра столькі выпадкаў, як бы іх не суцяшалі, ні заспакойвалі дактары.

Мяне палохала, калі дактары казалі, што дзіця пры нараджэньні можа заразіцца і таксама мець пнэўманію. Казалі, „інтэнсіўна палашчы горла і пагаджайся на лячэньне, каб пасьпець вылечыцца да родаў і не заразіць дзіця“. Гэта, безумоўна, уплывае на стан здароўя, на псыхіку. У трэцяй радзільні палаты фармавалі паводле сымптомаў: з ВРВІ ў адной, з бранхітам — у другой, з пнэўманіяй — у трэцяй. У першай радзільні гэтага не прытрымліваліся і было страшнавата. Калі сядзелі ў чарзе на іньекцыі, мы параўноўвалі сымптомы: усім з бранхітам і пнэўманіяй дзіка балела горла, мы падазравалі, што ўсё магло быць. Мазкі ў мяне ўзялі, але пра вынік тэсту нічога не сказалі», — кажа Даша.

Пры пераводзе з адной радзільні ў другую жанчыне паставілі дыягназ «вірусная пнэўманія», а ўжо пры выпісцы напісалі «неўдакладненая пнэўманія».

Цяпер жанчыне трэба наведаць тэрапэўта, але яна асьцерагаецца ісьці ў паліклініку.

Гісторыя Каці, якая плянавала нараджаць у Вільні, але давялося тэрмінова рабіць кесарава сячэньне ў Менску

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Каця нарадзіла сына 7 красавіка. Плянавала нараджаць у Вільні, зьезьдзіла з мужам туды, але ў сувязі з пандэміяй закрылі межы. Нараджаць давялося ў сталічнай радзільні 5-й клінікі.

«Я чалавек, які ня любіць сытуацыі, якіх я не магу кантраляваць. Таму заўсёды распрацоўваю некалькі плянаў. Першапачаткова мы разглядалі партнэрскія роды ў Вільні. Адна мая сяброўка першае дзіця нараджала платна ў Менску, а другое ўжо ў Вільні бясплатна, бо выйшла замуж за літоўца. Яна казала, што нельга параўнаць бясплатныя роды ў Вільні і платныя тут. Роды ў Менску яна наагул успамінаць ня хоча», — так патлумачыла свой выбар Каця.

Тым больш што ў грашах была невялікая розьніца. У Менску платныя партнэрскія роды абышліся б прыкладна ў 1 тысячу рублёў, у Вільні — ад 700 да 1200 эўра.

«На пачатку лютага паехалі ў Вільню. Нас вельмі прыязна сустрэлі, правялі экскурсію, усё паказалі — палаты, радзільныя залі, нават джакузі, усё патлумачылі. Мы былі вельмі ўражаныя тым, што пабачылі, і ўжо шукалі жытло ў Вільні», — расказала жанчына.

І ўсё ж вырашылі перастрахавацца, пашукаць альтэрнатыўныя варыянты партнэрскіх родаў у Менску. Спачатку паехалі ў абласную радзільню.

«Нам нас сустрэлі з прэтэнзіямі: чаму вы праходзілі курсы партнэрскіх родаў ня ў нас, мы яшчэ ня ведаем, ці хочам заключаць з вамі дамову. Склалася ўражаньне, што яны будуць за роды мне даплачваць, а ня я ім.

Вырашылі схадзіць яшчэ ў пятую радзільню. Экскурсіі там платныя: 15 рублёў 82 капейкі з чалавека, але трэба яшчэ чакаць, каб сабралася група. Тыдзень чакалі.

Там ужо ўражаньні былі лепшыя, бо радзільня новая, сучасная. Заключылі дамову на платную палату, на партнэрскія роды, знайшлі доўлу» (памочніцу пры родах. — РС), — расказвае Каця.

Спачатку зьявілася навіна пра тое, што беларускія радзільні адмяняюць партнэрскія роды. Патэлефанавалі ў Вільню — там тое самае. А праз тыдзень закрылі межы. Стала зразумела, што нараджаць давядзецца ў Менску.

«У мяне пачалася паніка, я моцна нэрвавалася. Першае ж дзіця, хацелася, каб усё прайшло добра. Але атрымалася ўсё вельмі нэрвова, на стрэсе», — успамінае жанчына.

7 красавіка, калі Каця прыехала ў пятую радзільню, там утварылася чарга з жанчын, якіх тэрмінова перанакіравалі з «шасьцёркі», і жанчын, якія і раней плянавалі нараджаць у «пяцёрцы».

«І ў прыёмным аддзяленьні, і ў радзільні была паніка, вялікі канвэер людзей. Мы плянавалі, што будзем з мужам у сямейнай палаце, каб пасьля нараджэньня дзіцяці ўсе былі побач. Натуральна, праз карантын гэта стала немагчыма. І без падтрымкі мужа ўсё аказалася няпроста.

Урэшце мне зрабілі экстранае кесарава сячэньне. Нарадзіла хлопчыка. Лекары ўсё зрабілі прафэсійна. Яны ўмеюць добра працаваць».

Але што да стаўленьня пасьля родаў, лекары паводзяць сябе даволі нэрвова, ім няма часу на парадзіх, мяркуе жанчына.

«Спагады, спачуваньня ад іх не дачакаесься. Ім няма часу патлумачыць, што яны прапісалі, якія патрэбны лекі, працэдуры, навошта. Вельмі баліць шво пасьля апэрацыі, а трэба залазіць на крэсла, ты стогнеш. Гэта выклікае толькі раздражненьне. Дзіцяці было менш за суткі, а я не разабралася, як карміць, дзіця крычыць. Прыходзіць пэдыятар, і я чую шмат прэтэнзій, што я не падрыхтаваная, што „мамачка ня ў вобразе“.

Але вельмі ўразіла стаўленьне сярэдняга і малодшага пэрсаналу. Яны і супакойвалі, і ўсё расказвалі. Акушэрка патлумачыла: вам прапісалі антыбіётык, але ня бойцеся, ён абсалютна бясьпечны і для вас, і для дзіцяці». Вельмі душэўныя і спагадлівыя сястрычкі», — успамінае маладая маці.

Каранавірус абмяркоўваюць усе. Размовы розныя, як і ў краіне — дзьве палярныя думкі: адны панікуюць, другія кажуць, што ўсё гэта несур’ёзна, зазначае жанчына.

13 красавіка, праз 6 дзён пасьля апэрацыі, Кацю выпісалі. Фатографам можна здымаць у пакоі для выпіскі, яны ў масках, пальчатках. Сустракаць парадзіх прыходзіць шмат сваякоў, кажа Каця.

«Але ў пальчатках і масках былі толькі мае сваякі».

Гісторыя Меланы, якой бракуе ўвагі мэдыкаў

Ілюстрацый1нае фота. Мэдыкі шостага клінічнага шпіталя Менску ў ахоўных касьцюмах
Ілюстрацый1нае фота. Мэдыкі шостага клінічнага шпіталя Менску ў ахоўных касьцюмах

Мелана чакала першае дзіця, шпіталізацыю прызначылі на 7 красавіка. Літаральна за дзень ёй патэлефанавалі, што, маўляў, 6-ю радзільню закрылі. І прапанавалі на наступны дзень ехаць у радзільню пры 1-м шпіталі.

«У прыёмным аддзяленьні нас з мужам сустрэлі мэдыкі ў масках, пальчатках, акулярах. Але мужа туды не пусьцілі — нельга староньнім, ветліва папрасілі пакінуць памяшканьне», — расказала жанчына.

Адразу памералі тэмпэратуру, зрабілі агляд і накіравалі ў аддзяленьне. Там супрацоўнікі ў поўным рыштунку: у масках, акулярах, пальчатках. На абход лекары прыходзілі ў сродках засьцярогі. Паўсюль антысэптыкі, антыбактэрыяльнае мыла.

«Мяне аформілі ў платную палату. У дародавай палаце па дзьве жанчыны, пасьляродавай — можна па дзьве, можна па адной.

А ў бясплатных палатах па 3 чалавекі, там цеснавата. Да таго ж у бясплатных палатах прыбіральняў няма, трэба ісьці ў канец калідора, даводзіцца пастаянна мыць і апрацоўваць рукі. Антысэптыкі ёсьць паўсюль.

Хадзіць у масках нас ніхто не прымушае, але ўсе ходзяць у масках, хоць гэта ня вельмі зручна, душна, цяжка дыхаць», — кажа Мелана.

12 красавіка Мелана нарадзіла дачку. Немаўлятка здаровенькае, дзяўчынку адразу пакінулі ў палаце разам з мамай.

«Нікуды з палаты не выходзім. Праўда, даводзіцца ісьці праз калідор на пост некалькі разоў на дзень, каб памераць тэмпэратуру, таксама ў іншыя кабінэты на працэдуры. Абеды прыносяць у палату — у сталоўку ня ходзім.

Мэдыкі прыходзяць у палату, паказваюць, якія практыкаваньні рабіць, каб хутчэй аднавіцца», — кажа Мелана.

Ніякіх размоваў пра каранавірус дактары не вядуць. Атмасфэра больш-менш спакойная, лічыць жанчына.

«Я б не сказала, што людзі чагосьці баяцца. Ніхто не панікуе, усе больш-менш спакойныя — і лекары, і парадзіхі.

Не хапае, вядома, увагі мэдыкаў. Мы разумеем, што на лекараў вялікая нагрузка, ім няма калі. Сюды накіроўваюць зь іншых радзільняў. Дзіця ў мяне першае, хацелася б распытацца больш падрабязна, але разумею, што лекару няма калі.

На фоне гэтай сытуацыі вельмі хвалююся, як будзем выпісвацца, каб пазьбегнуць кантактаў. Мару хуценька спусьціцца з дачкой, скокнуць у машыну і зьехаць хутчэй з радзільні. Мне здаецца, што значна спакайней будзе дома», — кажа жанчына.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG