У Паўднёвай Карэі ў сераду прайшлі парлямэнцкія выбары — пры захаваньні строгіх мер засьцярогі з прычыны эпідэміі каранівірусу.
За галасаваньнем пільна сачылі ва ўсім сьвеце, паколькі многія краіны з прычыны пандэміі вымушаныя мяняць свой палітычнае парадак дня, адзначае агенцтва Reuters.
Экзыт-полы прадказваюць перамогу кіруючай партыі прэзыдэнта Мун Чжэ Іна, якога наперадзе чакаюць яшчэ два гады на пасадзе кіраўніка дзяржавы.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У цэлым па краіне працавалі 14 тысяч выбарчых участкаў. Усе яны былі прадэзінфікаваныя. Выбаршчыкаў абавязалі мець пры сабе ахоўныя маскі, антысэптыкі і пальчаткі для рук. Ва ўсіх, хто прыходзіў галасаваць, кантралявалі тэмпэратуру цела.
Рэйтынг прэзыдэнцкай Сумеснай дэмакратычнай партыі прыкметна вырас — на фоне посьпехаў ўраду ў барацьбе з каранавіруснай інфэкцыяй. Мун Чжэ Ін і яго прыхільнікі могуць атрымаць 177 з 300 дэпутацкіх крэслаў.
Усплёск COVID-19 у Паўднёвай Карэі некалі лічыўся самай сур’ёзнай успышкай захворваньня за межамі Кітаю. Цяпер жа штодзённы прырост хворых у краіне складае каля 30 чалавек. Такія дадзеныя кантралюючыя органы атрымлівалі ўвесь апошні тыдзень. Пры гэтым большасьць новых заражэньняў — гэта завазныя выпадкі. У цэлым каранавірусам у Паўднёвай Карэі заразіліся каля 10 з паловай тысяч чалавек, памерлі — 229. Улады адначасова папярэджваюць, што ў любы момант можа пачацца новая хваля захворваньня, таму неабходна строга прытрымлівацца ўсіх мэдычным прадпісаньняў.
Яўка на выбарах склала больш за 66 адсоткаў. Гэта самая высокая яўка з часоў парлямэнцкіх выбараў у Паўднёвай Карэі 1992-га году.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ