Ад 15 красавіка ў Маскве ўводзяць «прапускны рэжым» — у расейскай сталіцы прыпыняюць працу некрытычных прадпрыемстваў і арганізацыяў, выдаюць адмысловыя пропускі для перасоўваньня па горадзе. Да таго, сьцьвярджаюць улады, шмат людзей не прытрымлівалася «хатняга рэжыму ізаляцыі».
Фармальна ў Маскве раней не абвяшчалі татальны карантын у сувязі з пандэміяй каранавірусу, але «рэжым хатняй ізаляцыі» быў абавязковым, а парушальнікаў штрафавалі.
Ды, як сьцьвярджае маскоўскі апэратыўны штаб барацьбы з каранавірусам, на 10 красавіка 3,5 млн чалавек выходзілі з дому на больш як 6 гадзінаў, і толькі 4,4 млн знаходзіліся дома. Паводле штабу, гэтыя 3,5 млн нясуць пагрозу заражэньня 6–9 млн сваіх сяброў і родных.
Зьвесткі сабралі праз аналітыку геалякацыі ад сотавых апэратараў. Колькі людзей агулам прааналізавалі, не ўдакладняецца. Але насельніцтва Масквы — каля 12,7 млн чалавек (паводле падлікаў «Росстат»), што значыць, што працяглы час не былі дома каля 27,6% масквічоў.
На 12 красавіка ў Расеі зафіксавалі 15 770 выпадкаў COVID-19 (і рэкордныя 2186 новых выпадкаў за адзін дзень), памерлі 130 чалавек. З гэтага ў Маскве было 10 158 выпадкаў і 72 сьмерці.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.